А затым чакаў сеанс сувязі… з касманаўтам

Общество

Напярэдадні свята Нараджэння Хрыстова і Новага года ў Чэрвеньскім райвыканкаме адбылася сустрэча кіраўніцтва раёна, раённага Савета дэпутатаў з маці нашага трэцяга беларускага касманаўта Алега Навіцкага Валянцінай Эдуардаўнай і сям’ёй Вяргейчыкаў з Чэрвеня, якая выхоўвае траіх сваіх і чатырох прыёмных дзяцей. Літаральна на наступны дзень яны ад’язджалі ў горад-пабрацім Юбілейны. А затым іх чакаў сеанс сувязі… з Міжнароднай касмічнай станцыяй, з Алегам!

У прывітальным слове намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльнай сферы і ідэалогіі Ала Шахоцька, старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Тарасік выказалі словы падзякі і захаплення Валянціне Эдуардаўне Навіцкай за выхаванне такога сына, трэцяга беларускага касманаўта! Сям’і Уладзіміра і Святланы Вяргейчыкаў дзякавалі за тую адказнасць, якую яны нясуць, каб годнымі людзьмі выраслі іх Каця, Раман, Саша, Таня, Даша, Валя і Віка. Дарэчы, у 2010-м годзе гэтая сям’я была пераможцай раённага конкурсу шматдзетных сем’яў, які традыцыйна ладзяць тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.

Як зазначыла Ала Шахоцька, такая вандроўка павінна запомніцца ўсім і асабліва — дзецям. Для іх касманаўт Алег Навіцкі, канешне ж, будзе ідэалам на ўсё жыццё, прыкладам для пераймання. Як, зрэшты, і іншым школьнікам Чэрвеньшчыны і ўсёй Беларусі. Да сеанса сувязі з нашым земляком дзеці падрыхтавалі канцэртныя нумары, СШ№2, дзе вучыўся касманаўт, сумесна з Цэнтрам дзіцячай творчасці г.Чэрвеня — памятны альбом. Ёсць і іншыя падарункі і сюрпрызы — для Алега і яго калег.

На сустрэчы прысутнічалі таксама начальнікі аддзелаў райвыканкама: адукацыі — Ларыса Асановіч, ідэалогіі — Ларыса Ефіменка.

Святлана АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *