У Нясвіж да Радзівілаў

Общество

(Працяг)

…Кожная экспазіцыя нясвіжскага  замка нас захапляла. У зале прыватных калекцый мы ўбачылі французскі габелен  XVII стагоддзя, збаны з геральдычнай эмблемай князёў Радзівілаў, вырабы радзівілаўскіх мануфактур — слуцкія паясы, шпалеры, посуд і  іншае.  Зразумела, не прамінулі паглядзець унікальныя экспанаты выставы «Каралеўскія скарбы: еўрапейскія шэдэўры 1600-1800»…

Усяго ў замку 30 экспазіцыйных залаў, больш як 1200 экспанатаў.

Водна-паркавы комплекс

З замка экскурсавод скіраваў нашу групу ў парк Радзівілаў.  І распавёў, што сваім узнікненнем ён абавязаны жонцы XIV нясвіжскага ардыната Антонія Радзівілы — Марыі дэ Кастэлян. Яны ўступілі ва ўладанні  пасля 50-гадовай адсутнасці Радзівілаў у Нясвіжы і многае зрабілі для аднаўлення радавога гнязда. Дзякуючы  намаганням Марыі дэ Кастэлян на месцы былога парку на правым беразе ракі Уша быў закладзены сучасны Стары парк, на левым насупраць замка — Англійскі, а паўночней яго — Новы (Марысін).  Агульная плошча ўсяго паркавага комплексу складала каля 90 гектараў.  У Еўропе тады панавала мода на вольна распланаваныя “англійскія паркі”, падобныя да натуральнай прыроды. Гэты прынцып Марыя дэ Кастэлян выкарыстала ў аснове закладкі свайго паркавага ансамблю. Тут удала злучылі  паляны і алеі, своеасабліва высадзілі розныя дрэвы, падабраўшы іх па афарбоўцы лісця, форме кроны, вышыні і іншых прыкметах.

Увесь парк умоўна быў падзелены на некалькі ландшафных участкаў, на кожным з якіх — характэрны падбор насаджэнняў. Гэтым падзеленым паркам  дадзена адпаведная назва. Мы прайшліся па алеі, якая вядзе да Замкавага парку. На шляху — Тэатральная паляна, якая мае выгляд паўкола і атрымала назву за тое, што калісьці тут прыдворны тэатр паказваў  спектаклі.

Прайшліся таксама па Старым парку.  Па словах экскурсавода, калісьці на яго тэрыторыі на Спартыўнай паляне меўся тэнісны корт. Елкі, бярозы і клёны аддзялілі гэтую паляну ад Цэнтральнай, дзе шмат было ўстаноўлена скульптурных кампазіцый. На жаль, многае з былога знішчана, але радуе, што праводзяцца работы па аднаўленню першапачатковага выгляду.  І мы ўбачылі атрыбут багатай сядзібы — помнік сабаку, якая выратавала гаспадара ад мядзведзя ў час палявання,  памятныя валуны, у цэнтры невялікага вадаёму — рамантычную бронзавую скульптуру каралевы русалак Ундзіны, якая  зачароўвае спевам прыгожых мясцовых юнакоў…

У парку шмат сцежак. Каб павольна прагуляцца па іх, удыхаючы восеньскі водар паветра, палюбавацца разнастайнымі векавымі дрэвамі, паслухаць шапаценне лісця — дня не хопіць. І мы вымушаны былі прыспешваць свой крок. А тыя турысты, якія не спяшаліся, мелі магчымасць пакатацца ў парку на кані вярхом альбо ў брычцы, на нейкі момант адчуць не такі імклівы, як цяпер, тэмп жыцця. Дарэчы, у радзівілаўскіх стайнях было 300 ці болей  пародзістых коней, карэтных і выязных. Усе яны мелі мянушкі, выбітыя на медных таблічках. Як распавядала мясцовы экскурсавод, стайні  былі шыкоўнымі — з калонамі, пафарбаванымі пад колер чырвонага дрэва, з мяккім дываном на праходзе, з люстэркамі на сценах, паветра накурвалі спецыяльным прыемным духмяным пахам. Але не толькі пародзістых коней любілі Радзівілы, а і багатыя экіпажы. Па апісанню, якое дайшло да нашага часу, упамінаецца, напрыклад, карэта чырвоная з галуном залатым аксамітным, фіранкамі з тонкай золататканай кітайскай матэрыі, шклянымі акенцамі і столікам.

 

Фарны касцёл

Падчас краязнаўчых паездак не раз мы мелі магчымасць з захапленнем аглядаць велічныя і прыгожыя даўнія каталіцкія святыні. Кожная з іх адметная. Мае свой непаўторны выгляд і вельмі цікавую гісторыю касцёл Божага Цела ў Нясвіжы, узведзены па задумцы Радзівіла “Сіроткі”. Для ажыццяўлення яе магнат запрасіў  вядомага таленавітага італьянскага архітэктара Бернардоні, які за ўзор узяў галоўны храм езуітаў у Рыме. Так што паглядзеўшы на нясвіжскі,  мы маглі ўявіць сабе і рымскі. Па існуючых звестках, гэты храм у Нясвіжы стаў першым езуіцкім касцёлам на тэрыторыі Беларусі. Цікава, што ад першай імшы ў лістападзе 1593 года і да сённяшніх дзён ён ніколі не зачыняўся, нават у Вялікую Айчынную вайну тут вялася служба.

У фарным касцёле 52 гады  служыў Богу і людзям  Гжэгаж Каласоўскі (аб чым нагадвае ўстаноўлены барэльеф). Ксёндз меў вялікі аўтарытэт і несвіжане ўдастоілі каталіцкага святара звання Ганаровага грамадзяніна іх горада.

Зараз не толькі вернікі прыходзяць у святыню памаліцца, з вялікім інтарэсам наведваюць яе шматлікія турысты. Пабывалі і мы. Касцёл прыцягвае здалёк увагу сваёй знешняй мураванай велічнасцю. Ён атынкаваны і пабелены. На фасадзе надпіс па латыні, які ў перадкладзе азначае: «Пакланіся святому храму твайму ў страху сваім».

Небывалай прыгажосці унутранае афармленне гэтага стагоддзямі намоленага месца. Ахоплівае хваляванне, калі аглядаеш фрэскавыя роспісы, абразы, малюнкі на біблейскія тэмы, скульптуры, карціну “Тайная вячэра” у галоўным алтары, зробленым у Венецыі… Узнікшае трапяткое пачуццё падмацоўвае цікавы расповед экскурсавода.  Ён звяртае, у прыватнасці, нашу ўвагу на дзве мемарыяльныя дошкі ў памяць аб сынах  Радзівіла “Сіроткі”, паміж якімі знаходзіцца барэльеф яго самога — на каленях і ў адзенні пілігрыма. Над барэльефам надпіс: «Перад тварам смерці кожны не рыцар, а толькі пілігрым-вандроўнік». Кажуць, што Радзівіл “Сіротка” прыйшоў да такой высновы пасля наведвання Святой Зямлі. Ён жа і абраў узведзеную паблізу замка святыню для заснавання сямейнай пахавальні. Яна збераглася. А таму мы па ступеньках спусціліся ў гэтае царства мёртвых. У цёмным склепе радамі стаяць вялікія і малыя дамавіны з муміямі, іх семдзесят і адна урна з прахам Антонія Радзівіла, прывезеная з Лондана ў 2000 годзе. Тут пахаваны не толькі князi, але і iх жонкi, дзецi, унукi, нават любімы слуга…

У саркафагу па сутнасці дзве труны: металічная напалову зашклёная ўкладзена ў драўляную. Праз шкло можна ўбачыць муміі, але нам саркафагі , канешне, не адчынялі, даючы спакойна спачываць Радзівілам (калі можна назваць спакоем штодзённую тут мітусню цікаўных турыстаў). Нам распавялі, што сакрэт муміфікацыі прывёз з Егіпта ўсё той жа Радзівіл “Сіротка”. Ён першым і быў пахаваны.

А яшчэ звярнулі мы ўвагу на «Гарбаты» саркафаг. Паданне расказвае пра маладую князёўну, якая праз каханне да простага юнака замерзла і так скарчанела, што яе не маглі пакласці ў звычайную труну, а таму  пахавалі у сядзячым становішчы. У сапраўднасці тут спачывае сталая княгіня.

Паказалі нам драўляную бочку. У ёй, як ні дзіўна, таксама зберагаюцца астанкі чалавека. Існуе паданне. Было быццам бы так: жыў князь, які вельмі любіў паляваць. У старасці, калі не мог хадзіць, яго на паляванне вазілі ў калясцы. Служкі гналі загадзя падрыхтаванага старога мядзведзя, які даваў сябе забіць нядужаму паляўнічаму. Але аднойчы стрэл не быў трапным,  паранены мядзведзь з ціхага ператварыўся ў раз’юшанага і загрыз чалавека. Тое, што засталося ад князя, і  захоўваецца ў невялікай бочцы.

Увогуле, легенд і паданняў аб прадстаўніках  радзівілаўскага роду існуе шмат. Многія з іх мы пачулі.  Напрыклад, аб Чорнай даме, прывід якой быццам бы і цяпер абыходзіць пакоі замка; аб музычным творы «Авэ Марыя», які  нібыта напісаны паводле трагічнага лёсу  дзіўнай прыгажосці простай дзяўчыны, якая надта  хораша спявала і якую моцна пакахаў Караль Радзівіл; пра закаханую ў простага юнака князёўну, якую жывую паклалі ў труну, калі яна знаходзілася ў летаргічным сне…

Шмат адбывалася падзей на працягу стагоддзяў, шмат лёсаў перапляталася, недзіўна, што і шмат паданняў ды легенд перадавалася з пакалення ў пакаленне і дайшло да нашага часу. А праўда захоўваецца ў саркафагах разам з памерлымі. Спецыялісты, напрыклад, пацвердзілі, што у адным з іх сапраўды жанчына была жывой, і памерла яна ад разрыву сэрца, калі спрабавала павярнуцца ў труне.  Нават чуць такое і тое страшна… Таму доўга тут не затрымліваліся.

 

Ратуша

Двухпавярховая, з вежай і гадзіннікам — яна сапраўднае ўпрыгожанне Нясвіжа.

Пабудавалі яе пасля таго як горад атрымаў магдэбургскае права. Экскурсавод, якая праводзіла тут экскурсію, нагадала нам, што кодэкс законаў гарадскога самакіравання быў сфарміраваны ў нямеччыне, а потым распаўсюдзіўся па іншых краінах, у тым ліку і ў Вялікае Княстве Літоўскім. Магдэбургскае права спрыяла развіццю эканамічнай і грамадска-палітычнай дзейнасці гараджан, вызначала іх стан і маёмасныя правы. Горад, які атрымліваў гэтае права, меў магчымасць  выбіраць орган самакіравання – магістрат, у склад якога ўваходзілі заможныя гандляры і рамеснікі. Магістрат кіраваў усім жыццём горада і размяшчаўся ў ратушы. Да нашых дзён “дажыло” ўсяго пяць ратуш, у тым ліку і нясвіжская. Тут месціліся магістрат, суд, турма, казна, была зала для ўрачыстых грамадзянскіх актаў і тэатральных паказаў.

Зараз на другім паверсе будынка працуе музей, на першым — рэстаран. У музеі размясцілася экспазіцыя «Органы гарадскога самакіравання г. Нясвіжа XVIII – першай паловы XIX стагоддзяў». Узноўлены  залы ўрачыстых пасяджэнняў, суда, скарбніца, кабінет войта. Мы з цікавасцю слухалі расповед пра гісторыю горада, яго знакамістасцях і мецэнатах, жыццё несвіжан. Як бы па сакрэту нам распавялі, што і даўней жыхары пісалі даносы, учынялі бойкі, крадзяжы, падраблялі грошы. Аднак закон быў жорскі і каралі людзей так, каб іншым непавадна было. Напрыклад, за хуліганства на плошчы чалавека прывязвалі да спецыяльнага слупа “ганьбы” і білі плёткай з наканечнікам у выглядзе кручка або калючага металічнага шара. А калі, не дай Бог, забіў бацьку, засоўвалі ў вялікі скураны мех разам з сабакам, катом, пеўнем і змяёй, моцна завязвалі і кідалі ў раку. Нават цяжка сабе ўявіць тыя пакуты, якія адчуваў забойца.

Своеасабліва ў Нясвіжы ставіліся да нявест.  Пасаг ім даваў сам Радзівіл, так што ў мінулым хлопцы ахвотна заляцаліся з несвіжанкамі.

…Пад бой гадзінніка на ратушы мы пакідалі горад, у думках прамаўляючы: “Да новай сустрэчы, Нясвіж!”

 

Эма МІКУЛЬСКАЯ.

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *