Сярод маіх смілавіцкіх сяброў нямала людзей з добрым пачуццём гумару. Калі мы сустракаемся разам і абмяркоўваем розныя пытанні, з аптымізмам гледзячы ў будучыню, узгадваем забаўныя выпадкі, частуем адзін аднаго новымі анекдотамі і вясёлымі гісторыямі. Таму ўспрымаем сустрэчы як святы.
Мой сябра Яфім Шапіра распавёў ужо добры тузін забаўных гісторый і са свайго жыцця. Адну з іх я зараз прапаную сваім чытачам.
Цяпер не знаходзяць збаўлення ад каларадскага жука, а ў пасляваенных Смілавічах яго бачылі толькі на малюнках карабкоў для запалак і ведалі тое, што там было напісана: «Колорадский жук — враг картофельных полей». Таму, хто знойдзе і здасць гэтага паласатага шкодніка, абяцалі прэмію 50 рублёў (да грашовай рэформы 1961 года). А калі некаму пашанцуе, і ён знойдзе яшчэ кладку гэтага жука — ажно 500!
Людзі жылі вельмі бедна, лічылі кожную капейчыну, і руплівыя гаспадыні пераварочвалі ледзь ні кожны лісточак бульбы на сваіх «сотках» ў пошуках гэтага «скарбу». На такія грошы можна было купіць ажно сто буханак хлеба!
Аднойчы, седзячы на ўслончыку ў двары, абіраў бульбу Якаў Шапіра. Прыбегла радасная, усхваляваная суседка:
— Ведаеце, Яша, а я нашла цэлую кладку гэтых жоўценькіх яек!
Якаў Львовіч, чалавек з вялікім пачуццём гумару, якому перадалося праз гены ад бацькі, не падымаючы галавы, з цікаўнасцю прамовіў:
— Сапраўды? І па чым дзесятак?
Даўно гэта было, а вясёлае трапнае слоўца і жарт засталіся ў памяці…
Уладзімір Шулякоўскі