ЯК ЦУДОЎНА, ШТО Ў СТАЛІЦЫ МОЖНА ШМАТ З ЧАГО ДЗІВІЦЦА!

Общество

Якое дзіця з маленькай правінцыі не марыць пагрузіцца ў шум вялікага горада з галавой, адчуць на сабе яго рытмы, разгледзець лепей калейдаскоп, дзе змяняюцца малюнкі мегаполіса? Зразумела, марыць кожнае!

Я ведаю шчасліўчыкаў, якім пашанцавала не толькі прагуляцца па вуліцах сталіцы, але і стаць удзельнікамі насычанай культурнай праграмы. Яе падрыхтавала для іх адміністрацыя Лядзенскага дзіцячага сада-сярэдняй школы ў шосты школьны дзень за добрыя заслугі ў вучобе, культурна-масавай дзейнасці і спорце. А адбывалася ўсё гэта ў першы дзень снежня…

Дарога, здавалася, не скончыцца ніколі … З такім нецярпеннем чакалі дзеці прыбыцця ў пункт прызначэння. Мінск сустрэў нас цудоўным надвор’ем і першым снегам. На пачатку вандроўкі ўсіх чакала знаёмства з духоўна-інтэлектуальнай скарбніцай беларускага народа — будынкам Нацыянальнай бібліятэкі, выкананым у форме брыльянта, што сімвалізуе веды чалавека. Да нашай увагі была прапанавана аглядавая экскурсія па бібліятэцы. Мы змаглі агледзець будынак знутры, пазнаёміцца з яго гісторыяй, інфармацыйнымі рэсурсамі, тэхнічным абсталяваннем, тэхналогіяй абслугоўвання, архітэктурнымі асаблівасцямі і мастацкім афармленнем, функцыямі як інфармацыйнага, так і сацыяльна-культурнага цэнтра.

Пасля завяршэння экскурсіі мы наведалі панарамную пляцоўку Нацыянальнай бібліятэкі, узляцеўшы ў ліфце на вышыню ў 73 метры! Яна — закрытая, знаходзіцца на 22-ім паверсе. Прыгожыя віды сталіцы і яе наваколляў, якія адкрываюцца з гэтай вышыні, зрабілі на нас яркае ўражанне.

Далей наш шлях ляжаў у музей Янкі Купалы, які мы наведвалі і раней, яшчэ да рэканструкцыі. Ён наноў адчыніў свае дзверы пасля рамонту, прымеркаванага да 130-годдзя з дня нараджэння знанага беларускага паэта Янкі Купалы. Новая экспазіцыя ўразіла сваёй тэхнічнасцю. Як-ніяк, гэта першы ў Беларусі музей, які выкарыстоўвае столькі суперсучаснага абсталявання!

Позіркі адразу ж прыцягнуў touch-манітор. Як аказалася, ён не толькі выконвае функцыі інфакіёска, але і з’яўляецца кнігай водгукаў, з яго дапамогай можна сфатаграфавацца, а таксама пабываць на віртуальных экскурсіях у філіялах музея.

Экскурсавод правёў займальную і пазнавальную экскурсію. Асаблівасцю музея стаў адзін з пакояў, дзе нам выдалі спецыяльныя акуляры і прапанавалі паглядзець невялікі фільм у 3D-фармаце аб беларускім народным свяце «Купалле». Мы былі прыемна здзіўлены, даведаўшыся, што толькі ў гэтым музеі выкарыстоўваюцца 3D-тэхналогіі!

Прыгадваючы апошні візіт у музей, адзначаем, што кожная зала зараз абсталявана маніторамі, якія дазваляюць пагартаць рукапісы і іншыя дакументы Янкі Купалы, што таксама з’яўляецца значнай перавагай гэтага музея.

Апошнім пунктам прызначэння быў Беларускі дзяржаўны цырк. Яркія і незабыўныя прадстаўленні артыстаў розных краін у разнастайных жанрах, ад клоунаў да ўтаймавальнікаў дзікіх жывёл, дазволілі нават нам, настаўнікам, пагрузіцца ў свет бесклапотнага дзяцінства.

Думаю, кожны са школьнікаў быў па-сапраўднаму ўдзячны арганізатарам паездкі за прадстаўленую магчымасць правесці час з задавальненнем і карысцю.

Лілія Іванаўна СНЫТКОВА,

настаўніца беларускай мовы і літаратуры

Лядзенскага дзіцячага сада-сярэдняй школы

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *