Сустракайце калядоўшчыкаў

Общество

Набліжаюцца Каляды — іх святкаванне пачнецца 6 студзеня. Тады ж на вуліцы выйдуць і першыя калядоўшчыкі.

Калядаванне — адметны абрад зімовага свята, якое зыходзіць  з часоў язычніцтва і доўжыцца аж да 19 студзеня. Штогод у ім прымае ўдзел Казімір МЕЗІН (на здымку). У шэрагу калядоўшчыкаў, многія з якіх — сябры народнага ансамбля народнай песні «Вербніца», ён абыходзіць чэрвеньскія дамы з песнямі-пажаданнямі ў адрас гаспадароў. За колькі год склаўся своеасаблівы «касцяк» групы, у які ўваходзяць сам Казімір Казіміравіч, Ніна Ціхановіч, Рыгор Корань і гарманіст-баяніст Міхаіл Шчэрбач. Да іх далучаюцца знаёмыя, якія могуць і праспяваць, і станцаваць, і прыказку-прымаўку да месца сказаць.

Калядаваць выходзяць пад вечар, пераапрануўшыся хто ў цыгана ці пірата, хто ў мядзведзя ці казу. Запрагаюць каня, садзяцца на павозку — і ў дарогу…

— Каб пакалядаваць, аднаго дня малавата, а каню цягацца — мнагавата, — жартуе Казімір Мезін. — Бывае, што падчас шэсця на воз садзіцца столькі народу, што і конь не цягне. Паспяваем абысці з дзесятак дамоў, нямала часу займае дарога. Калядуем у Чэрвені, у вёсках свае калядоўшчыкі. Хто нас чакае, хто — і веснічкі замыкае. Некаторыя сем’і лічаць за абавязак Каляду ўшанаваць. Адорваюць і салодкім, і горкім, і кіслым. Гасцінныя людзі запрашаюць у хату, да стала. Калі час не дазваляе, прыходзіцца ім адмаўляць. Колькі накалядуем — справа другасная, галоўнае — сам працэс: размова, песні, жарты…

У дзяцінстве, якое ён правёў у Калодзежах, Казіміру Мезіну даводзілася калядаваць з аднагодкамі двойчы. Апрануў кажух навыварат — вось і весь яго тагачасны касцюм. Аднак даспадобы вясковым падлеткам была іншая калядная традыцыя — здымаць варотцы.

— У мяне самога ў Чэрвені двойчы весніцы здымалі, — распавядае Казімір Казіміравіч. — Далёка не зносілі: яны хоць і драўляныя, але цяжкія…

Падлеткам падтрымліваў ён і другую калядную традыцыю — варажбаваць. Браўся за агароджу дзвюма рукамі і лічыў, колькі дошак абхапіў. Калі лічба была цотная, быць хлопцу сёлета ў пары. Тое ж самае і з варажбой на паленах: цотная колькасць прынесеных у хату дроў прадракала сустрэчу з другой палавінкай.

З Калядамі ў Казіміра Мезіна звязана некалькі прыкмет. Яго бабуля гаварыла, калі на «бедную» куццю неба зорнае, то ў лесе ўрадзяцца грыбы, калі на «багатую» куццю настане адліга, дарогі пачнуць чарнець — то ягады.

— Час быў савецкі, Каляды святкаваліся не так масава, як сёння, — адзначае Казімір Казіміравіч. — Аднак паступова калядныя традыцыі адраджаюцца і знаходзяць сваіх прыхільнікаў.

У гэтым годзе Казімір Мезін разам з сябрамі таксама  выйдуць калядаваць: завітаюць у дамы пад спевы гармоніка з каляднымі песнямі, прыказкамі і прымаўкамі: «Прыйшлі калядкі — бліны і ладкі», «Калядкі» — добрыя святкі»… Сустракайце калядоўшчыкаў!

Сняжана КАЎГАРЭНЯ. Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *