«КАЛЯДНЫЯ СУСТРЭЧЫ» Ў СМІЛАВІЧАХ

Спорт

Больш за 130 юных спартсменаў узростам ад 7 да 13 гадоў сабраў у СШ №2 Смілавічаў дванаццаты па ліку міжрэгіянальны лёгкаатлетычны турнір «Калядныя сустрэчы». Сёлета ён быў прысвечаны 5-годдзю адкрыцця  смілавіцкага філіяла Чэрвеньскай СДЮШАР.

Акрамя навучэнцаў нашай спартшколы ў спаборніцтвах узялі ўдзел каманды з Барысава, Жодзіна, Узды, Мар’інай Горкі і Салігорска. Яны вызначылі мацнейшых у бегу на 30 метраў, скачках у вышыню і даўжыню.

Па выніках першынства нашы спартсмены занялі 16 прызавых месцаў. Адразу ў двух відах праграмы вызначыліся смілаўчане Аляксандр Мялешчык, Юлія Вількоўская, Яўген Сідак, Максім Шастак і Аляксандра Валчок. На п’едэстал гонару ў розных дысцыплінах таксама ўзышлі Таццяна Дзянько з Раванічаў, Павел Клімовіч, Дзяніс Ісаенка, Дар’я Ільясевіч, Дзмітрый Юдо са Смілавічаў і Аляксей Марозаў з Чэрвеня.

Закрыццё спаборніцтваў выдалася багатым на ўзнагароды. Пераможцы і прызёры, а таксама ўсе дзевяць удзельнікаў традыцыйнага забегу для дзяцей да 6 гадоў атрымалі медалі, якія набыў былы выхаванец смілавіцкага філіяла Чэрвеньскай СДЮШАР Эдуард Нежавец.

Вядомая беларуская лёгкаатлетка, ураджэнка Чэрвеня Святлана Усовіч заахвоціла спецыяльнымі прызамі адметных спартсменаў турніру — Таццяну Дзянько, Аляксея Марозава, Паўла Клімовіча, Лізавету Кур’янчык, Лізавету Мар’іну і Аліну Салаўчук. Прызы «За волю да перамогі» ад спонсараў спаборніцтваў, жыхароў Смілавічаў Васіля Гурскага і Дзмітрыя Гурэцкага, атрымалі Мацвей Голуб, Аляксандра Валчок і Максім Шастак.

Начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама Ігар Філічонак уручыў памятны падарунак смілавіцкаму філіялу Чэрвеньскай СДЮШАР з нагоды пяцігадовага юбілею.

Ігар АДАМОВІЧ

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *