НАРОДНЫ КАЛЯНДАР. ЛЮТЫ

Общество

Распачаўся другі месяц года. «Пытаецца люты, ці добра ногі абуты» — гаворыць прыказка. I сапраўды, зіма ў гэтую пару звычайна ў самай сіле. Па стану лютага прадказвалі калісьці будучае надвор’е. Напрыклад, калі стаіць востры мароз, зіма павінна працягвацца нядоўга.

2 лютага. Яўхім, Лаўрын, Іна, Рыма. Каталіцкія Грамніцы. «Калі на Яўхіма сонечна ў поўдзень, то гэтак будзе да ранняй вясны. Калі завіруха, то на ўсю Масленіцу завіруха».

6 лютага. Ксенія, Герасім. Прападобная Ксенія, якая нібыта дзяліла зіму папалам, звалася ў народзе Аксінняй-паўзіміцай. Кепскае надвор’е ў гэты дзень сведчыла аб працягласці зімы. Як пераконвалі сялянскія назіранні, «калі на Аксінню дарогу перамяце, то і корм падмяце» — г. зн. зіма затрымаецца і хатняя жывёла паесць усе нарыхтаваныя яе запасы.

11 лютага. Ігнат, Лаўрын, Герасім, Раман, Якуб, Юльян, Сіліван. Пакутнік Ігнат прыходзіўся на пару, калі зіма была яшчэ ў поўнай сваёй красе. Аднак знаходзячыся, паводле старога календара, на мяжы студзеня і лютага, гэты дзень як быццам падаваў руку пераломнаму святу зімы — Грамніцам: «На святога Ігната зіма багата, а Ігнат — Грамніцам рад».

12 лютага. Дзень Трох свяціцеляў (Васіля Вялікага, Рыгора Багаслова і Іаана Залатавуста). Калі мужчыны на Магілёўшчыне і на Усходнім Палессі дазвалялі сабе працаваць «кала двара» і «ўзяць кілішак», то жанчыны адзначалі свята строга: «Нельга жлукціць, нельга праць бялля, нельга прасці».

14 лютага. Трыфан. Калі начное неба было зорнае — гэта ўспрымалася як паказчык на познюю вясну. Па хатах сяляне рабілі свечкі, таму што назаўтра, у дзень Грамніц, адбывалася іх асвячэнне. Трыфан, які папярэднічае гэтаму святу, называўся ў народзе Грамнічным бацькам.

15 лютага. Грамніцы, альбо Стрэчанне. Першая назва свята, як мяркуюць, пайшла ад язычніцкага бога Грамоўніка, якому прыпісвалася ўтварэнне веснавых навальніц і дажджоў. Пасля гэтага дня павінна была ўпасці ўлада змрочных бостваў зімы: «На Грамніцы — паўзіміцы» або «Як прыйдуць Грамніцы — скідай рукавіцы». У засеках памяншаўся запас збожжа, і гэты святочны дзень таксама выступаў у гаспадарцы са сваёю меркаю: «Грамніца — хлебу палавіца». Другую назву — Стрэчанне, якая паходзіла ад царкоўнага «Сретенье», народ тлумачыў як сустрэчу зімы з вясною.

Не дзіўна, што гэта пераломнае свята звязана з шэрагам метэаралагічных прыкмет. Найбольш пашыраная з іх выкарыстана ў паэтычнай мініяцюры: «Калі на Грамніцы певень з-пад страхі нап’ецца вадзіцы, то на Юр’я — вол пад’есць травіцы». Калі ж на Грамніцы здараўся вялікі мароз — снег павінен быў праляжаць нядоўга, а вясна і лета не абяцалі нічога добрага. Грамнічная мяцеліца прадказвала, што вясна затрымаецца даўжэй, чым звычайна. Рэзкае пацяпленне надвор’я не давала селяніну разлічваць на прыбытак у полі і на агародзе: «Як на Грамніцы адліга — з ураджаю будзе хвіга». Пры адсутнасці адлігі можна было спадзявацца на пагодлівае, сухое лета. На Беларусі гэта свята знамянальна такім абрадам, як асвячэнне свечак у царкве. Грамнічныя свечкі (або проста «грамніцы») асабліва шанаваліся ў народзе — іх запальвалі з вераю ў дапамогу падчас навальніц, каб маланка не спаліла хату; іх давалі цяжка хвораму ў час канання, каб полымя асвятляла таму шлях на той свет, ачышчала душу ад грахоў.

18 лютага. Агаф’я (Агата), Хвядос, Макар. Калісьці на Валожыншчыне ў гэты дзень у царкву прыносілі асвячаць хлеб з уторкнутымі драбочкамі солі — лічылася, што ён «памоцны» карове, якой чаплялі яго на рогі, «каб сурокаў не баялася». Пры пажары кідалі гэты хлеб у агонь, каб ён патух, ці ў чыстае поле, каб туды скіраваўся вецер. Такое павер’е замацоўвалася і ў адпаведнай прыказцы: «Соль святой Агаты бароніць ад агню хаты».

19 лютага. Вукола, Іван, Фоцій, Дарота, Хрысціна, Максім, Мар’ фа, Марыя. Імя Вукола блізкае па вымаўленню такому распаўсюджанаму сярод сялян міфічнаму паняццю, як «ваўкалак» — пярэварацень. Гэта сугучнасць і нарадзіла павер’е, нібыта Вукола з’яўляецца ахоўнікам ад ператварэння чалавека ў ваўкалака.

22 лютага. Нічыпар, Інакенцій, Панкрат, Генадзь, Маркел. У каталіцкім календары — Пятро. «Калі на Пятра цёпла — зіма працягнецца да Вялікадня».

24  лютага. Аўлас, Усевалад, Дзмітры. Аўласа народ лічыў апекуном свойскай жывёлы, а яго дзень адпаведна — каровіным ці конскім святам.

Падрыхтавана па сайтах інтэрнэта.

Фота Эмы МІКУЛЬСКАЙ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *