З першага лістапада ў Беларусі павялічацца працоўныя пенсіі

Официально

Іх пераразлік адбудзецца на падставе Указа кіраўніка дзяржавы нумар 35 ад 16 студзеня гэтага года зыходзячы з сярэдняй зарплаты па краіне за трэці квартал.

У параўнанні з другім кварталам сярэдняя зарплата па краіне павялічылася на 14,7 працэнта, такім жа будзе і рост сярэдніх працоўных пенсій.

У сувязі са змяненнем бюджээту пражытковага мінімуму з першага лістапада адбудзецца пераразлік мінімальных і сацыяльных пенсій, пенсійных надбавак і павышэнняў, а таксама даплат грамадзянам старэйшых узростаў. Паводле папярэдніх разлікаў тут рост складзе 4,3 працэнта.

 

Зацверджаны новы бюджэт пражытковага мінімуму ў цэнах верасня гэтага года. Для працаздольнага насельніцтва ён складзе 963130 рублёў, для пенсіянераў — 727250 рублёў, для дзяцей ва ўзросце да трох гадоў — 749950 рублёў, для дзяцей ва ўзросце ад 3 да 6 гадоў — 916310 рублёў, дзя дзяцей ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў — 994850 рублёў, для дзяцей-студэнтаў — 884100 рублёў.

 

У Беларусі павышаны гранічныя максімальныя адпускныя цэны на хлебабулачную і малочную прадукцыю. Пастанова Міністэрства эканомікі прадугледжвае магчымасць павышэння арганізацыямі-вытворцамі адпускных цэн на высакатлустыя віды малака, кефіру, смятаны, тварагу, а таксама на аналагічныя малочныя прадукты са смакавымі дабаўкамі і напаўняльнікамі на 4 працэнты. Каб зацікавіць вытворцаў у павелічэнні выпуску малака і кефіру тлустасцю да 3,5 працэнта, смятаны тлустасцю да 25 працэнтаў, тварагу тлустасцю да 9 працэнтаў без смакавых дабавак і напаўняльнікаў, гранічныя максімальныя адпускныя цэны на такія прадукты павышаны на 35 працэнтаў.

Таксама ў мэтах насычэння спажывецкага рынку сацыяльна значнымі відамі хлеба і хлебабулачных вырабаў (хлеб аржаны, аржана-пшанічны без дадатковай замежнай сыравіны, булачныя вырабы з пшанічнай мукі з колькасцю цукру і тлушчу не большай за 14 працэнтаў у суме) павышаны гранічныя максімальныя адпускныя цэны на хлеб і батоны на 10 працэнтаў, на іншыя віды хлебабулачнай прадукцыі — на 3 працэнты.

 

З заўтрашняга дня ў краіне павялічацца рознічныя цэны на некаторыя маркі цыгарэт. Рост кошту складзе 1,9 — 13,1 працэнта. Падаражанне закране як асобныя  тытунёвыя вырабы айчыннай вытворчасці, так і імпартныя цыгарэты.

 

Генеральная пракуратура Беларусі рыхтуе прапанову па канфіскацыі  аўтамабіляў у нецвярозых вадзіцеляў.

Пракуратура, МУС, Міністэрства юстыцыі і яшчэ шэраг органаў ужо даўно ініцыіравалі пытанне ўзмацнення строгасці пакарання нецвярозых вадзіцеляў.

Паводле БелТА

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *