НА СВЯЦЕ ВОБЛАСЦІ

Общество

У пятніцу Маладзечненская зямля сардэчна прымала  ганаровых гасцей з усіх раёнаў вобласці. На ўрачысты сход, прысвечаны 75-годдзю стварэння Мінскай вобласці, былі запрошаны  прадстаўнікі дзяржаўных органаў, дыпламатычнага корпуса, грамадскіх арганізацый, у тым ліку і  15 прадстаўнікоў з нашага раёна.  Пры ўваходзе ў Палац культуры   ўсіх ўдзельнікаў  свята сустракалі  і аддавалі чэсць салдаты роты ганаровай варты Беларусі.

Афіцыйная  частка пачалася дэманстрацыяй відэафільма «Цэнтральны рэгіён», у якім адлюстравана  гісторыя развіцця і дасягненняў Міншчыны, яе працаўнікоў. Затым на сцэну  былі ўрачыста ўнесены Дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь, флаг Мінскай вобласці, Ганаровыя знамёны Беларусі. На працягу ўсяго мерапрыемства іх трымалі, мяняючы адзін аднаго,  салдаты ганаровай варты.

Ад імя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнка жыхароў вобласці павіншаваў  намеснік старшыні адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандр Тур. У прыватнасці, ён адзначыў, што рэгіен займае лідзіруючыя пазіцыі ў эканамічным і сацыяльна-культурным жыцці краіны. У ім больш, чым у іншых, будуюць жыллё, атрымліваюць  збожжа, малака, мяса, тавараў і  іншых вырабаў, якія карыстаюцца  шырокім попытам у Беларусі  і па-за яе межамі.  А ўсё гэта  станоўча адбіваецца  на добрабыце людзей.

Затым з вітальным словам выступіў старшыня аблвыканкама Барыс Батура, які  прасачыў шлях развіцця беларускіх  зямель і адзначыў  дасягненні  Мінскай вобласці за 75 гадоў, завяршаючы віншаванне словамі пра тое, што  няма такіх вышынь, якіх не магла б дасягнуць Міншчына.

Падчас  мерапрыемства адбылося ўручэнне пасведчанняў новым Ганаровым  грамадзянам сталічнага рэгіёна.  Імі сталі  пасол Беларусі ў Літве і Фінляндыі  Уладзімір Дражын, галоўны дырыжор аркестра імя Жыновіча Міхаіл Казінец, Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усея Беларусі Філарэт, які, на жаль, не змог прысутнічаць на ўрачыстасці. Ён даслаў сваю ўдзячнасць і відэазварот да ўдзельнікаў  мерапрыемства, а таксама  праз свайго прастаўніка епіскапа Барысаўскага, вікарыя Мінскай епархіі Уладыку Веніаміна  перадаў Барысу Батуру Ганаровую грамату Патрыяршага Экзарха за працу на дабрабыт Царквы.  Усе гэтыя людзі ў розныя  часы ўнеслі  дастойны  ўклад у развіццё сталічнага рэгіёна і ўсёй рэспублікі.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў пятага склікання Уладзімір Андрэйчанка павіншаваў прысутных з юбілеем і ўручыў прадстаўнікам некаторых раёнаў вобласці Ганаровыя граматы Нацыянальнага сходу  за заслугі ў развіцці  мясцовага самакіравання. Па даручэнню ўрада Мінскую вобласць павіншаваў і перадаў вітальны  адрас намеснік прэм»ер-міністра Рэспублікі Беларусь Міхаіл Русы. Ен таксама ўручыў Ганаровыя граматы Савета Міністраў за шматгадовую працу намесніку старшыні Любанскага райвыканкама і дырэктару Уздзенскай санаторнай школы-інтэрната для дзяцей з саматычнай паталогіяй.  Павіншаваў Міншчыну Надзвычайны і паўнамоцны пасол Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Аляксандр Сурыкаў, які ўручыў  падарунак — кнігу «Срэбранае кола» аб гарадах Расіі, а таксама  Надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэспублікі Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь Іосіф Шагал. Ен зачытаў віншавальнае пісьмо ўраджэнца  Валожынскага раёна, лаурэата Нобелеўскай прэміі міра, прэзідэнта Рэспублікі Ізраіль Шымона Перэса, у якім той адзначаў, што з рэспублікай  яго звязваюць глыбокія ўспаміны дзяцінства. Ён пажадаў міра, шчасця і росквіту краіне і сваім землякам.  З віншавальным словам выступіў мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Рымска-Каталіцкага касцёла ў Беларусі, архіепіскап Тадэуш Кандрусевіч. Вядучыя зачыталі шматлікія віншавальныя тэлеграмы і падарункі  ад прадстаўнікоў дзяржаўных органаў і арганізацый рэспублікі, вядомых грамадска-палітычных дзеячоў іншых краін.

Але самым кранальным і ўрачыстым момантам свята для дэлегацыі нашага раёна было відэавіншаванне з арбіты Зямлі  ўраджэнца Чэрвеньшчыны  Алега Навіцкага, якое і завяршыла  ганаровую частку мерапрыемства.

Пасля вынасу з залы дзяржаўных флагоў распачаўся канцэрт майстроў мастацтваў, ураджэнцаў Мінскай вобласці, — народнага артыста СССР Генадзя Аўсяннікава, Заслужаных артыстак Рэспублікі Беларусь Ірыны Дарафеевай і Іны Афанасьевай, сімфанічнага аркестра  пад кіраўніцтвам  дырэктара Маладзечненскага музычнага каледжа імя Агінскага Рыгора Сарокі, пецярбургскага опернага спевака Уладзіміра Александровіча. Фінальнай песняй канцэрта стала песня «Радзіма мая дарагая», якую выконваў  навучэнец Маладзечанскага музычнага каледжа разам з усімі ўдзельнікамі ўрачыстасці.

 

Людміла РАБЕЦКАЯ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *