Наша цудоўная АДАМАЎНА

Общество

Гэтую высокую светлавалосую жанчыну ў прыгожых акулярах заўжды ўбачыш на нашым рэйсавым аўтобусе, які давозіць у Ляды дзяцей у школу. Яна клапатліва рассаджвае іх па месцах, дае заўвагі неслухам…

Клаўдзія Адамаўна Міхіевіч — настаўніца роднай мовы. І хоць зараз на пенсіі, працягвае працаваць у школе.

З дзяцінства марыла аб гэтым. Прыкладам была першая настаўніца ў Рэчкаўскай школе — Пшыгоцкая Эмілія Іосіфаўна. Мара ажыццявілася, калі паступіла ў педінстытут. Стала выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры, бо вельмі любіла чытаць. Гэтая любоў да кнігі засталася і зараз, таму што самыя частыя наведванні ў бібліятэку — у Клаўдзіі Адамаўны. Кнігі бярэ розных жанраў, але ў яе ёсць і самыя любімыя, якія прачытвае мноства разоў. Гэта творы І.Шамякіна, І.Мележа, Ул. Караткевіча, з замежных раманаў — “Джейн Эйр” і “Королёк — птичка певчая”…

З 1979 года стала працаваць у Лядзенскай школе, прайшла ўсе службовыя прыступкі: спачатку настаўніца роднай мовы, затым арганізатар пазашкольнай работы, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце. Восем гадоў з’яўлялася дырэктарам. Пад яе кіраўніцтвам школа працягвала лепшыя традыцыі, закладзеныя папярэднімі дырэктарамі. Клаўдзія Адамаўна і зараз не цураецца сустрэч з калегамі па працы. У яе кранальныя адносіны з Алай Пятроўнай і Казімірам Ваўжэнцьевічам Вяржбіцкімі — вельмі часта забягае да іх. А выпускнікі школы наведваюцца да Клаўдзіі Адамаўны, каб сказаць ёй словы ўдзячнасці за працу, навуку.

Са сваім мужам Міхаілам Ільічом гадаваліся, раслі ў адной вёсцы — Рэчках. Прыгледзеліся адзін да аднаго, пакахалі. І вось крочаць па жыцці амаль 40 гадоў. Выхавалі трох дачок, якія атрымалі вышэйшую адукацыю Старэйшая Наталля — начмед Заслаўскай гарадской бальніцы. Сярэдняя Антаніна — галоўны бухгалтар адной з фірм г.Мінска. Малодшая Людміла — бухгалтар Чэрвеньскага райспажыўтаварыства.

Клаўдзія Адамаўна шчаслівая бабуля, мае ужо чатырох унукаў.

Апроч кніг, ёсць у яе захапленне пакаёвымі кветкамі. У мароз зараз радуюць вока яркім колерам фіялкі, цыкламены. Хто завітвае ў хату Міхіевічаў, разам з гаспадыняй таксама радуецца гэтаму хараству. Любоў да кветак перадалася ёй ад матулі Кушнер Таццяны Мікалаеўны, стараннай працаўніцы, якой, на жаль, ужо няма.

Напрыканцы студзеня ў Клаўдзіі Адамаўны юбілей, таму самыя найлепшыя вітанні дасылаю праз газету. Хай заўжды наша Адамаўна будзе ўзорам памяркоўнасці, выхаванасці, інтэлігентнасці, якой мы яе ведаем шмат гадоў.

 

Таццяна Ждановіч, бібліятэкар Лучскай бібліятэкі

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *