ТРЫ КУБКІ АД ГАЛІНОВАГА ПРАФСАЮЗА

Спорт

разыгралі на чацвёртай раённай спартакіядзе работнікаў аграпрамысловага комплексу.

Паспаборнічаць за іх у Чэрвеньскім будаўнічым ліцэі сабраліся 10 калектываў гаспадарак, каманды Смілавіцкіх сельгасліцэя і аграрнага каледжа, Чэрвеньскіх прадпрыемства меліярацыйных сістэм (ПМС) і ПМК-8, райсельгасхарчу і аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама (ФКСіТ).

Удзельнікаў спартакіяды прывіталі старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Тамара Сакалоўская і намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльнай сферы і ідэалогіі Ала Шахоцька. Затым на спартыўных пляцоўках пачалася цікавая барацьба за каманднае і асабістае першынство.

Першыя пераможцы вызначыліся ў спаборніцтвах па дартсу. Імі сталі Святлана Кур’янчык з каманды аддзела ФКСіТ і Аляксандр Пікулік з Чэрвеньскага ПМС. Агульнакамандную перамогу тут святкавалі спартсмены аддзела ФКСіТ. У спаборніцтвах гіравікоў не было роўных прадстаўнікам дзвюх гаспадарак: мацнейшымі ў сваіх вагавых катэгорыях сталі Іван Ігумнаў і Аляксей Хілько з ААТ «10 з’езд Саветаў», а таксама Сяргей Арганаў з ААТ «Валевачы». Першае агульнакаманднае месца — у ААТ «10 з’езд Саветаў».

Даволі сенсацыйна завяршыліся спаборніцтвы па настольнаму тэнісу і шашках у жанчын. Традыцыйна моцныя ў гэтых відах прадстаўнікі Смілавіцкіх аграрнага каледжа і сельгасліцэя гэтым разам саступілі першынство. У шашках перамагла Марына Федаровіч з сельгаспрадпрыемства «Ганута-Агра», а ў настольным тэнісе — Алена Ласіца з эксперыментальнай базы «Натальеўск». У мужчын мацнейшым шашыстам стаў Антон Аляхно са Смілавіцкага сельгасліцэя, спаборніцтвы па настольнаму тэнісу выйграў Алег Васілеўскі з ААТ «Валевачы». Што да агульнакаманднага заліку ў гэтых дысцыплінах, то тут абышлося без сенсацый: першыя месцы па настольнаму тэнісу і шашках, адпаведна, занялі каманды аграрнага каледжа і сельгасліцэя.

У спаборніцтвах па стральбе перамаглі Святлана Кур’янчык (аддзел ФКСіТ) і Віктар Галубовіч (аграрны каледж). Валейбольны турнір і перацягванне каната выйграла каманда эксперыментальнай базы «Натальеўск». Мацнейшымі ў міні-футболе сталі спартсмены аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама.

Сёлета ўпершыню пераможцаў спартакіяды ў агульным заліку вызначалі ў трох групах. Пераходны кубак сярод каманд арганізацый і прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у прафсаюз работнікаў АПК, заваяваў калектыў Чэрвеньскага прадпрыемства меліярацыйных сістэм. У групе сельскагаспадарчых навучальных устаноў перамагла каманда Смілавіцкага аграрнага каледжа.

І, нарэшце, у самай шматлікай групе — сельгаспрадпрыемстваў, дзе ўдзельнічала 10 каманд, пераходны кубак дастаўся спартсменам ААТ  «Раванічы». Другой тут стала каманда эксперыментальнай базы «Натальеўск», трэцяе месца занялі прадстаўнікі ЗАТ «Турэц».

Раённая арганізацыя прафсаюза работнікаў АПК узнагародзіла пераможцаў не толькі сумеснымі з раённым аддзелам фізічнай культуры, спорту і турызму Дыпломамі і граматамі, але і грашовымі прэміямі.

Падсумоўваючы вынікі спартакіяды, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Тамара Сакалоўская зазначыла, што на будучае варта ўлічаць некаторыя недахопы, якія выявіліся падчас яе правядзення. У прыватнасці, адчувалася, што спартсменам гаспадарак аб’ектыўна складана спаборнічаць з больш падрыхтаванымі прадстаўнікамі навучальных устаноў, прадпрыемстваў і арганізацый. Таму наступным разам плануецца правесці для іх асобны залік.

Поспехаў у працы і новых спартыўных перамог пажадаў удзельнікам спартакіяды першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Іван Малахаў, які браў удзел ў цырымоніі ўзнагароджання.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара

На здымках:

моманты спаборніцтваў; першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Іван Малахаў уручае ўзнагароду пераможцы турніру па настольнаму тэнісу Алене Ласіцы з эксперыментальнай базы «Натальеўск»;  спартсмены ААТ «Раванічы» — пераможцы спартакіяды па групе гаспадарак.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *