ПАЗАБЮДЖЭТНАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ У НАШАЙ УСТАНОВЕ

Общество

Адным з асноўных прыярытэтаў работы ў дадзеным накірунку з’яўляецца атрыманне даходаў ад аказання платных паслуг, у тым ліку і адукацыйных. Пазабюджэтная дзейнасць у нашай установе прадстаўлена трыма складнікамі: аказанне адукацыйных платных паслуг, рэалізацыя сувенірнай прадукцыі, арганізацыя дзейнасці апякунскага савета.

У аснове першай — аказанне платных адукацыйных паслуг па наступных відах дзейнасці: атрыманне дадатковых ведаў не толькі выхаванцамі, але і іх бацькамі па вывучэнні англійскай мовы, павышэнне ўзроўню камп’ютарнай граматнасці, набыццё навыкаў у распрацоўцы дызайнерскіх мадэляў вопраткі і яе пашыве, навучанне харэаграфіі, падрыхтоўка дашкольнікаў да навучання ў школе, заняткі шэйпінгам, правядзенне экскурсій па музейнай экспазіцыі, прысвечанай творчасці сусветна вядомага мастака Хаіма Суціна, і па творчых майстэрнях нашай установы.

Асобна хацелася б адзначыць арганізацыю работы на платнай аснове аб’яднання па інтарэсах «Развіваючае навучанне», якое функцыянуе ў нашай установе пяты год. Яго мэта — псіхалагічная і фізічная адаптацыя дашкольнікаў да навучання ў школе, а таксама фарміраванне ў іх творчых здольнасцяў. Бо менавіта ў гэтым узросце можна эфектыўна развіваць працоўныя навыкі ў дзяцей, садзейнічаць фарміраванню ў іх эстэтычнага густу. Мы мэтанакіравана надаём вялікую ўвагу рабоце з дашкольнікамі, бо з іх у далейшым атрымліваюцца самыя творчыя і здольныя выхаванцы Цэнтра.

Яшчэ адным прыкладам эфектыўнай работы па аказанню платных паслуг з’яўляецца правядзенне аздараўленчых заняткаў у спартыўнай зале і заняткаў шэйпінгам. Каб забяспечыць прыцягненне максімальнай колькасці выхаванцаў, мы імкнёмся набываць за кошт пазабюджэтных сродкаў разнастайнае спартыўнае абсталяванне.

Наступным важнейшым накірункам у арганізацыі пазабюджэтнай дзейнасці нашай установы з’яўляецца рэалізацыя вырабаў дэкаратыўна-прыкладнай творчасці. У асноўным — падчас арганізацыі выстаў, кірмашоў-продажаў. Наша прадукцыя — гэта мастацкія сувеніры, пано, прадметы кухоннага быту, насенне, расада дэкаратыўных раслін, вырабаў з тканіны. Усё гэта карыстаецца попытам у насельніцтва. У бліжэйшым будучым мы плануем адкрыць інтэрнэт-краму, на сайце якой будуць прадстаўлены фотаздымкі нашых мастацкіх вырабаў. І для афармлення заказу дастаткова будзе зрабіць толькі тэлефонны званок.

Трэба адзначыць, што многія з выхаванцаў-выпускнікоў, набыўшы прафесійныя навыкі ў нашай установе і замацаваўшы іх пры далейшым навучанні, ужо маюць свае сайты з прадстаўленымі на іх аўтарскімі работамі. І гэта не з’яўляецца выпадковасцю, а ўяўляе сабою вынік плённай працы — сістэматычнай, паўсядзённай працы над сабою, над развіццём сваіх творчых магчымасцяў і здольнасцяў. Прыемна адзначыць, што іх дзіцячае захапленне перарасло ў прафесію,  праца нашых педагогаў не аказалася дарэмнай. Бо падрыхтоўка моладзі да прафесійнай дзейнасці — адна з асноўных задач устаноў дадатковай адукацыі.

Асобным відам дзейнасці ў нашым Цэнтры з’яўляецца правядзенне платных майстар-класаў па вырабу сувеніраў. У іх удзельнікаў з’яўляецца магчымасць атрымаць канкрэтныя веды пра формы і прыёмы работы, методыкі, каб у далейшым прымяніць іх у сваёй практычнай дзейнасці. На працягу мінулага навучальнага года педагогамі Цэнтра праведзена 25 майстар-класаў. Самыя яркія і цікавыя — з педагогамі Крупскага і Смалявіцкага раёнаў (у рамках абмену вопытам), з удзельнікамі Міжнароднага дзіцячага пленэру, які ўжо другі год праходзіць у сценах нашай установы. Яго ўдзельнікі — дзеці з пяці краін свету.

Стварэнне ўмоў для работы педагогаў, выхавальнікаў — залог паспяховай дзейнасці ўстановы дадатковай адукацыі. Не маючы добрай матэрыяльна-тэхнічнай базы, падрыхтаваных да працы абсталяваных кабінетаў, вельмі цяжка зацікавіць, захапіць творчасцю сучасных дзяцей. І хаця ў апошні час вырашаць гэтую праблему няпроста, мы робім усё магчымае. І гэтая дзейнасць — трэці складнік нашай пазабюджэтнай дзейнасці. Бо нават правядзенне элементарнага бягучага рамонту ўстановы, добраўпарадкаванне тэрыторыі патрабуюць нямала матэрыяльных укладанняў. Менавіта тут на дапамогу прыходзяць бацькі, фундатары, былыя выхаванцы. Вельмі шмат ва ўстанове адукацыі, афармленні яе інтэр’еру азеляненні зроблена рукамі педагогаў і выхавальнікаў — за кошт сродкаў, атрыманых ад пазабюджэтнай дзейнасці. За гэты ж кошт забяспечваецца расходнымі матэрыяламі і работа аб’яднанняў па інтарэсах.

 

Ала ШЫДЛОЎСКАЯ,

дырэктар Цэнтра дзіцячай творчасці г.п.Смілавічы

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *