Ля той ёлкі…

Общество

Сентыментальным зрабіўся. Усё часцей узнікае настальгічнае жаданне азірнуцца ў незваротнае мінулае, пералістаць яго, узгадаць блізкіх некалі людзей, якія з цягам часу па розных абставінах згубіліся ў жыццёвым віры.

Ці не таму так прыемна сёння ўспамінаецца, што на Клеччыне, у кіламетры ад былога ўтульнага Радзівілаўскага мястэчка Заастравечча расце ёлка, ля якой давялося сустракаць далёкі цяпер ужо Новы год.

Мы былі ўчатырох. Разам са мной да яе крочылі былыя аднакласнікі — дзве маладыя настаўніцы, якія завіталі на свята да бацькоў, і вясёлы, усмешлівы меліяратар. Пасля школы ён не пакідаў гэтыя мясціны, працаваў на асушэнні балот. У войска яго чамусьці не ўзялі, і гэты час разважліва скарыстаў на завочную вучобу ў тэхнікуме.

 

Прабітая нетаропкімі нагамі сцежка пралягала праз былую вёску Хамінка. У 50-я гады мінулага стагоддзя яе нешматлікіх насельнікаў прымусова выселілі ў мястэчка. Ад вёскі не засталося і знаку. Але ў тутэйшай гісторыі Хамінка ўзгадваецца такім цікавым фактам. Пра яго я дазнаўся, калі пісаў краязнаўчую кнігу пра Клецкі раён.

За польскім часам у 20-ыя гады мінулага стагоддзя на Клеччыне, у суседніх Ганцавіцкім і Ляхавіцкім раёнах  пад мянушкай Муха-Міхальскі актыўна дзейнічаў, наганяў страх на памешчыкаў і паліцэйскіх, якія ўчынялі расправы над людзьмі, засланы чэкіст Кірыл Арлоўскі з арганізаваным ім партызанскім атрадам. Цесная сувязь з насельніцтвам, пастаяннае манеўраванне, карпатлівая, дэталёва прадуманая разведка забяспечвалі поспех дзёрзкіх аперацый. Адна з іх якраз і датычылася Хамінак. У полі зроку Арлоўскага трапіў перадапошні ўладальнік Нясвіжскіх земляў князь Альбрэхт Радзівіл, які здзекваўся над людзьмі. Час ад часу ён выязджаў сюды на паляванне. Для аховы сваіх уладанняў і ўласнай персоны меў узброены конны атрад “гаёвых”. Нават за невялікую правіннасць малодчыкі з “гаёвых” жорстка распраўляліся з сялянамі. Асабліва даставался тым, хто асмельваўся ссячы ў лесе хоць адно дрэўца.

Многія леснікі былі сувязнымі ці разведчыкамі Арлоўскага, таму не даносілі ахове князя аб “правіннасцях” сялян. А леснікоў-службістаў партызаны строга папярэдзілі, каб яны не праяўлялі сваёй актыўнасці. У выніку мала стала паступаць актаў аб самавольных парубках, патравах у лясах, зменшылася колькасць штрафаў у казну князя. Альбрэхт вырашыў аб’ехаць увесну свае лясныя ўладанні, праверыць, як нясуць службу работнікі яго лясніцтваў, даць ім наганяй. Заадно наведацца ў Хамінцы да сваёй каханкі. А такія справы тайну любяць. Тут лепей без “гаёвых”.

Даведаўшыся пра гэта ад сувязных леснікоў, Арлоўскі вырашыў захапіць князя, завесці ў глухі лес і павесіць на асіне.  Але калі партызаны, якія  знаходзіліся ў засадзе, пачулі тупат коней і перастук калёс карэты па карэннях лясной дарогі, кінуліся следам, кучар пагнаў коней ва ўвесь дух. Партызаны абстралялі карэту, але Альбрэхт уцалеў. Ды не зусім: ад моцнага перапалоху ў яго адняліся ногі.

У Нясвіж запрашалі медыцынскіх свяцілаў Варшавы і Парыжа, выязджаў князь і на марскія курорты ў Італію. Лячылі мясцовыя ўрачы, бабкі-знахаркі. Аднак ніхто з іх так і не змог пазбавіць ад паследстваў лясной сустрэчы. Для апраўдання князя прыдумалі легенду, што ён, маўляў, паехаў у лес на прагулку без аховы. Там на яго напаў мядзведзь, і ўражлівы князь вельмі перапалохаўся…

 

На нашым шляху ў былой вёсцы Хамінка падаў мокры снег. Густы і ліпкі, ён зацярушваў удалечыні агеньчыкі на вуліцах і ў дамах жыхароў мястэчка. Бясшумна набліжаўся чорны лес. Неўзабаве ён паглынуў нас цішынёй і цемрай. Белая нітка зацярушанай снегам прасекі была адзіным арыенцірам. Каб цішыня не прыгнятала, аднакласнік пачаў распавядаць пра знаёмыя яму грыбныя мясціны.

— Злева на альховых пнях бывае шмат апенек, — бойка гаварыў ён. — А ў ельніку справа польскія грыбы заўсёды збірае наш настаўнік пачатковых класаў. Аднойчы ён падняў тут баравік ажно ў другой палове кастрычніка.

Затым расказаў пра змяю, якая аблюбавала непадалёку сабе жытло…

— А дзе ж ёлка? — занепакоіліся дзяўчаты.

З’явілася сумненне, што мы ўсё ж патрапім на тое месца, дзе гэтай кампаніяй сустракалі Новы год у выпускным класе. Але наш сябар працягваў трымаць марку вясёлага расказчыка і жартаўніка. Неўзабаве ён гучна абвясціў: “Вось яна!”

 

Як і тым разам, мы нанасілі сухіх галінак, паленняў, развялі касцёр, і цемра адступіла за дрэвы, пакінуўшы нас у коле святла агню. Ёлка, здзіўленая познімі гасцямі, углядалася, распрамляла свае калючыя галінкі. Дзяўчаты замацавалі на іх свечкі, некалькі рознакаляровых папяровых цацак і паклалі на бялюткім абрусе снегу прынесеныя ў рукзаку няхітрыя прыпасы. Зацяпліліся агеньчыкі свечак — і ёлка набыла таемную прыгажосць. З яе мы скіравалі свае позіркі на полымя агню. Ён шыпеў, патрэскваў і прыемна пахнуў гаркаватым дымам. З-пад вільготнага снегу  аслабаніліся лапікі зямлі, дабаўляючы пах хвоі, кары і моху.

 

Да Новага году заставалася хвіліна. Аднакласнік узнёсла нагадаў пра гэта. Дзесьці ў цёплых, ярка асветленых пакоях людзі пазіралі на стрэлкі гадзіннікаў і слухалі па тэлевізары ці радыё бой курантаў. Яны рыхтавалі сябе да думкі, што “вось-вось наступіць Новы год”. А мы ўявілі, як уздрыгануліся, пачалі рухацца шасцерні і колы вялікага нябеснага механізму, і скрозь белую смугу снегападу пакаціўся на захад Новы год. Над палеткамі,  вёскамі, гарадамі, далёкім акіянам, дзе неслі баявую вахту ваенныя караблі. На адным з іх да гэтай сустрэчы прамінулі мае чатыры гады…

Аляксандр Бушэнка

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *