АДРАДЖЭННЕ ТРАДЫЦЫЙ: КІРМАШ У ІВАНІЧАХ

Общество

Не паспелі яшчэ жыхары вёсак Іванічы і Аточная Слабада адпачыць ад уражанняў, атрыманых у час святкавання Дня работнікаў сельскай гаспадаркі, як да нас прыйшло, нагадала пра сябе ўласнае адметнае свята — свята кірмашу на Іванічах. Прыпадае яно на 21 лістапада. Менавіта ў гэты дзень праваслаўныя адзначаюць свята, звязанае з імем святога Міхаіла.

«Міхайла», як кажуць у нашай вёсцы, я асабіста памятаю яшчэ з часоў свайго дзяцінства. Ужо напярэдадні ўсё прыбіралася ў хаце, засцілаліся найпрыгажэйшымі посцілкамі ложкі, сталы накрываліся вышыванымі абрусамі. Увечары бабуля ўчыняла наздраватае цеста, ставіла на ноч у печ чыгункі з галёнкамі і мясам (да гэтага часу гаспадары павінны былі асвежаваць кабана), даставала са склепу капусту і хрусткія агуркі. А ўранні сквірчэла ў печы духмяная яешня са скваркамі, наразаліся хатнія паляндвіцы і каўбасы, у гліняных місках дыхаў свежасцю самаробны сыр і тварог. Стол накрываўся багата, гаспадары апраналіся ў самае лепшае адзенне.

І вось пачыналася дзейства. Да бабулі Ганны збіраліся родзічы, знаёмыя з суседніх вёсак. Завітвалі і бліжэйшыя суседзі, да якіх па той ці іншай прычыне ніхто не прыходзіў. Мне, дзіцяці, прыемна было атрымаць ад іх салодкі пернік, цукерку альбо макавую аладку. Госці ўсхвалялі гаспадароў за дабрабыт і гасціннасць, а гаспадары, у сваю чаргу, дзякавалі гасцям за тое, што наведалі іх. І ўсё гэта асвятлялася такімі шчодрымі дабрынёй і цеплынёй!

Вось і мы з удзельнікамі гурту «Вечарына» вырашылі аднавіць гэтую добрую традыцыю — адзначыць свой «Кірмаш» у сельскім Доме фальклору. Да нас завіталі бліжэйшыя суседзі — жыхары з вёскі Слабада. Прыгожа і багата ўстаўленыя сталы, зала, аформленая ў старадаўнім стылі, народная музыка і песні — усё гэта нібы вяртала мяне ў часы шчаслівага дзяцінства. А галоўным было панаванне тых самых дабрыні і цеплыні… А яшчэ — настальгічныя ўспаміны пра мінулае і сцвярджальная сіла веры ў будучае нашых вёсак.

Дык няхай квітнеюць і вёскі, і тыя людзі, хто сваёй памяццю і ўшанаваннем даўніны дапамагаюць нам, маладзейшым, паважаць і цаніць традыцыі сваіх продкаў.

 

Ларыса АРЭХАВА,

дырэктар Іваніцкага сельскага Дома фальклору

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *