ВІНШУЕ ЗЕМЛЯКОЎ АЛЕГ НАВІЦКІ… З КОСМАСУ!!!

Общество

Ужо каторы раз здзіўляюся, да чаго дайшоў прагрэс… Дзесьці высока-высока над Зямлёй у Міжнароднай касмічнай станцыі, нябачны для нас, ужо два месяцы нясе вахту ўраджэнец Чэрвеня, мой аднакласнік Алег Навіцкі. І за гэты час і лісты электронныя былі ад яго, і нават… тэлефанаванне!

А напярэдадні Новага года я папрасіла Алега даслаць віншаванне сваім землякам. І хаця ён надзвычай заняты, а са звыклай справай — пісьмом — у бязважкасці пэўныя праблемы, але наш трэці беларускі касманаўт адгукнуўся на просьбу.

А вось наконт фота сказаў, што дужа складана. Але калі рыхтаваліся да друку гэтыя радкі, Алег… усё ж даслаў здымак!!! Ды які цікавы! Тут і сцяжкі Чэрвеня ды Беларусі — са штампамі МКС (чакай па вяртанні ў музей, другая школа!), і ёлачка, упрыгожаная па-касмічнаму… Вядома ж, не шклянымі шарамі…

Прымайце, шаноўныя чытачы, віншаванні і пажаданні ад Алега Навіцкага — з космасу.

А я, у сваю чаргу, ад імя ўсіх жыхароў Чэрвеньшчыны шчыра віншую свайго аднакласніка і яго калег з надыходзячым Новым годам і Ражством, зычу моцнага-моцнага здароўя, удалых эксперыментаў, надзейнай сувязі з Зямлёю — і не толькі тэлефоннай, радасці, шчасця, пабольш вольных хвілін для адпачынку і задавальнення ад палёту!

Святлана АДАМОВІЧ.  Фота Алега НАВІЦКАГА

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *