Майя ПРАЧ прыняла ўдзел у распрацоўцы праекта дзяржаўнай праграмы па пчалаводству

Аграрный сектор

Смілавіцкі дзяржаўны аграрны каледж ганарыцца сваімі выпускнікамі. У іх ліку былыя міністр сельскай гаспадаркі і харчавання РБ Леанід Русак, міністр спорту і турызму РБ Алег Качан, цяперашні міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц. Не пералічыць усіх выдатных спецыялістаў, кіраўнікоў сельскагаспадарчай вытворчасці, дзяржаўных органаў. Сёння ім рыхтуецца дастойная змена. У тым ліку і на завочнай форме атрымання адукацыі. Зараз гэтай формай навучання ахоплена 1416 чалавек. Сярод іх — сталыя і маладыя людзі. Усе яны працуюць, набываюць вопыт і адначасова замацоўваюць яго ведамі ў каледжы. Да вучобы адносяцца добрасумленна.

Прыкладам увасаблення ўсіх навучэнцаў-завочнікаў з’яўляецца ўраджэнка Чэрвеня Майя Уладзіміраўна Прач. Яна звязвае сваё жыццё з пчалаводствам, таму і вывучае ў каледжы гэтую складаную справу. Раней я добра ведаў яе дзеда. Ён быў выдатным пчаляром.

Майя Уладзіміраўна — актыўная, ініцыятыўная, мэтанакіраваная. Адначасова з жаночай пекнасцю у яе маецца значны інтэлектуальны патэнцыял у розных галінах ведаў. Скарбонка ж па пчалярству ўразіла мяне, хаця сам займаюся гэтай справай з 1977 года. Не чакаў пачуць такой глыбокай дасведчанасці. У вучобе яна дапытлівая, старанная. Трымае дзесяць сем’яў пчол, плануе стварыць уласную фермерскую пчалярскую гаспадарку.

Майя Уладзіміраўна добра ведае становішча пчалярства ў раёне, бачыць праблемы ў яго развіцці. Невыпадкова на яе звярнулі ўвагу распрацоўшчыкі праекта дзяржаўнай праграмы па пчалаводству на 2012-2016 гг. Яны папрасілі нашу навучэнку выкласці свае меркаванні. Майя Уладзіміраўна не толькі выказала свае думкі, але і параўнала іх з міжнародным вопытам. З дапамогай свекрыві пераклала на рускую мову шмат артыкулаў з польскіх часопісаў. Яе слушныя і своечасовыя прапановы знайшлі адлюстраванне ў праекце праграмы.

 

Іван ЯРАШЭВІЧ,

г.п. Смілавічы

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *