ЦІ ХАТЫ, ЦІ КВАТЭРЫ — БРУДУ ПА САМЫЯ ДЗВЕРЫ…

Общество

Чарговы рэйд, зладжаны па тэрыторыі Лядзенскага сельсавета, да якога пэўны час таму далучылася частка Хутарскага, стаўся самым цяжкім. Бо праходзіў у складаных умовах надвор’я, па вялікаму ўчастку, дзе мы наведалі шмат сем’яў. Да таго ж, убачанае часцяком не проста засмучала, а, як кажуць, цаляла прама ў сэрца… Умовы жыцця і стан спраў у нядобранадзейных і праблемных сем’ях вёсак Лядзенскага сельсавета назіралі і ацэньвалі намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Наталля Сцяжко, псіхолаг тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Святлана Аношка, памочнік урача-гігіеніста Чэрвеньскага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Таццяна Дарафейчык, участковы інспектар Чэрвеньскага РАУС Андрэй Прышывалка, старшыня Лядзенскага сельвыканкама Алена Гамеза.

Паколькі наш шлях пралягаў міма Лядзенскай школы, напачатку заехалі туды, каб праверыць гуртковую работу. Як зазначыла Наталля Сцяжко, заняткі праводзілі тут па раскладу. Напрыклад, у пятым класе ішлі асновы бяспекі жыццядзейнасці, дзе вучні з задавальненнем адказвалі на пытанні па тэме, якую праходзілі. Ведалі яны таксама, да якога часу можна знаходзіцца ўвечары ў грамадскіх месцах без суправаджэння дарослых і навошта трэба флікеры. Дарэчы, кожны з пяцікласнікаў меў іх па два-тры.

З Лядоў накіроўваемся ў вёску Луч, дзе наведваем чатыры сям’і. Непрыемны пах бруднай бялізны сустракае нас у жылым памяшканні першай сям’і. Дарослыя, чые адносіны не аформлены афіцыйна, маюць тут на дваіх трое дзяцей. Сям’я стаіць на ўліку як сацыяльна небяспечная менавіта з-за антысанітарыі. Маці знаходзіцца ў адпачынку па догляду за дзіцём да трох гадоў, увесь час дома. Але да парадку тут далёка, што ёй і патлумачылі ўдзельнікі рэйду.

На выхадзе нас дагнаў мужчына з суседняй кватэры:

— А да мяне вы хіба не зойдзеце?!

Сям’я, дзе паміж дарослымі таксама не аформлены афіцыйныя адносіны, мае дачку-школьніцу. На момант рэйду ў кватэры знаходзіўся толькі тата. Патлумачыў, што жонка ў бальніцы, а ён сам спраўляецца па гаспадарцы.

Па шчырасці, не зусім зразумелі, якія дасягненні хацеў нам прадэманстраваць гаспадар. Так, у кватэры больш чыста, чым у суседняй, але і больш пуста. У адным пакоі, дзе шпалеры не трымаюцца на бетонных сценах, па яго словах, ён робіць рамонт. На ложку няма пасцельнай бялізны… Зрэшты, як патлумачылі нам тыя з членаў камісіі, хто быў тут раней, сітуацыя насамрэч палепшылася. Бо колькі гадоў таму дзіця нават даводзілася забіраць у прытулак. Але пасля прафілактычнай работы з сям’ёй абстаноўка тут відавочна нармалізавалася…

Указаўшы гаспадару на ўсе недахопы, ідзём да маладой маці-адзіночкі, якая выхоўвае дзіця да года. Пяць месяцаў таму яна трапіла ў поле зроку грамадскай камісіі па справах непаўналетніх Лядзенскага сельвыканкама, бо была ў нецвярозым стане, а двухмесячнае на той час дзіця — без нагляду. Тады, як патлумачыла Наталля Сцяжко, былі прыняты кардынальныя меры. Малое забралі і змясцілі ў педыятрычнае аддзяленне бальніцы. А пасля прафілактычнай работы з маці далі ёй магчымасць выхоўваць дзіця самой.  Падчас рэйду калі і з’явіліся заўвагі, дык невялікія.

Пакуль больш-менш стабільная сітуацыя і ў сям’і, дзе адна маці выхоўвае траіх дзяцей. Бацька з’ехаў адсюль на працяглы час, выплачвае аліменты. А сітуацыя тут была вельмі няпростай. Маці злоўжывала спіртным і была звольнена з працы ў мясцовай гаспадарцы. Праўленне ж увогуле прыняло рашэнне: яна павінна вызваліць службовае жыллё. Але пасля таго, як жанчына прайшла лячэнне і публічна папрасіла прабачэння ў кіраўніка гаспадаркі і праўлення, ёй была дадзена магчымасць рэабілітавацца. Зараз заўваг у членаў камісіі па справах непаўналетніх і адказных асобаў, вядома, хапала. Але яны больш датычыліся парадку ў сенцах і на тэрыторыі. У самой хаце даволі няблага…

Пераязджаем з Луча ў Вялікую Гануту. Заходзім у хату да сям’і, якая доўгі час была на кантролі. У адным вялікім цеснаватым памяшканні і ядуць, і сушаць бялізну, і начуюць, і бавяць час, і… смецяць… Сярод вялізнага беспарадку і антысанітарыі застаём паўналетнюю дачку гаспадыні і яе сужыцеля (зрэшты, у іх ёсць асобны пакой), а таксама яе 17-гадовага брата і другога — малога, якога яна глядзіць. На слушныя заўвагі ўдзельнікаў рэйду дзяўчына адказвала даволі агрэсіўна. Супрацоўніца цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Таццяна Дарафейчык выпісвае прадпісанне — на працягу трох дзён навесці парадак, інакш малога адсюль забяруць у прытулак. Застаецца толькі дзівіцца, як столькі даволі дарослых людзей не могуць абслугоўваць самі сябе… Усё ў кучу: і прадукты, і прадметы, і посуд, і вопратка… А на выхадзе — у кожным куце кучы смецця.

Як, зрэшты, і ў наступнай хаце, дзе яшчэ на двары і ў сенцах столькі ўсяго навалена — не пераступіць! Тут жыве жанчына з двума дзецьмі, адно з якіх — інвалід, і яна не працуе, яго даглядае. На момант рэйду там знаходзіўся толькі сужыцель.

Унутры, як аказалася, бардак не меншы! Тут Таццяна Дарафейчык пакідае аналагічнае прадпісанне. Як патлумачыла старшыня Лядзенскага сельвыканкама Алена Гамеза, сям’я раней пражывала з маці гаспадыні, бабуляй дзяцей. Там быў парадак. Больш-менш яго падтрымлівалі і пасля пераезду ў гэтае памяшканне летась. А цяпер… Карацей, калі тут не навядуць парадак, дзяцей чакае дзяржустанова, а маці — прымусовае выхаванне…

Заязджаем да сям’і, дзе раней дзеці былі ў сацыяльна небяспечным становішчы, а цяпер яна знята з уліку. Бацькі працуюць, у хаце чыста. А пра тое, што тут усё ў парадку, можна было здагадацца, паназіраўшы за двума меншымі сынамі. Сышоўшы з прыступак школьнага аўтобуса, яны подбегам накіраваліся дахаты. Праўда, маме пасля іх сустрэчы давядзецца суцяшаць маленькага. Старэйшы ўзяў у яго паветраны шарык, пасля выпадкова адпусціў… Той зачапіўся за штосьці на зямлі і лопнуў. Слёз і крыўды ў малога — мора! Зрэшты, звычайны сюжэт з дзяцінства. Няхай, як кажуць, гэта і станецца для яго самым вялікім засмучэннем. А большага каб не было…

На заканчэнне рэйду Наталля Сцяжко прапаноўвае заехаць да жанчыны, якая выхоўвае траіх непаўналетніх. Сярод іх — навучэнка ліцэя і дзіця-інвалід. Тыдзень таму дзеці былі прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне і забраны ў маці. Цяпер ёй, аматарцы спіртнога, трэба прайсці медкамісію і навесці ў хаце парадак…

Тое, што мы згледзелі на падыходзе да хаты і ўнутры яе, уразіла да глыбіні душы. І тут жылі дзеці?! У асноўным памяшканні не было святла. І чамусьці не спрацоўвала ўспышка фотаапарата. Ужо на маніторы камп’ютара пры рэжыме моцнага асвятлення тут удалося ўбачыць халадзільнік, тэлевізар… Але не факт, што ў рабочым стане. Замкоў не назіраецца. Сенцы прадзімаюцца ўсімі вятрамі. А дзе бавіць свой ужо вольны час без дзяцей гаспадыня — невядома. Але ў адпаведнасці з палажэннямі Дэкрэта №18 вольніца для яе якраз-такі закончылася…

 

Святлана АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *