Футбольны Мінск ля ног Чэрвеня

Спорт

У сталічным клубе «Тытан» адбылася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў сёлетніх турніраў, якія праводзіла асацыяцыя аматарскага футбола Мінска. Вёў яе вядомы беларускі тэлекаментатар Уладзімір Навіцкі.Сярод тых, хто атрымаў залатыя медалі — футбалісты чэрвеньскага «Будаўніка». Наша каманда стала пераможцай чэмпіянату асацыяцыі аматарскага футбола Мінска па міні-футболу 2011-2012 гадоў (на здымку). У гэтых спаборніцтвах «Будаўнік» у 22 гульнях 17 разоў перамог, аднойчы згуляў ўнічыю і чатыры матчы прайграў.  У складзе чэмпіёнаў выступалі Аляксандр Курыловіч, Сяргей Купровіч, Аляксей Сасункевіч, Антон Масько, Віталь Мельцар, Дзмітрый Чысты, Сяргей Канцур, Вячаслаў Целяціцкі, Уладзімір Тарасік, Юрый Пятроўскі, Дзмітрый Трапашка, Андрэй Борбут і Яўген Канашэвіч.

Адметна, што футбалісты «Будаўніка» таксама прызнаны пераможцамі ў абедзвюх вызначаных арганізатарамі чэмпіянату намінацыях. Прыз лепшага варатара атрымаў Аляксандр Курыловіч, прыз лепшага іграка — Антон Масько.

Дарэчы, «Будаўнік» узяў паспяховы старт і ў чэмпіянаце асацыяцыі аматарскага футбола Мінска па міні-футболу 2012-2013 гадоў. У першай гульні са сталічнай камандай «Дубль» лік адкрылі нашы сапернікі, але неўзабаве раўнавагу аднавіў Аляксей Сасункевіч. Затым чэрвеньцы прапусцілі тры мячы запар. Аднак, прайграючы — 1:4, футбалісты «Будаўніка» праявілі характар і здолелі змяніць ход сустрэчы. Намаганнямі Аляксея Сасункевіча, Дзмітрыя Чыстага і Антона Масько лік быў параўнаны — 4:4. А перамогу чэрвеньцам прынеслі два трапныя ўдары дэбютанта нашай каманды Андрэя Вашкевіча — 6:4.

Другую гульню у чэмпіянаце «Будаўнік» правёў з камандай «Мінск-Гэлаксі».

Амаль увесь матч чэрвеньцы вымушаны былі адыгрывацца. Пасля першага прапушчанага мяча раўнавагу ў ліку аднавіў Дзмітрый Чысты. Потым мінчане яшчэ двойчы выходзілі наперад, але, дзякуючы галам Антона Масько і Андрэя Вашкевіча, «Будаўнік» даганяў саперніка. Найбольш драматычным стаў адрэзак гульні, калі «Мінск-Гэлаксі» адарваўся ад чэрвеньцаў на два мячы — 5:3. Часу да заканчэння матча заставалася няшмат, але нашы футбалісты, як і ў першым матчы, праявілі волю і характар. І гэта прынесла плён. Спачатку Антон Масько скараціў разрыў у ліку да аднаго мяча, а потым Дзмітрый Чысты, тройчы за тры апошнія хвіліны сустрэчы паразіў вароты «Мінск-Гэлаксі». 7:5 — цяжкая, але цалкам заслужаная вікторыя «Будаўніка». У трэцім матчы, які, дарэчы, адбыўся перад цырымоніяй узнагароджання ў клубе «Тытан», чэрвеньцы перамаглі сталічны «Чыгуначнік» — 6:4. У гэтай гульні тройчы вызначыўся Андрэй Вашкевіч, па аднаму мячу забілі Сяргей Канцур, Аляксей Сасункевіч і Мікалай Свірыдовіч. Пры ліку 5:4 варатар нашай каманды Аляксандр Курыловіч не дазволіў сапернікам адыграцца, «узяўшы» пенальці.

А ў мінулыя выхадныя «Будаўнік» атрымаў чацвёртую запар перамогу ў чэмпіянаце. Гэтым разам была абыграна «Сансевілья». Мінчане здолелі пратрымацца з нашымі на роўных да першай трэці другога тайма, калі лік быў нічыйным — 2:2, а потым «пасыпаліся». Як вынік, вікторыя чэрвеньцаў- 7:2 (тры галы забіў Андрэй Вашкевіч, два — Дзмітрый Чысты, па аднаму Віталь Мельцар і Юрый Пятроўскі). Такім чынам, «Будаўнік» пасля чатырох тураў набраў максімальную колькасць ачкоў — 12 і, як і ў мінулым сезоне, аднаасобна лідзіруе ў чэмпіянаце. У бліжэйшых пераследвальнікаў — на тры ачкі менш.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *