Гістарычны каляндар Чэрвеньшчыны. Лістапад

Общество

З 8 лістапада 1795 года царскім указам мястэчку Ігумен дазвалялася сродкі ад віннага продажу выкарыстоўваць на патрэбы павета.

12 лістапада 1863 года падчас нацыянальна-вызваленчага паўстання пад кіраўніцтвам К.Каліноўскага было складзена «Сакрэтное данясенне Мінскага ваеннага губернатара Забалоцкага за №3268 аб тэрміновай адпраўцы палача ў распараджэнне павятовага ваеннага начальніка ў г.Ігумен».

18 лістапада 1896 года быў складзены «Пратакол будаўнічага Мінскага губернскага праўлення аб зацвярджэнні ўстаноўкі паравога катла ў млыне Ельскага ў маёнтку Ляды».

26 лістапада 1896 года памёр  Канстанцін Ельскі, уражэнец в.Ляды Смілавіцкай воласці Ігуменскага павета Мінскай губерні, вядомы заолаг, падарожнік, даследчык фауны і флоры Паўднёвай Амерыкі.

Лістапад 1905 года. У Ігуменскім павеце зарэгістраваны масавыя самавольныя вырубкі памешчыцкіх лясоў.

10 лістапада 1918 года ў в.Клінок Чэрвеньскага раёна нарадзіўся Карнач Сцяпан Андрэевіч, удзельнік Вялікай Айчынай вайны, Герой Савецкага Саюза.

17 лістапада 1922 года ў в.Плецявішча Чэрвеньскага раёна нарадзіўся Ганчарык Аляксандр Пятровіч, Заслужаны сувязіст БССР, Герой Сацыялістычнай Працы (1971).

1 лістапада 1931 года ў тэхнікуме буйной рагатай жывёлы і малочнай справы (такая была самая першая назва Смілавіцкага саўгаса-тэхнікума) пачаліся заняткі.

17 лістапада 1936 года адбыўся 8-ы раённы надзвычайны з’езд Саветаў Чэрвеньшчыны, на якім было абрана 6 дэлегатаў на 12-ы Усебеларускі з’езд Саветаў, сярод якіх была Федарэнчык Антаніна, старшыня калгаса імя Энгельса Лядзенскага сельсавета.

8 лістапада 1942 года выйшаў першы нумар падпольнай газеты «Чэрвеньскі партызан».

Лістапад 1942 года. Арганізаваны 44-ы партызанскі атрад на базе дыверсійнай групы І.Д.Юрчанкі, якая прыбыла з савецкага тылу ў верасні 1942 года і з жыхароў Чэрвеньскага і Асіповіцкага раёнаў. Дзейнічаў у складзе брыгады «За Радзіму» імя А.К.Флегантава.

Лістапад 1942 года. Арганізаваны партызанскі атрад імя В.М.Молатава на базе ініцыятыўнай групы, выдзеленай атрадам імя Варашылава брыгады «Чырвоны Сцяг». У красавіку 1944 года расфарміраваны.

У лістападзе 1942 года фашысты правялі карную аперацыю пад кодавай назвай «Фрыда» супраць партызанскіх брыгад і мірнага насельніцтва ў Чэрвеньскім і Смілавіцкім раёнах. Растраляна 436 чалавек, захоплена 1280 тон зерня, 630 галоў жывёлы.

27 лістапада 1957 года ў в.Задабрычча Чэрвеньскага раёна нарадзіўся Кіклевіч Аляксандр Канстанцінавіч, доктар філалагічных навук, прафесар.

 

(Па матэрыялах Чэрвеньскага раённага краязнаўчага музея)

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *