ПА ЎРОКАХ ВАНДРАВАЛІ, ШМАТ ЦІКАВАГА СПАЗНАЛІ!

Общество

У адну са снежаньскіх пятніц трэцякласнікі гімназіі запрасілі да сябе на ўрокі гасцей — бацькоў ды бабуль. І ўсе разам выправіліся ў вандроўку!

Спачатку мы знаёміліся з хатнімі выхаванцамі. Вучні запаміналі іх назвы, задавалі шмат пытанняў і весела адказвалі на іх — і ўсё гэта на англійскай мове! Часам маленькія гімназісты і самі пераўвасабляліся ў вясёлых звяркоў, паказваючы іх асаблівасці. Чарадзейнічала з намі маладая настаўніца замежнай мовы Наталля Іванаўна Канашэвіч.

Пасля перапынку чароўны вецер падхапіў і перанёс нас у краіну, дзе пануе руская мова. Арфаграмы і правілы, слоўнікавыя словы і прапушчаныя літары… Шмат таго, што дзеці вывучалі на ўроках рускай мовы, пераблыталася на класнай дошцы і ў лістах-заданнях. Але за час урока гімназісты ўсё расставілі на пэўныя месцы, знайшлі ўсе «згубленыя» літары.  І склалася строгая і ясная сістэма ведаў. А на дзіцячых тварыках ззяла задавальненне вынікамі працы. Крыху стомленая, настаўніца пачатковых класаў Тамара Мікалаеўна Мурашка падзякавала сваім падапечным за старанную працу на ўроку.

Яшчэ перапынак. І вецер вандраванняў панёс нас далей. Цяпер ужо — у Царства Матэматыкі. Ды не так проста было туды патрапіць… Хуценька рашылі некалькі прыкладаў — і прачыталі імя матэматыка са Старажытнай Грэцыі — Эўкліда. Слухаем легенду, паглядаем на партрэт на дошцы, з якога хітравата ўсміхаецца знакаміты вучоны. Задумваемся над яго словамі: «Царскай дарогі ў матэматыку няма!» Значыць, трэба працаваць — вучыцца! І з прыступкі на прыступку, вышэй і вышэй, праз выкананне ўсё новых заданняў павяла клас настаўніца. Давялося думаць і разважаць, успамінаць і лічыць, прагаворваць парадак дзеянняў і шукаць адказы. Ды яшчэ і самім сябе ацэньваць! Ці ж проста гэта ў 8-9 гадоў?! Вучымся быць аб’ектыўнымі… Стомленыя, але зацікаўленыя, вучні са здзіўленнем пачулі званок. Няўжо «матэматычныя» 45 хвілін ужо праляцелі?!

Скончыліся падарожжы. Юныя вандроўнікі рыхтуюцца да ўрока малявання. Што з’явіцца з-пад іх пэндзлікаў? Без сумнення сцвярджаю: малюнкі будуць добрыя, па-сапраўднаму радасныя. Бо на кожным уроку ў класе пануюць дружба і творчасць, узаемапавага і падтрымка, створаныя Тамарай Мікалаеўнай Мурашкай. Любіць яна нашых дзетак-унукаў, і работу сваю — любіць. А мы ўсе — і вучні, і бацькі, і бабулі — рады, што знайшлі ў яе асобе добрага сябра, разумнага дарадчыка, строгага выхавальніка, сапраўднага Настаўніка. Дзякуй!

Віншуем любімую настаўніцу з надыходзячымі навагоднімі святамі і асабістым яе Днём нараджэння!

Ад імя гасцей — Раіса ЦЕРАШОНАК,

г.Чэрвень

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *