Святам паядналіся

Общество

Мнагалюдна было мінулай суботай у Хутарскім Доме культуры. Тут, як у народзе кажуць, яблыку не было дзе ўпасці. Сабраліся паляводы і жывёлаводы, механізатары і аператары машыннага даення  КСУП “Ганута-Агра”, каб урачыста адзначыць сваё прафесійнае свята — Дзень працаўнікоў сельскай гаспадаркі. Ва ўсіх адчуваўся прыўзняты настрой. Апранутыя па святочнаму, многія прыйшлі цэлымі сем’ямі. Інакш і быць не магло. Гэта свята тых, хто любіць родную зямлю, добрасумленна працуе на ёй, вырошчвае хлеб.

Напачатку ўрачыстасці перад прысутнымі выступілі дырэктар унітарнага прадпрыемства Мурашка Яўгеній Георгіевіч і намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Анейчык Аляксандр Кузьміч. Яны павіншавалі ўсіх з прафесійным святам, назвалі пераможцаў, расказалі пра поспехі працаўнікоў сельскай гаспадаркі ў сёлетнім годзе, пра недахопы, якія меліся ў рабоце, звярнулі ўвагу на тыя планы і задачы, якія давядзецца вырашаць у бліжэйшыя гады.

Затым пачаўся самы адказны момант — ушанаванне пераможцаў. З прыемным хваляваннем падымаліся на сцэну лепшыя працаўнікі гаспадаркі. Кожнаму было прыемна атрымаць з рук дырэктара Яўгенія Мурашкі і старшыні прафкама Людмілы Міколенка жывыя кветкі і грашовыя ўзнагароды.

Не засталіся без увагі людзі розных прафесій. А добрасумленных і працавітых шмат тут. Гэта трактарысты Няхай Мікалай Іванавіч, які прымаў удзел у абласным свяце працаўнікоў сельскай гаспадаркі ў Маладзечна, трактарысты — браты Сяргей і Аляксандр Шышонкі, Сяргей Дзенягуб, камбайнеры Валерый Свірыдовіч, Юрый Чыбісаў, вадзіцелі Вячаслаў Гараўскі, Валянцін Баброўскі, даглядчыкі жывёлы Ірына Хурсевіч, Сяргей Гоман, аператары машыннага даення Алег Бабачонак, Таццяна Галец і іншыя.

На ўрачыстасці прысутнічала начальнік аддзела культуры Чэрвеньскага райвыканкама Качановіч Аксана Васільеўна. Яна павіншавала са святам, пажадала новых поспехаў у працы.

Перад прысутнымі выступіла старшыня Калодзежскага сельскага Савета Пасудзеўкая Людміла Аляксандраўна. Яна выказала словы ўдзячнасці ўсім працаўнікам гаспадаркі за іх нялёгкую, але ганаровую працу, а таксама ўручыла падарунак працаўнікам новай фермы вёскі Хутар.

Я адпрацаваў настаўнікам у Хутарскай школе 45 гадоў. І мне прыемна, што наша праца па выхаванню падрастаючага пакалення не праходзіць бясследна. Многія выпускнікі школы не шукаюць дзесьці лёгкага хлеба, а самі вырошчваюць яго, добрасумленна працуюць на роднай бацькоўскай зямлі. Сярод іх — маладыя спецыялісты Дзмітрый Люкіш і Антон Белязяк.

Святочны настрой для прысутных стваралі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Раваніцкага Дома культуры. Яны падрыхтавалі змястоўную канцэртную праграму і ўвесь вечар весялілі гледачоў сваімі талентамі.

Спадабаліся прысутным нумары ў выкананні ансамбля народнац песні “Крыніцы”, харэаграфічная кампазіцыя вучняў Раваніцкай школы (кіраўнік Анастасія Астроўская) парадавалі гледачоў салісты Наташа Гурыновіч, Наташа Судак, Кацярына  Малькевіч. Асабліва пакарыў нашых дзяўчат і жанчын сваімі спевамі Максім Дабродзька. Па-майстэрску чытаў беларускія байкі Рыгор Ладуцька. Прыемнае ўражанне пакінула вядучая канцэрта Тамара Ігнатовіч.

Словам, свята ўдалося. З узнёслым настроем разыходзіліся яго ўдзельнікі.

 

 

Пётр САКАЎ,

старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі “Новая Ніва”

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *