ДОМ З ЧЫРВОНАЙ ЗОРКАЙ

Общество

“Набліжаецца 95-годдзе Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Калі ласка, змясціце на старонках газеты гэты матэрыял. Ветэрану будзе асабліва прыемна, бо ў яго 23 лютага Дзень нараджэння.

З павагай — Петр САКАЎ”

Салдаты Вялікай Айчыннай… З кожным годам іх становіцца ўсё менш. Няўмольны час бярэ сваё. Навечна пакідаюць нас жывыя сведкі і ўдзельнікі тых суровых ваенных гадоў.

У кожнага з іх свая біяграфія, свой лёс. І цяжкія выпрабаванні. Ім ёсць што сказаць пра вайну. Але, на вялікі жаль, яны не ў поўнай меры змаглі ў свой час занатаваць для гісторыі, для будучых пакаленняў, іх аповеды, успаміны. Таму, пакуль не позна, пакуль яны, сівыя ветэраны той вялікай вайны яшчэ побач з намі, мы павінны гаварыць і пісаць пра іх не толькі ў святочныя дні. Бо яшчэ далёка не ўсё расказана пра мужнасць, гераізм і патрыятызм абаронцаў Айчыны таго часу. А між тым, засталіся ўжо лічаныя ўдзельнікі вайны. Апошні ветэран і ў вёсцы Новая Ніва былога Хутарскага, а зараз Калодзежскага сельсавета. Пра тое, што тут жыве былы ўдзельнік Вялікай Айчыннай, нагадвае чырвоная зорка на фасадзе яго дома.

Мне даўно хацелася сустрэцца з гэтым цікавым, мудрым чалавекам, каб расказаць пра яго чытачам газеты. Але як часта бывае, усё нешта не хапала часу. І вось мы сядзім ва ўтульным, дагледжаным доме Івана Мікалаевіча Мірановіча. Свой расповед  ён пачынае пра нялёгкае маленства. Нарадзіўся 23 лютага 1926 года. У 1932-ім, калі хлопчыку споўнілася толькі  шэсць гадоў, сям»ю напаткала вялікае гора — памёр бацька. У доме засталося чацвёра непаўналетніх дзяцей. З маленства Ваня дапамагаў маці па гаспадарцы, на летніх канікулах пасьвіў калгасных кароў. У школе вучыўся старанна. Пасля заканчэння Хутарскай сямігодкі марыў вучыцца далей. Але грымнула  вайна. Хлопец-падлетак падтрымліваў сувязь з партызанамі , пераводзіў іх патаемнымі сцяжынкамі цераз шашу, збіраў зброю. Шмат разоў са сваімі равеснікамі разбураў драўляныя масты ля шашы каля вёсак Карпілаўка і Стары Пруд.

Аднойчы ноччу ў хату прыйшлі два незнаёмыя мужчыны. Яны загадалі юнаку запрэгчы каня. Потым пагрузілі бочку газы (русск.- керасін) і разам паехалі ў вёску Карпілаўка. Там паліва вылілі на мост і запалілі.

У 1944 годзе, калі Чырвоная Армія вызваліла наш раён, палявы ваенкамат прызваў Івана Мікалаевіча на фронт. Ішлі пешшу да Барысава, пасля трапіў у запасны полк пад Смаленскам. Адчуваўся вялікі патрыятызм. Многія байцы прасіліся хутчэй на фронт. Мірановіч трапіў ва Усходнюю Прусію паблізу горада Кёнінгсберга (зараз Калінінград), дзе капалі траншэі, рабілі абаронныя збудаванні.

Першае баявое хрышчэнне атрымаў на Сандамірскім плацдарме (г.Сандамір Польшча). Там ішлі жорсткія баі. Па словах Івана Мікалаевіча, зямля была  густа паліта крывёю нямецкіх і нашых салдат. Немцы нават крычалі ў рупар: «Рус, не страляй, дай сабраць забітых!» У адным з баёў Мірановіч быў паранены, лячыўся ў шпіталі.  Далейшы шлях артылерыста-наводчыка Івана Мірановіча разам з войскамі Першага Украінскага фронта ляжаў у Берлін. Артылерысты рыхтаваліся да адказнай аперацыі.  І вось настаў гэты час. Пачалася артылерыйская кананада. Як успамінае Іван Мікалаевіч, зямля дрыжэла ад разрываў снарадаў. Навокал стаяў суцэльны гул. Здавалася, што неба змяшалася з зямлёй. Гармата, камандзірам якой быў Мірановіч, за дзве гадзіны выпусціла на праціўніка 160 снарадаў. А такіх ствалоў было безліч. Цэлыя суткі пасля гэтага сам артылерыст быў як глухі.  Але ва ўсіх байцоў адчуваўся прыўзняты настрой. Кожнаму хацелася хутчэй трапіць у гітлераўскае логава. І вось надышоў той доўгачаканы дзень. 22 красавіка на світанку артылерыст Мірановіч у ліку першых савецкіх салдат трапіў у Берлін.  Дзесяць дзён (з 22 красавіка па 2 мая) знаходзіўся ён там. Ішлі кровапралітныя баі. Але ўжо адчуваўся час набліжэння перамогі. У кожнага байца было жаданне пабыць каля рэйхстага, які нагадваў у тыя дні муравейнік.  Апынуўся там і сержант Мірановіч.

2 мая выехалі з Берліна. На гэты раз франтавая дарога вяла ў Чэхаславакію. 8 мая чырвонаармейцы прыбылі ў Прагу. Нягледзячы на тое, што было толькі чатыры гадзіны раніцы, тысячы гараджан сустракалі з кветкамі савецкіх салдат.  Як гаворыць Іван Мікалаевіч, уся Прага была з самай раніцы на нагах. Людзі спявалі, танцавалі, вымаўлялі словы «таварыш», частавалі віном…

Тут і сустрэў Дзень перамогі наш зямляк. Каля двух тыдняў яго вайсковая часць знаходзілася ў Чэхаславакіі.  Усюды панавала атмасфера добразычлівасці і дружалюбных адносін.  Вечарамі ў клубе арганізоўвалі танцы, куды прыходзіла шмат мясцовай моладзі, дэманстравалі кінафільм «Зоя» (пра Зою Касмадзем»янскую), гулялі разам у футбол, абменьваліся сувенірамі і падарункамі, спявалі песні пра Сценьку Разіна,  «Тры танкісты» і іншыя. Затым вайсковая часць, у якой служыў чырвонаармеец Іван Мірановіч, была перабазіравана ў Аўстрыю. Там адбылася важная падзея — сустрэча з саюзнікамі, амерыканскімі салдатамі. Тут, як і ў Чэхаславікіі, таксама панавала добразычлівая абстаноўка: поціскі рук, сяброўскія абдымкі, абмен бірэтамі і пілоткамі,  паўсюдна гучалі словы «таварыш», «камрад». Здавалася, што на планеце назаўсёды ўсталяваўся мір. «Хто мог тады падумаць, — разважае ветэран, — што праз гады адносіны паміж дзвюма саюзніцкімі дзяржавамі будуць развівацца ў іншым накірунку…»

У хуткім часе Іван Мікалаевіч са сваімі аднапалчанамі  зноў вяртаецца ў Германію. Адтуль быў перапраўлены ў Савецкі Саюз і накіраваны ў Чалябінскае танкавае вучылішча, дзе праслужыў у Савецкай Арміі  яшчэ сем гадоў.  Толькі ў  1952 годзе ён дэмабілізаваўся і вярнуўся на Радзіму.

За праяўленую мужнасць і гераізм у гады Вялікай Айчыннай вайны Мірановіч ўдастоены шматлікіх урадавых узнагарод. Сярод іх — ордэн Славы трэцяй ступені, Ордэн Айчыннай вайны другой ступені, медалі «За адвагу», «За ўзяцце Берліна» , «За вызваленне Прагі» і іншыя.

У школьным музеі аформлены альбом «Нашы землякі — удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны», у якім ёсць старонка, прысвечаная шаноўнаму ветэрану Івану  Мікалаевічу Мірановічу.  Тут захоўваецца таксама падзяка Сталіна  з такім запісам: «…За отличные боевые действия при овладении  столицей Германии — Берлином, городом Дрезден и за освобождение столицы Чехословакии — города Праги Вам объявлена благодарность». Смаленшчына, Усходняя Прусія, Польшча, Германія, Чэхаславакія, Аўстрыя, Чалябінск… Куды толькі не кідала яго вайна. Па франтавых дарогах прайшоў амаль палову Еўропы.

Пасля дэмабілізацыі вярнуўся на Радзіму. Спачатку вучыўся ў Смілавічах. Затым былы артылерыст абраў мірную і ганаровую прафесію хлебароба. Шмат гадоў працаваў трактарыстам, брыгадзірам паляводчай брыгады, інжынерам у мясцовым саўгасе.  Працоўны стаж ветэрана складае 46 гадоў.

Зараз Іван Мікалаевіч на заслужаным адпачынку. Нягледзячы на сталы ўзрост, былы франтавік займае актыўную жыццёвую пазіцыю. Ён не ўяўляе сябе без працы:   пляце кошыкі, вяжа венікі, завіхаецца па дому.  На падворку — поўны парадак. Ён і сталяр выдатны. І бондар адмысловы. Колькі за сваё жыццё змайстраваў бочак, дзежак, цаброў, балеек і іншага драўлянага посуду! Усяму гэтаму рамяству яго навучыў свяшчэннік Андрэй Ляшкевіч, які пасля сталінскіх рэпрэсій у час вайны жыў у іх доме.

Іван Мікалаевіч неабыякава адносіцца да ўсяго, што адбываецца навокал, дае маладым слушныя парады, цікавіцца падзеямі ў рэспубліцы і за яе межамі. Радуецца поспехам і дасягненням нашай краіны. Ён шмат чытае кніг. А настольнай з»яўляецца дакументальная хроніка «Памяць. Чэрвеньскі раён».

З пагардай адносіцца ветэран  да той катэгорыі маладых людзей, якія ўхіляюцца  ад вайсковай службы, не хочуць працаваць, вядуць разгульны лад жыцця.

Добрым памочнікам, дарадчыкам  і, як кажуць ваенныя, надзейным тылам для франтавіка з»яўляецца яго спадарожніца па жыцці  жонка Любоў Іванаўна. 58 гадоў пражылі яны ў ладзе і згодзе. Разам дзялілі радасці і няўдачы, выхавалі траіх слаўных , дастойных сваіх бацькоў дзяцей, маюць шмат унукаў. Калі ў выхадныя ці святочныя дні яны прыязджаюць сюды, весела  ў доме Мірановічаў.

Глядзеў я на гэтых убеленых сівізной людзей і ў думках параўноўваў з парай галубкоў, якія ўвесь час рупліва завіхаліся адзін ля аднаго. Глядзеў і думаў: якое гэта вялікае шчасце — жыць у пары да глыбокай старасці.

Люты — адметны месяц у сям»і Мірановічаў. Сам гаспадар нарадзіўся 23 лютага. 19 лютага — дзень, калі яны пабраліся шлюбам.

Вось такі, на першы погляд, звычайны і ў той жа час незвычайны чалавек, салдат, ветэран вайны і працы жыве ў вёсцы Новая Ніва. Закончыць свой расказ мне хочацца радкамі з верша аднаго паэта:

Спасибо вам, ветераны,

Солдаты минувшей

войны…

Спасибо, родные, спасибо,

От тех, кто не знает

войны.

Петр САКАЎ,

старшыня пярвічнай ветэранскай

арганізацыі

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *