Конкурс сацыяльных работнікаў

Общество

«ДЗЯЎЧАТЫ, ГЭТА ВАША ПЕРАМОГА!» Такія словы давялося пачуць не раз падчас падвядзення вынікаў. Гэтак казалі пераможцы і прызёры, удзельнікі конкурсу «Лепшы па прафесіі сацработнік-2012», звяртаючыся да сваіх брыгадаў. Яно і не дзіўна, бо апрача двух індывідуальных этапаў конкурсу, у астатніх чатырох у якасці групы падтрымкі выходзілі менавіта брыгады, і практычна ў поўным складзе. І ўсё ж кожная выбрала сваіх прадстаўнікоў, якія абаранялі гонар усіх калег. У выніку атрымалася 10 канкурсантак.Лядзенскі сельсавет прадстаўляла Жанна НАВАК, аб’яднаны Кліноцкі і Чэрвеньскі — Галіна ГОРГУН, Чэрвеньскі асобна — Святлана МАТУСЕВІЧ, Валевачоўскі — Ніна БОРШЧ, Калодзежскі — Таццяна МАКСІМЕНКА і Святлана КАЦЬКО, Раваніцкі — Таццяна ШАТРУН, Руднянскі — Зінаіда ІГНАЦЕНКА, г.Чэрвень — Анжэла ПАНКРАТАВА, г.п.Смілавічы — Ірына ГОЛУБ.

Моманты конкурсу

У першым этапе конкурсу ўдзельніцы пры падтрымцы і дапамозе брыгад прадстаўлялі візітоўку, дзе трэба было раскрыць сутнасць сваёй працы з дапамогай дэвізу, эмблемы, аповеду… Прыемна было бачыць, што многія прыдумалі сабе форму. Напрыклад, чорныя спадніцы ці штаны, а зверху белыя альбо чырвоныя кофты і блузкі. Меліся і маляўнічыя эмблемы. Гучалі кранальныя вершы, у тым ліку і ўласнага сачынення — як у брыгадзіра брыгады Кліноцкага і Чэрвеньскага сельсаветаў Алены Сязончык. А брыгада Чэрвеньскага сельсавета так задорна і аптымістычна праспявала «Не кочегары мы, не плотники…», што зарабіла цэлы шквал апладысментаў! Брыгада Валевачоўскага сельсавета выйшла з паветранымі шарыкамі, з якіх склалі слова «Валевачы».

Моманты конкурсу

У конкурсе «Сітуацыя» ўдзельнікі павінны былі даць ацэнку той сітуацыі, якую выцягвалі ў білеце, і распавесці пра свае канкрэтныя дзеянні па яе вырашэнні. Многім заданні падаліся цяжкаватымі. Давялося спраўляцца пры дапамозе членаў журы — дырэктара Чэрвеньскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Людмілы Шарковай, загадчыцы аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Таццяны Адзінец, загадчыцы аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў, старшыні прафкама Валянціны Кацько. У выніку правільна, упэўнена і самастойна з сітуацыяй здолелі справіцца толькі Святлана Матусевіч (Чэрвеньскі сельсавет) і Ірына Голуб (г.п.Смілавічы).

Ірына ГОЛУБ і Таццяна ШАТРУН

Яшчэ больш сур’ёзным стаўся трэці конкурс — «Эрудыт», дзе трэба было хутка і правільна выбраць патрэбны адказ з прапанаваных да пытанняў тэсту. Датычыліся яны нарматыўна-прававой асновы сацыяльнай работы. І тут таксама ўдзельніцамі дапускаліся памылкі.

А далей конкурсы пайшлі — адзін цікавей за другі! Яшчэ да пачатку спецыяльна падрыхтаваныя сталы заставілі рознымі стравамі. А ў конкурсе «Кулінарны паядынак» раскрывалі іх назву, рэцэпт, сакрэты прыгатавання, у тым ліку і ў вершах. Якіх толькі адмысловасцяў тут ні было! Салата «Башмак» і «Сланечнік», заліўное «Жар-птушка», каравай, тарты вагою ў некалькі кілаграмаў (!), заліўная рыба, рулеты і пячэнне, хатняя курыца пад маянэзам, заліўное ў выглядзе… парсючка, хатнія нарыхтоўкі… Словам, хоць зараз усе — на самы прадстаўнічы конкурс повараў!

Ніна Боршч

Падчас конкурсу «Умелые руки не знают скуки» журы ацэньвала творчыя вырабы сацыяльных работнікаў, загадзя размешчаныя на сцэне. Дарэчы, папрацавалі над імі не толькі брыгады, але і дзеці, мужы, іншыя родзічы… Пры багатай разнастайнасці тэхнік, якімі, здаецца, ужо нікога не здзівіш, усё ж былі тут і маленькія адкрыцці. Гэта знайшло сваё адлюстраванне ў адзнаках, выстаўленых членамі журы канкурсантам.

І нарэшце надышла чарга апошняга, самага відовішчнага конкурсу — «Музычна-паэтычнага». Даўно не бачыла столькі талентаў разам.  Было тут усё: вершы, песні, прыпеўкі, спевы пад гітару… Але самае яркае — канешне ж, міні-прадстаўленні. Калі ад смеху гледачы складваліся літаральна папалам, выціралі слёзы, размазваючы туш, апладзіравалі, не шкадуючы далоняў, выгуквалі: «Малайцы! Брава!»…

Моманты конкурсу

Усе пастаноўкі датычыліся ўласнай працы. Брыгада Раваніцкага сельсавета паказала сацработніка ў бабулі-скнары, для якой давялося варыць «суп з сякеры». Брыгада Валевачоўскага — абыграла байку Кандрата Крапівы «Дзед і баба», выйшаўшы на сцэну з цацачным конікам, які дадаў каларыту. Брыгада Калодзежскага — паказала, як дзед бабу на базары прадаваў, перарабіўшы вядомае на новы лад. Прадстаўнікі Смілавічаў пасмяшылі сцэнкай «Чый дзед?!», Руднянскага — «новымі рускімі» дзедам ды бабай. А брыгада г.Чэрвеня па-новаму прадставіла бачанне вядомай песенькі «Все хорошо, прекрасная маркиза», а затым — варыяцыю на тэму «Три девицы под окном». Вось дзе было смеху! А які выраз твару артыстаў, як натуральна пераўвасобіліся! Словамі не перадаць, трэба бачыць!

Моманты конкурсу

Пасля вясёлага заканчэння конкурсу сацработнікаў распачаўся конкурс брыгадзіраў, які складаўся ўсяго з дзвюх частак — «Візітоўкі» і «Эрудыта». Тут на сцэну ўзнімаліся і дэманстравалі ўзровень тэарэтычных ведаў Наталля МАНУЛІК (Лядзенскі сельсавет), Алена СЯЗОНЧЫК (Кліноцкі і Чэрвеньскі), Ларыса ШЧАКАЛА (Чэрвеньскі), Ірына ЮДО (Валевачоўскі), Галіна МАРКОЎСКАЯ і Алена ПАБЯДЗІНСКАЯ (абедзве з Калодзежскага сельсавета, да якога раней, як вядома, далучылі Хутарскі), Святлана ГУРСКАЯ (Раваніцкі), Святлана РУДАМЁТКІНА (Руднянскі), Любоў НЯХАЙ (г.Чэрвень) і Святлана ЖУК (г.п.Смілавічы).

Моманты конкурсу

Па ўмовах конкурсу, уладальніка першага месца чакала прэмія ў памеры пяці базавых велічынь, другога — чатырох і трэцяга — трох базавых велічынь. Узнагарода пераможцы конкурсу брыгадзіраў — тры базавыя. Ну, а прафкам падрыхтаваў пераможцам і прызёрам кветкі, а таксама прэміі ў памеры адной, 0,75 і 0,5 базавай велічыні за першае, другое і трэцяе месцы адпаведна, брыгадзіру-пераможцы — 0,75 базавай.

Сярод сацработнікаў трэцяе месца заваявала Таццяна ШАТРУН з Раваніцкага сельсавета, другое — Ірына ГОЛУБ з г.п.Смілавічы. А лепшым сацработнікам-2012 прызнана Ніна БОРШЧ з Валевачоўскага сельсавета. Лепшым брыгадзірам стала Наталля МАНУЛІК з Лядзенскага сельсавета.

Брыгада Лядзенскага сельсавета з пераможцай - брыгадзірам Наталляй МАНУЛІК (у цэнтры)

Падчас цырымоніі ўзнагароджання і гучалі словы: «Дзяўчаты, гэта ваша перамога!»…

Святлана АДАМОВІЧ.

Фота аўтара


 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *