ЛЁС ЯЕ — МУЗЫКА…

Общество

Ураджэнка Чэрвеня Тамара Аляксандраўна ПРАКАПЕНКА (Ганчарык) лічыць: «Музыка — крыніца радасці людзей, асабліва — дзяцей. Яна здольная выклікаць у кожнага чалавека толькі добрыя думкі».

Адразу пасля заканчэння школы ў 1962 годзе юная Тамара Ганчарык паступае ў Маладзечанскае музычнае вучылішча, а ў 1966-ым прыязджае па накіраванні ў свой родны Чэрвень. Яна пачынае працоўную дзейнасць у Чэрвеньскай музычнай школе, якой прысвеціць без малага 40 гадоў. Акрамя асноўнай педагагічнай дзейнасці, удзельнічае ў разнастайных культурна-масавых мерапрыемствах. З 19 гадоў — актыўны ўдзельнік мастацкай самадзейнасці.

У 1971-ым Тамара Аляксандраўна вырашае павысіць свой адукацыйны ўзровень і паступае ў Ленінградскі дзяржаўны інстытут культуры. Затым вяртаецца ў тую ж, родную ўжо Чэрвеньскую музычную школу.

«Каб чамусьці навучыцца, трэба прайсці праз многае», — упэўнена Тамара Аляксандраўна. І яна — прайшла. На яе шляху сустракалася шмат людзей, але часцей за ўсё справу даводзілася мець з вельмі патрабавальнай кампаніяй — дзіцячай. «Хочацца, каб большасць з іх сталі творчымі асобамі», — прызнаецца Тамара Пракапенка.

Яна працавала ў многіх школах і ўстановах. Хаця чаму працавала? І зараз працягвае весці педагагічную дзейнасць. Выхаванцы з нецярплівасцю чакаюць, калі прыйдзе іх любімы музычны кіраўнік. І вось адчыняюцца дзверы музычнай залы, і з акардэонам у руках уваходзіць яна. А калі загучаць першыя акорды знаёмай мелодыі, малышы разам з педагогамі пачынаюць спяваць дзіцячыя песенькі — песенькі шчасця…

Святлана БАРАВІК,

загадчыца ясляў-сада №3 г.Чэрвеня

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *