Свята маці ў лістах нашых чытачоў

Общество

Смілавіцкі дзяржаўны аграрны каледж

У гэтай навучальнай установе большую частку калектыву супрацоўнікаў складаюць жанчыны-маці. Усе яны шчыра працуюць і рупліва выхоўваюць сваіх дзяцей, будучых свядомых грамадзян.

Сярод іх асабліва вызначаюцца шматдзетныя маці. Шчаслівай сябе адчувае Ніна Вадзімаўна Мальцава, майстар вытворчага навучання. Яна гадуе трох дачушак. Старэйшая Эльвіра ходзіць у першы клас, дапамагае няньчыць сястрычак. Чакаецца жаданае чацвёртае дзіця. Бацька марыць аб  сыне.

Ніна Сцяпанаўна Нупрэйчык выхоўвае трох сыноў. Вельмі ганарыцца імі. Старэйшы — ужо навучэнец аўтамабільнага каледжа. Без іх не ўяўляе сваё жыццё.

Ірына Дзмітрыеўна Шчотка — маці двух сыноў і дачкі. сын — навучэнец медыцынскага каледжа. Дзеці старанна і ахвотна дапамагаюць ёй весці хатнюю гаспадарку.

Усе шматдзетныя маці каледжа з захапленнем расказваюць пра сваіх дзетак, усё сваё жыццё звязваюць з імі. З нагоды свята Маці іх запрасілі ў бібліятэку на ўрачыстасць. Дырэктар Тамара Канстанцінаўна Сень сардэчна павіншавала, уручыла жывыя ружы. У сваёй прамове зазначыла:”Вы — наш гонар і ўсёй дзяржавы. Вы — арыенцір для моладзі”.

Супрацоўнікі бібліятэкі, навучэнцы выступілі з цёплымі пажаданнямі ў адрас кожнай маці, выконвалі ім песні, чыталі вершы. Сустрэча прайшла вельмі натхнёна.

Іван ЯРАШЭВІЧ,

краязнаўца, г.п. Смілавічы

 

Смілавіцкі сельгасліцэй

Тут арганізавалі цудоўны канцэрт з удзелам народнага ансамбля «Азяраначка» Азёрнаўскага сельскага Дома культуры.

Якія гэта таленавітыя жанчыны! У складзе ансамбля было толькі сем спявачак, але ж усе яны — сапраўдныя артысткі! У кожнай своеасаблівы голас, манера выканання. Пяцёра выступалі з сольнымі нумарамі. А ў ансамблі іх спевы настолькі сугучна ўспрымаюцца, у іх столькі артыстызму і пазітыву!

Калі ж на сцэну выйшаў таленавіты музыкант і проста цікавы мужчына Сяргей Ісачанка і загучала вельмі прыгожая мелодыя на саксафоне, то не адно жаночае сэрца забілася хутчэй…

І ўвогуле, ні адна песня не пакінула ў зале абыякавых: то выклікала слёзы на вачах, то прымушала з захапленнем падпяваць выканаўцам. Гледзячы на ўдзельніц ансамбля — такіх прыгожых, вясёлых, таленавітых, не верыцца, што яны — звычайныя, як усе мы, што дома іх чакаюць хатнія справы, працоўныя будні і мноства клопатаў. А яшчэ вельмі радасна за гэтых жанчын, бо вяскоўкі знайшлі магчымасць сваім талентам прыносіць радасць людзям.

Асабіста я была прыемна здзіўлена яшчэ і тым, што ўбачыла на сцэне сёстраў Надзею Таболіну і Святлану Канаплянік. Мы былі знаёмы ў маладосці, і, мабыць, з тых часоў не бачыліся…

Ад імя жаночага калектыву Смілавіцкага сельгасліцэя шчыра дзякую ўдзельніцам народнага ансамбля «Азяраначка» і іх мастацкаму кіраўніку Аляксандру Вавілаву за святочны настрой, за радасць, якімі яны шчодра падзяліліся з намі напярэдадні такога прыгожага свята — Дня маці. Хочацца пажадаць, каб гэты таленавіты калектыў часцей запрашалі на выступленні, каб больш людзей даведалася пра яго. Творчага росту і поспехаў вам, дарагія сяброўкі!

Таццяна ЗАБАЎСКАЯ, г.п.Смілавічы

 

Вёска  Дамавіцк

Для жанчын вёскі Дамавіцк мы зладзілі канцэртную праграму «Мілай мамачцы». Яе хораша вяла Ліда Куздэрка. Песнямі і вершамі парадавалі ўсіх прысутных дзеці — Насця Развякова, Паліна Камарова, Ульяна і Арцём Клындзюкі. Вершы чыталі і ўдзельнікі ансамбля «Вёсачка» — Зінаіда Бярэзіна, Наталля Пятровіч, Ларыса Зыль. І, вядома ж, душэўна спявалі — разам, групамі, паасобку… Запомнілася ўсім, як кранальна выконвала песні Зінаіда Лепеш, дуэт у складзе Людмілы Лепеш і Міхаіла Шчэрбача, сольнае выступленне апошняга…

А яшчэ для нашых гасцей мы арганізавалі «салодкі стол». Для яго Святлана Шышонак спякла вялізны і смачны яблычны пірог. Сардэчны дзякуй ёй за гэта!

Мерапрыемства прайшло весела, усе займелі цудоўны настрой, шчыра дзякавалі арганізатарам і ўдзельнікам мастацкай самадзейнасці.

 

Ларыса ЗЫЛЬ,

дырэктар Дамавіцкага сельскага Дома культуры

 

СШ №2 г. Чэрвеня

Адметным і цікавым атрымаўся Тыдзень маці ў нашай школе. А цудоўны настрой наведаў нас яшчэ напярэдадні, калі мы даведаліся пра вынікі раённай выставы сувенірных работ «Падарунак для мамы». Наш гурток «Скарбніца ідэй» заняў трэцяе месца!

 

У панядзелак другі клас аформіў выставу малюнкаў «Мая мамулечка!», а першы ўзяўся за выраб віншавальных паштовак.

У аўторак восьмы клас стварыў прэзентацыю «Нашы мамы», а адзінаццаты на інфармацыйнай класнай гадзіне даведаўся пра гісторыю гэтага свята.

У сераду ў нашу школу завітаў мінскі цырк з прадстаўленнем «Маміны памочнікі». Яго з задавальненнем паглядзелі вучні 1-5 класаў і іх бацькі. Прычым дзяцей са шматдзетных сем’яў чакалі скідкі на білеты, а выхаванцы з прыёмных і апякунскіх сем’яў глядзелі прадстаўленне бясплатна. У гэты ж дзень таленавітыя сямікласнікі нашай школы былі вядучымі на канцэрце для мамаў у РЦКіА.

У чацвер да адзінаццацікласнікаў завітала выкладчыца нядзельнай школы Свята-Мікалаеўскай царквы Валянціна Усенка з гутаркай на маральна-этычную тэму «Узаемаадносіны дзяцей і бацькоў у сям’і».

У пятніцу пяты клас разам з класным кіраўніком Ірынай Іосіфаўнай Людчык ладзіў вечар адпачынку «Разам з мамай». Дзесяць мамаў прыйшлі на мерапрыемства і не пашкадавалі. Было здорава!

Ну, а самым насычаным атрымаўся шосты школьны дзень. Так, сёмы клас прыйшоў на чаяпіцце амаль усім складам. Такую ідэю прапанавала класны кіраўнік Вольга Віктараўна Жураўская. Яе выхаванцы пагадзіліся і прыдумалі назву — «Маміны рэцэпты». Падчас гэтай сустрэчы яе ўдзельнікі не толькі абменьваліся рэцэптамі, але і каштавалі разнастайную смакату, запіваючы яе гарачай гарбатай. А прынёс апошнюю гаспадарлівы Ваня Вяргейчык. Галоўным жа дэгустатарам стала мама Машы — Таццяна Аляксандраўна Хадыка. Усім стравам паставілі «выдатна»! (на здымку)

Другакласнікі паўдзельнічалі ў майстар-класе «Падарунак для мамы», які ладзілі кіраўнік гуртка «Скарбніца ідэй» Марына Васільеўна Сіняўская (на здымку ўнізе) і класны кіраўнік Людміла Іванаўна Гавароўская. Тыя, хто завітаў у госці да другакласнікаў, таксама майстравалі з задавальненнем. Напрыклад, цудоўныя хрызантэмы з паперы. Дарэчы, самым першым, рана-рана, для ўдзелу ў майстар-класе ў школу завітаў Марцін Сіліч. Яму вельмі хацелася незвычайна павіншаваць маму, і ў яго ўсё атрымалася! Гэтак жа, як у Дашы Новік, Цімафея Чарапка, Яны Ламака.

Дзясяты клас у суботу ладзіў вечар адпачынку «Мая мама». Прысутныя прыемна бавілі час за «салодкім сталом». Яны размаўлялі, гулялі ў «Кракадзіла» і нават змаглі выправіцца ў віртуальнае падарожжа.

 

Тамара ЗАБАЎСКАЯ,

намеснік дырэктара СШ №2 г.Чэрвеня па выхаваўчай рабоце

 

Анастасія МЕЛЬНІКАВА,

удзельніца школьнага гуртка «Юны журналіст»


Фота прадастаўлена СШ №2 г.Чэрвеня

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *