З РОДУ ГЕРБА «СЫРАКОМЛЯ»

Общество

У 1989 годзе на старонках раённай газеты «Уперад» разгарнулася дыскусія аб неабходнасці вяртання нашаму гораду гістарычнай назвы «Ігумень», што падзяліла чытачоў на дзве часткі — прыхільнікаў і праціўнікаў гэтага. Адзін з нязгодных, ветэран працы, вылаяўшы ініцыятараў, са здзекам заявіў: «Я вам падкажу яшчэ ўвекавечыць пана Булгака і яго паненку. У мінулым былі вёскі Драхча Булгацкая, а цяпер Праўда, і Драхча Паненская, а цяпер Кутузаўка. Не муціце і не тлуміце людзей». А ў гэты ж час адзін з настаўнікаў матэматыкі закідваў цэнтральныя газеты лістамі з патрабаваннем выключыць са школьнай праграмы па рускай літаратуры творчасць Аляксандра Пушкіна і Льва Талстога. Маўляў, яны ж памешчыкі, эксплуататары.

Куточак старога Натальеўска

Так, кожны мае права на ўласную думку, на свой погляд. Але ж ці трэба, каб у іх была такая непрыкрытая зайздрасць. Ці ж вінаватыя людзі, што яны нарадзіліся ў багатых сем’ях, жылі ў грамадстве, якое падзелена на класы. Галоўнае, каб яны былі прыстойнымі людзьмі і прыносілі карысць іншым, свайму народу, усяму чалавецтву. Сацыяльны стан, саслоўе, для чалавека — не заслуга і не віна. Гэтак жа як і нацыянальнасць, як і веравызнане.

Прывілеяванае саслоўе на тэрыторыі сучасных Беларусі, Польшчы, Украіны, Літвы, Чэхіі ў 13 — 20 стагоддзях называлася шляхтай. Эканамічная аснова пануючага становішча яе — феадальная ўласнасць на зямлю. У старыя часы шляхта ўяўляла сабой сілу, ад якой залежаў лёс дзяржавы. Доўгі час яна была ўсеўладным гаспадаром у дзяржаве і заставалася такім да канца існавання Рэчы Паспалітай — выбірала каралёў, судзіла, вяла войны, заключала дагаворы і г.д.

Уплывовыя людзі набылі родавыя гербы. Такі геральдычны знак можна было атрымаць у спадчыну, або як узнагароду ці

Ян Булгак

падарунак. Герб «Сыракомля» вядомы з сярэдзіны чатырнаццатага стагоддзя. Назву ж ён атрымаў у гонар нашага рыцара Сыракомлі, які ў 1399 годзе перад бітваю на Ворскле ў двубоі перамог праціўніка. Гербам «Сыракомля» карысталіся каля сямідзесяці шляхецкіх родаў, у тым ліку Булгакі. (Трэба адзначыць, што у нас часта скажаюць гэтае прозвішча, пішуць зусім іншае — «Буглак»).

За час удзелу ў рабоце мастацка-літаратурнага клуба «Ветразь» мне давялося пазнаёміцца з двума выдатнымі прадстаўнікамі гэтага роду. Першы з іх — беларускі царкоўны дзеяч, мітрапаліт Ігнацій Іасафат Булгак (1758-1838). Ён, як толькі мог, адстойваў уніяцкую царкву. Яго партрэт работы Івана Хруцкага знаходзіцца ў нашым Нацыянальным мастацкім музеі. Другі — Ян Булгак (1876-1950) — этнограф, фалькларыст, майстар мастацкай краязнаўчай фатаграфіі. Што ў выяўленчым мастацтве зрабілі Іван Хруцкі, Напалеон Орда, Фердынанд Рушчыц, тое ён зрабіў у фатаграфіі.

У 2010 годзе ў мінскім выдавецтве «Медысонт»пабачыла свет кніга Д.М. Дразда «Землевладельцы Минской губернии 1861-1900» (другое выданне гэтай кнігі, 2012 года, нядаўна набыў раённы краязнаўчы музей). Аўтар узяў за аснову «Список землевладельцев Минской губернии. 1876 г.» і дапоўніў яго дадзенымі такога ж спіска 1889 года. З кнігі даведваемся, што ў гэты перыяд у Мінскай губерні было 15 землеўладальнікаў па прозвішчу Булгак, кожны з якіх меў больш за 50 дзесяцінаў зямлі (1 дзесяціна

Ігнацій Іасафат Булгак

роўная 1,0925 гектара). Адзін з іх — Булгак Ігнацій Фларыянавіч — дваранін, рымска-каталіцкага веравызнання, меў маёнтак Натальеўск Ігуменьскага павету, 7325 дзесяцінаў зямлі (гэта 80 квадратных кіламетраў!). Права валодання — па купчай крэпасці, з 1852 года. Вёў гаспадарку сам, не карыстаўся паслугамі арандатараў. Далей у тэксце пра І.Ф.Булгака ідуць дзесяць спасылак на дакументы Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі за 1861-1917 гады.

У 1880-1902 гадах у Варшаве выйшаў 15-томавы «Слоўнік геаграфічны Каралеўства Польскага і іншых краёў славянскіх». У шостым томе на старонцы 930 чытаем артыкул Аляксандра Ельскага:»Натальеўск, іначай Наталенск, 1) маёнтак, павет Ігуменьскі, над безыменным прытокам Ігуменкі, амаль у трох вярстах на поўнач ад горада Ігуменя, парафія каталіцкая Ігумень. Некалі ўваходзіў у склад уладанняў Бакштаньска-ігуменьскіх, якія належалі біскупам віленскім; затым, калі ўладанні гэтыя пасля 1795 года былі забраныя ў казну, атрымаў Натальеўск генерал Машлыкінаў, ад спадкаемцаў якога ў 1852 годзе набылі Булгакі і дагэтуль валодаюць. Плошча складае 7325 дзесяцінаў, у глебе лёгкай; лугоў і лясоў багата. У Натальеўску знаходзіцца вінакурня і вятрак. 2) Натальеўск, малы засценак, павет Ігуменьскі, у наваколлі вёскі Драхча- Ніжняя, мае два пасёлкі; мясцовасць бязлюдная».

Так, на мапе 1866 года знаходзім абодва Натальеўскі — фальварак ля Ігуменя і засценак ля цяперашняй Праўды.

А на старонцы 138 тома 2 бачым:

«Драхча, вёска ў паўночным баку павета Ігуменьскага, воласці Грабёнскай, у глухой балоцістай мясцовасці ігуменьскага палесся»

У адзінаццатым нумары часопіса «Неман» за 1984 год быў змешчаны нарыс мінскага гісторыка Мар’яна Зайцава «Чэрвень». Фотаздымкі да яго па просьбе аўтара зрабіў я. У студзені-сакавіку 1985 года гэты нарыс, крыху пашыраны, пад назваю «Чэрвень і яго людзі» надрукавала раённая газета «Уперад». Вялікую цікавасць выклікае аповяд пра драматычны лёс нашай зямлячкі Анастасіі Антонаўны Булгак. Пра лёс гэтай жанчыны даведаліся з архіўнай справы «О разрешении вдове политического ссыльного Булгак с детьми возвратиться на жительство в Игуменский уезд». Муж Анастасіі, удзельнік паўстання 1863 года Рафаіл Булгак быў сасланы ў Табольскую губерню. За ім рушыла жонка з чатырма малымі дзецьмі. У 1875 годзе Рафаіл памёр, і сям’я засталася без сродкаў існавання. Каб вярнуцца дадому, Анастасія згадзілася на перасылку ў Ігумень астрожным этапам, пад вартай. І нарэшце яны апынуліся ў Мінскай губернскай турме, а затым дома. Вяртанне на радзіму заняло два доўгія пакутлівыя гады. Але хутка пасля вяртання Анастасія цяжка захварэла, памерла і пахаваная на гарадскіх могілках.

У парку

Чэрвеньскія могілкі я ведаю з пачатку саракавых гадоў. Паўночная палавіна — каталіцкая, паўднёвая — праваслаўная. Паміж імі неглыбокая канаўка, якая ў асобных месцах захавалася дагэтуль. Дык вось на каталіцкай частцы быў фамільны склеп Булгакаў. Што я памятаю: бетонная лесвіца вядзе ўніз, там пуста, бо труны павыкіданыя яшчэ пасля кастрычніцкага перавароту. Агароджа вельмі шыкоўная — метраў чатыры на дзесяць. Зверху помнікі: адзін абеліск, а другі — ствол дуба, высечаны з шэрага каменя. Галіна Якаўлеўна, мая калега, чула, што ў Булгакаў быў хлопчык, які памёр у 15 гадоў. Дык вось для яго прывезлі гэты «дубок» з Фларэнцыі. Але такіх помнікаў шмат на іншых могілках Беларусі. Значыць, іх выраблялі тут. Калі ў 1956 годзе на могілкі з гарадской плошчы перанеслі магілы чатырох вайсковых камандзіраў, што загінулі пры вызваленні горада, то каб іх абгарадзіць, узялі агароджу з булгакаўскага склепа. Як кажуць, знайшлі сякеру пад лавай. А склеп абваліўся, бо людзі пачалі з яго браць цэглу.

У парку

А што з Натальеўскам… На пачатку ХХ стагоддзя там быў 1 двор, 105 жыхароў, цагляны, вінакурны заводы, паравы млын. У 1917 годзе жыхароў засталося… 10 чалавек. Булгакі, трэба спадзявацца, паспелі эміграваць. У 30-я гады тут працаваў саўгас «Натальеўск», у 1969-м створана Мінская абласная сельскагаспадарчая доследная станцыя. Я ў Наталеўску бываю з 40-х гадоў. Тады, пасля вайны, на падводзе з бацькам прывозіў малоць зерне, потым з сябрамі прыходзіў купацца ў тутэйшай сажалцы. Пазней прыязджаў сюды мыцца ў лазню, калі гарадская была на рамонце. І вось пагодлівым вераснёўскім днём экскурсію па Натальеўску праводзіць для мяне мая добрая знаёмая Ксенія Уладзіміраўна Баталіна, былая супрацоўніца доследнай станцыі. Яна жыве тут больш за сорак гадоў. Вось паўднёвая частка паселішча, дзе размешчана доследная станцыя. Вось стары Натальеўск, на другім баку шашы. Былы будынак саўгаснай канторы, дзе цяпер жылыя кватэры. Калі ён пабудаваны? Адны кажуць, што пасля вайны яго зрабілі палонныя немцы. Другія кажуць: не, ён даваенны. А іншыя кажуць: гэта дарэвалюцыйны дом, у ім жылі Булгакі; гэта, зразумела, не палац Слатвінскіх у Раванічах, але зусім прыстойнае жытло. А вось непадалёку цікавае збудаванне з чырвонай цэглы. Гэта кінаапаратная, якая была прыроблена к драўлянаму сельскаму клубу. У канцы сямідзесятых успыхнула кінастужка, клуб згарэў , а будка стаіць. Яна выкарыстоўваецца жыхарамі як склад. Ідзем у тую частку паселішча, што пабудаваная ў саўгасным садзе, у так званае «Царскае сяло». На вуліцах яблыні, пад імі ў гэтым ураджайным годзе шмат-шмат яблыкаў. І вось нарэшце старадаўні парк. Нічога прыгажэйшага ў нашым раёне не бачыў. Ліпавыя алеі, векавыя дубы, клёны, кранутыя восеньскай чырванню. Парк, па маіх прыкідках, мае плошчу каля шасці гектараў. Шкада, што ў кнізе В.Г.Анціпава «Паркі Беларусі» (Мінск, «Ураджай», 1975), дзе апісаны паркі ў Раванічах і Калодзежах, не знайшлося чамусьці месца для Натальеўскага парка.

Ліпавая алея

Няхай гэтыя старыя дрэвы яшчэ дзесяцігоддзі, а можа і стагоддзі, шумяць сваёй лістотай, даючы людзям прахалоду ў летнюю спякоту, чыстае паветра і спакой.

Уладзімір ДАРАГУЖ, краязнаўца.

Фота аўтара і з Інтэрнэта

 

 

У парку

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *