Заяц Борка

Общество

Смілавіцкі пенсіянер і былы марак Пётр Юркевіч, які два дзесяткі гадоў плаваў па марах і акіянах, успамінае свае дзіцячыя гады.

Калі Пеця быў у шостым класе Смілавіцкай сярэдняй школы, іх на «палутарцы» Зыгмусь завёз ў вёску Шасціснопы выбіраць бульбу ў калгасе.

Пеця заўважыў зайчыка, што схаваўся ў баразне. Зняў шапку і накінуў на звярка. Зайчык быў ужо ладнаваты: з ката. Прывёз яго дадому.

Былі галодныя пасляваенныя гады і маці хацела зарэзаць даўгавухага на мяса. Але малодшы брат Толік, Пеця і старэйшая сястра Тамара пачалі плакаць і заступіліся за зайца.

Назвалі зайца Борыкам. Ён жыў у хаце ў падпечку, быў ласкавы і паслухмяны. Дзеці не маглі нарадавацца, гуляючы са звярком. Суседскія дзеці таксама прыходзілі пазабаўляцца з Борыкам, прыносілі яму гасцінцы: моркву, бурачкі, капусту, бульбу. Заяц з задавальненнем еў сырую і вараную гародніну, сена і суп. Пачуўшы: «Борка!», — ён выскокваў з падпечка, скакаў да дзяцей на пасцель ці на рукі. Быў заяц вельмі чыстаплотны.

За зіму звярок падрос, стаў вялікі і яшчэ прыгажэйшы. Ці можа быць большая забава для дзяцей, чым жывы заяц! Даўгавухі таксама любіў пагуляць з дзецьмі. Раніцай, калі Пеця бачыў яшчэ сёмы сон, заяц на задніх лапах выцягваўся ва ўвесь рост ля ложка і лапай — раз! — будзіў лепей, чым кот Марцін.

Прыйшла вясна. Дзверы ў хаце і сенцах былі адчынены, каб сонечнае цяпло абагравала хату. Бульба пасаджана, грады зроблены.

Борка садзіўся на парозе, а на вуліцу не рыпаўся. Пачуўшы каманду: «Борка, назад!», — і ён тут жа, як сабака, вяртаўся і скакаў па хаце на пацеху дзецям.

Неяк, калі зусім голадна стала, уздыхнуўшы, маці прамовіла:

—   Трэба зарэзаць зайца. Мяса з яго кіло два будзе ці нават тры.

Дзеці загаласілі: «Не, мама, не трэба рэзаць Борку!», і яна пагадзілася адкласці гэтую справу на потым.

Заяц навастрыў вушы, быццам зразумеў сказанае.

Раніцай, калі па Лядзенскай вуліцы міма іх хаты пачалі ездзіць машыны, Борка, як звычайна, паскакаў да парога. Прысеў. Потым даў цягу на вуліцу, а адтуль на могілкі, што недалёка, паросшыя кустоўем. Толькі яго і бачылі. Колькі Борку ні звалі, заяц не вярнуўся назад.

Дзеці вельмі перажывалі за свайго выхаванца, але і радаваліся: іх заяц жывы-здаровы гуляе ў сваім царстве!

 

Уладзімір Шулякоўскі

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *