Экзатычны фрукт

Общество


Як вядома, у савецкія часы ўсё было «для народа». Апельсіны можна было купіць толькі ў Маскве, а ў нас іх бачылі толькі ў «навагоднім падарунку» з цукеркамі. Усялякімі заморскімі ласункамі «в стране социализма» не прынята было «разбэшчваць» народ.

Аднойчы з жонкай ідзём мы па Ленінскім праспекце ў Мінску. Чэргамі ў той час нельга было здзівіць. Але гэтая чарга здзівіла нават нас, маладажонаў. На вуліцы, ля гасцініцы «Мінск», нешта прадавалі, а яна расцягнулася кіламетры на два. Заняўшы чаргу, мы даведаліся, што прадаюць заморскія фрукты, якія завуцца бананамі. Вырашылі раскашэліцца. За  размовамі пра інтэгралы і эпюры (мы былі студэнтамі) час праляцеў хутка, і, выстаяўшы з гадзіну ў чарзе, купілі два бананы. Радасныя, пайшлі далей па прыгожай цэнтральнай вуліцы беларускай сталіцы. Не цярпелася пакаштаваць заморскі фрукт, пра які мы ведалі толькі з кніжак.

Але як абыходзіцца з ім? Пакруціўшы ў руках, я здагадаўся зняць з яго зеленаватую кажуру, і даў жонцы. Яна адкусіла кавалачак, пажавала і з пачуццём агіды выплюнула. Потым адкусіў я. Смак банана і мне падаўся падобным на смак мыла.

Хаця мы з жонкай лічылі кожную капейчыну, а за бананы заплацілі нямала (па нашых мерках), афрыканскія фрукты давялося выкінуць ў бліжэйшую сметніцу.

Цяпер бананы прадаюць ледзь не на кожным кроку, а народ, аказваецца, гэтымі заморскімі ласункамі зусім не разбэсціўся.

 

Уладзімір Шулякоўскі

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *