Фота з альбома. Хор культработнікаў Чэрвеня. 1970 год

Общество

У снежні 1970 года Мінская вобласць была ўзнагароджана другім ордэнам Леніна за поспехі,  дасягнутыя працаўнікамі Міншчыны ў выкананні заданняў восьмага пяцігадовага плана па развіццю прамысловасці і сельскагаспадарчай вытворчасці.

Уручалі гэтую высокую ўзнагароду на ўрачыстым сходзе ў Палацы афіцэраў у Мінску. У ім бралі ўдзел дэлегацыі з усіх раёнаў вобласці. А з нашага — яшчэ і хор культработнікаў. У яго ўваходзілі выкладчыкі Чэрвеньскай музычнай школы, настаўнікі спеваў школ і дзіцячых садкоў Чэрвеня, работнікі  раённага Дома культуры, бібліятэкі.

Кіраваў гэтым самабытным творчым калектывам дырэктар музычнай школы Васіль Капцелаў. На здымку (злева направа) ён дзевяты ў другім радзе. Акампаніятары — выкладчыкі музычнай школы Барыс Тунік і Васіль Мукавозчык (на здымку злева направа).

Прыемна ўзгадаць, што ў  той час у нашым раёне было шмат харавых калектываў: у Смілавічах, Заполлі, Турцы, Грабёнцы, Волме, Раванічах, Хутары, раённай бальніцы, тубдыспансары, аўтабазе, таварыстве сляпых, райспажыўтаварыстве, дзіцячым інвалідным інтэрнаце. Усе яны актыўна ўдзельнічалі ў раённых аглядах мастацкай самадзейнасці.

 

Анатоль ТУРБАЛ, г.Чэрвень

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *