Яго вялікасць хлеб

Общество

Добры дзень, паважаная рэдакцыя!

Наведала ўчора школу, пагутарыла з дзецьмі, без якіх сумую. Яны расказвалі пра хлеб! Расказвалі шчыра! Разважалі па-даросламу! Гэта натхніла мяне падзяліцца з чытачамі нашай размовай.

Наталля СІВАК, в. Заполле (колішняя настаўніца)

Пахне хлебная скарынка

Цёплым ветрыкам,

хваінкай,

Лугам, полем аржаным.

І асенняй пазалотай,

І рупліваю работай.

Адчулі пах духмянай

гарбушкі?

А. Дзеружынскі

Хлеб. Праца, Радзіма. Гэтыя паняцці непадзельны. Чалавек стаў сапраўдным працаўніком і атрымаў упэўненасць у заўтрашнім дні, калі пачаў пахаць, сеяць, жаць. З даўніх часоў гавораць: «Колькі не думай, лепш за хлеб не прыдумаеш». Булкі на дрэвах не растуць — аб гэтым ведаюць усе. Але як часта мы забываем , што такая звыклая і даступная булка, ці луста ржанога хлеба ўвабрала вялікую працу. Не аднаго, ні двух, ні трох чалавек. Працу народа, працу многіх пакаленняў.

Менавіта для вырашэння гэтай задачы 4 студзеня 2012 года Ў Запольскай школе было прынята рашэнне аб стварэнні Музея Хлеба. Пачатак гэтай важнай справе палажыла Алена Паўлаўна Аўраменка, цяпер ужо былы дырэктар школы, чалавек няўрымслівы, творчы. Яна па магчымасці аформіла за кароткі тэрмін выдзелены пакой. Асабліва адзначу, што ўсе гэта збіралася на працягу многіх гадоў вучнямі і настаўнікамі. Я не буду пераказваць мэты і задачы, пастаўленыя сёння перад музеем. Яны гучаць даволі суха, як афіцыйная даведка аб статусе любога музея. На самай жа справе, галоўная задача  Музея Хлеба — навучыць падрастаючае пакаленне беражліва і паважліва адносіцца да хлеба, шанаваць і услаўляць працу хлебароба, лічыць яе пачэснай і ганаровай. Гэта немагчыма зрабіць толькі зборам экспанатаў. Экспазіцыя любога музея мае, на мой погляд, два аспекты: прыкладны і пазнавальны. Канешне, мастацка-эстэтычнае афармленне павінна быць  напоўнена адметным густам мясцовага каларыту. Але галоўнае, сабраць, сістэматызаваць, зрабіць даступным для кожнага ўзросту  тэарэтычны матэрыял пра хлеб і працу хлебароба. Асаблівую ўвагу надаць вывучэнню хлебаробскай справы ў сваей мясцовасці, наладзіць супрацоўніцтва з АПК «Запольскі». Найлепшымі экскурсаводамі павінны стаць Хлебаробы. Тым больш, што кожнае лета вучні  ахвотна дапамагаюць гаспадарцы ў час жніва. І таму многія не на словах ведаюць, які вялікі шлях праходзіць хлебнае зерне, каб стаць боханам на стале. Старшакласнікі па-даросламу разумеюць: каб пазнаць пах  хлеба, мала  з’есці лусту з маслам ці варэннем у хаце ці ў школьнай сталоўцы. Трэба яшчэ паспрабаваць «хлеб з расою» — той хлеб, які ядуць у полі пасля натхнёнага працоўнага дня.  Зацікавіць дзяцей гэтым можна толькі тады, калі яны самі прымаюць удзел у гэтай справе.  Калі яны задаюць пытанні і самі шукаюць на іх адказы.  Вось, як  у гэтым вершы.

Хлапчук маленькі

запытаўся ў маці:

Адкуль, скажы бярэцца

хлеб ў хаце?

Яго не бачыў я на градах

летам

І не сустрэў на лузе

сярод кветак.»

«Сыночак, любы, —

адказала маці —

Хлеб на стале бярэцца

з працы.

Як падрасцеш,

мае ўспомніш словы.

Сам станеш хлебаробам

адмысловым.

Жытнёвай хваляй будзеш любавацца,

І песняй стане хлебароба праца.»

Бо нездарма ж здавён

казалі людзі:

«Калі ёсць хлеб,

тады і песня будзе!»

Трэба адказаць так, каб дзеці сэрцам зразумелі адказ: «Хочаш есці калачы, дык не сядзі на пячы».

Сёняшняя загадчыца музея Святлана Адамаўна Дзенісевіч — школьны псіхолаг — расказвае: «Усе, што зараз вы бачыце, яшчэ цяжка назваць музеем. Але мы плануем  накапленне тэарытычнага, навучна-метадычнага і практычнага матэрыялу,  збор і апісанне прадметаў побыту. На другім этапе магчыма правядзенне выхаваўчых мерапрыемстваў, распрацоўка і правядзенне экскурсій. Дзеці з цікавасцю ставяцца да такой работы. Ужо праведзена першае мерапрыемства для вучняў пачатковых класаў. Праз інсцэніраванне казкі «Легкі хлеб» малышы даведаліся, што хлеб не бывае легкім. Яны эмацыянальна ўспрымалі паводзіны воўка, падбадзёрвалі яго, хваляваліся і радаваліся. «Артысты» ўжо просяць новых роляў.  Рыхтуецца  музычна-літаратурная кампазіцыя, прысвечаная Яго Вялікасці Хлебу. Запрашаем на свята!»

А я запрашаю дарослых падтрымаць гэткае пачынанне. У школе і дзіцячым садку, дома і ў гасцях вучыце дзяцей берагчы хлеб,

Як найважнейшую

з патрэб.

Народ назваў, відаць, таму

Хлеб галавою ўсяму!

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *