Людміла ШАРКОВА: «МЫ ВЕЛЬМІ РАДЫ ГЭТАМУ ПЕРАСЯЛЕННЮ…

Общество

Ажывіўся яшчэ адзін будынак па вуліцы Ленінскай у Чэрвені, які пэўны час не выкарыстоўваўся. Дом №38 набыў новы выгляд і новых гаспадароў. Сюды пераехаў Чэрвеньскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Пра перамены, асаблівасці працы, адметнасці і праблемы мы гутарым з яго дырэктарам Людмілай Шарковай.

— Людміла Генадзьеўна, чым выкліканы пераезд?

— Мы даўно ўжо мелі патрэбу ў паляпшэнні ўмоў працы. Яшчэ ў 2004-ым годзе да нас далучылі аддзяленне сацыяльнай дапамогі на даму, хаця тады сацыяльных работнікаў было крыху меней, чым зараз.  Пачынаючы з 2007-га, у нас адчыніліся яшчэ два аддзяленні — кругласутачнага знаходжання для грамадзян сталага ўзросту ў вёсцы Рудня і аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў, якое размешчана зараз у будынку на вуліцы Зяневіча. У тым жа годзе выйшла Пастанова Міністэрства працы, якая зацвердзіла новае палажэнне аб цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання, іх структуры. Павялічылася колькасць супрацоўнікаў. А сёлета выйшаў Указ Прэзідэнта №41 аб аказанні адраснай сацыяльнай дапамогі насельніцтву менавіта тэрытарыяльнымі цэнтрамі. Адпаведна павялічылася ў нас і колькасць наведвальнікаў, і штат.

Зараз мы вельмі рады свайму перасяленню. У гэты будынак, добраўпарадкаванне тэрыторыі ўкладзены вялікія сілы і сродкі. Усяго — больш за 600 мільёнаў рублёў абласнога і раённага бюджэтаў.

Мы пастараліся стварыць аптымальныя ўмовы для супрацоўнікаў цэнтра, улічылі як іх пажаданні, так і наведвальнікаў.

Выдзелілі залу пасяджэнняў. Нам яна патрэбна, бо штомесяц ладзім пасяджэнні школы сацыяльных работнікаў (школы прафмайстэрства) і школы мацярынскага майстэрства. Хочацца таксама абсталяваць гардэроб, дзе б маглі адначасова зняць верхнюю вопратку 80 чалавек. Менавіта столькі, а тое і больш, прыходзіць на пасяджэнне школы сацыяльных работнікаў. А яшчэ ж запрашаем з Чэрвеньскага РАУС, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, цэнтральнай раённай бальніцы, цэнтра гігіены і эпідэміялогіі…

— А колькі ўсяго супрацоўнікаў у тэрытарыяльным цэнтры?

— Па штатнаму раскладу павінна быць 155, але фактычна працуе 136 чалавек.

З іх 65 абслугоўваюць  683 жыхары Чэрвеньшчыны. Гэта без уліку аддзялення кругласутачнага знаходжання ў Рудні (24 чалавекі), аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў (22 чалавекі) і разавых паслуг (12 чалавек).

— Часта мяняецца кантынгент сацыяльных работнікаў?

— Бывае па-рознаму. Вось літаральна нядаўна адбыліся звальненні. Людзі самі прызналіся, што гэта — не іх прафесія. Сапраўды, каб працаваць сацыяльным работнікам, трэба быць, без перабольшання, Чалавекам з вялікай літары! Мець адказныя і сур’ёзныя адносіны да справы і такія якасці, як дыпламатычнасць, таварысцкасць, працалюбства…  І яшчэ — ведаць псіхалогію сталых людзей, разумець іх асаблівасці, умець знайсці правільны падыход…

Падабраць сёння кадры складана. Заработнай платай іх асабліва не зацікавіш. Але стараемся, знаходзім такіх, за якіх не было б сорамна…

— А ёсць людзі, якія працуюць тут доўга?

— Калі браць сацыяльных работнікаў, то больш за 15 гадоў у сферы сацыяльнага абслугоўвання — Вольга Фурс, Святлана Церашонак, Жанна Навак, Ірына Мірановіч, Святлана Матусевіч, Таццяна Максіменка, Людміла Курыленка… А ўвогуле з цэнтра… Гэта толькі я, галоўны бухгалтар Нэла Ганчарова і наш нязменны вадзіцель Анатоль Краўчанка.

— Нагадайце, калі ласка, калі быў адкрыты ўласна тэрытарыяльны цэнтр?

— У 1999-ым годзе. Сёлета было 13 гадоў. А чаму атрымліваецца больш стажу… Бо працавалі ўсё роўна ў сацыяльнай сферы. Запатрабаваны ў нас усе віды адраснай сацыяльнай дапамогі. Гэта забеспячэнне дзяцей да двух гадоў жыцця бясплатным харчаваннем, кампенсацыя расходаў на набыццё падгузкаў (дзецям-інвалідам да 18-ці гадоў з чацвёртай ступенню страты здароўя і дарослым інвалідам 1-й групы — па заключэнні ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі бальніцы), штомесячная адрасная сацыяльная дапамога і аднаразовая (прызначаецца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі — пажар, хваробы, інваліднасць, стыхійнае бедства і г.д.).

Напружана зараз працуе  аддзяленне тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання, якое займаецца выдачай сацыяльнай адраснай дапамогі… Тут у нас чатыры чалавекі. Гэта загадчыца — Алеся Лапатка, спецыялісты па сацыяльнай рабоце — Марына Паскробка і Таццяна Ціхановіч (на здымку). Чацвёрты чалавек — Вольга Стараносава — зараз у адпачынку.

— З самага цэнтра Чэрвеня вы перабраліся ў будынак, які знаходзіцца ледзь не на краі горада. Відаць, супрацоўнікі маюць праблемы пры адсутнасці маршруту аўтобуса? Калісьці тут хадзіла «тройка»…

— Так, пэўныя цяжкасці маюць не толькі супрацоўнікі, але і нашы наведвальнікі. Бо вяскоўцы звычайна прыязджаюць на вакзал, а далей ім трэба альбо даязджаць на гарадскім аўтобусе да плошчы і ісці пешшу, альбо даязджаць да Барыкіна і зноў ісці… Ды яшчэ падстроіцца пад расклад. А ёсць жа людзі сталага ўзросту, інваліды…Між іншым, непадалёк размешчана яшчэ столькі значных аб’ектаў — дзіцячы дом-інтэрнат, раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, цэнтральная раённая бальніца, міліцыя… Ды і далей ёсць арганізацыі. Таму хацелася б, канешне, па магчымасці аднавіць маршрут гарадскога аўтобуса №3…

— І калі ўжо загаварылі аб праблемах, дык гэта яшчэ і…

— … праблема захавання службовага транспарту. У нас ёсць дзве аўтамашыны. Адна стаіць у гаражы, пра які ходзяць чуткі аб зносе, другая — на безгаражным захоўванні. А на наступны год мы мяркуем набыць і трэцюю — з грузапад’ёмнікам, каб маглі ездзіць інваліды, у тым ліку — інваліды-калясачнікі. Мы прасілі ў райвыканкаме, каб нас уключылі ў спіс на будаўніцтва гаража. Хацелася б, каб гэтае пытанне вырашылася станоўча і па магчымасці — хутка.

— Людміла Генадзеўна, і крыху асабістага. Ці задаволены Вы сваёй працай на гэтай пасадзе?

— Так, і вельмі. Штодзень я сустракаюся з новымі людзьмі, з новымі пытаннямі. Вось не так даўно атрымалася, дзякуючы асабістым кантактам з рэспубліканскай асацыяцыяй маладых інвалідаў і фінансаванню «Беларусбанка», звазіць невялікую групу дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў (5 чалавек) у Гродзенскую вобласць, санаторый «Азёрны». Там яны наведалі аквапарк, басейн, сауну, трэнажорную залу… Шмат чаго ўбачылі і адчулі такі клопат…

Увогуле, вельмі прыемна, што нам дапамагаюць неабыякавыя людзі. Так, з добраўпарадкаваннем тэрыторыі, спілоўваннем дрэў дапамог раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, Чэрвеньская ЖКГ. Слупкі і панелі для плоту закуплялі ў прыватнага прадпрымальніка, які прывёз іх нам за свой кошт. Гэтак жа набылі і грунт. Ёсць фундатары праектаў і мерапрыемстваў на міжнародным узроўні, на рэспубліканскім, абласным… Ніколі не адмаўляюцца прыватныя прадпрымальнікі нашага раёна дапамагчы ў арганізацыі святаў, падараваць радасць дзецям і дарослым з абмежаванымі магчымасцямі.

Хочацца прыгадаць ірландскую арганізацыю «Добра тут», якая фінансавала рамонт аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў па вуліцы М.Зяневіча. Сёння ў нас з імі застаўся яшчэ адзін праект — гуманітарны груз. На вялікую суму — больш за 350 мільёнаў рублёў — прывезлі яго і амерыканцы, «Каунтэрпарт Інтэрнэйшнл». Супрацоўнічаем з «Орфан Грэйн Трэйн». Частыя госці — дабрачынная каталіцкая арганізацыя «Карытас» Магілёўска-Мінскай архіепархіі. Дзякуючы ім рэалізуецца праект «Швейная майстэрня», гуманітарны. Яны набываюць для нас абсталяванне. Мы распрацавалі праект, «Карытас» накіраваў яго ў Аўстрыю, дзе ён выйграў гранд… І цяпер для працоўнай рэабілітацыі інвалідаў нам набудуць ганчарны круг для ганчарнай майстэрні. Супрацоўнічаем з УП «Лювал», гандлёвым домам «Файбертэк», закрытымі акцыянернымі таварыствамі «Мілавіца», «Таруса», «Банк гандлёвы капітал», «Тэхніка і камунікацыі», «Ветсервіс-плюс»… А на Чэрвеньшчыне нашы добрыя сябры — усім вядомыя ТАА «Факторыя», «СТФ-мантаж», «Англійскі газон», «Марвіка», прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы «Чэрвеньбудмаркет», «Электрык-сервіс», ААТ «Крыніца Ігуменшчыны», Чэрвеньскія друкарня, агароднінасушыльны завод, фермерскія гаспадаркі «Ладуцька», «Гарадзішча Агра» ды іншыя. Усім ім вельмі ўдзячны!

— Людміла Генадзьеўна, поспехаў Вам і Вашым супрацоўнікам, пабольш прыемных момантаў, цярпення, дабрабыту, здароўя, шчасця… І, канешне ж, з наваселлем!

— Вялікі дзякуй!

 

Гутарыла Святлана АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

 

p



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *