КВЕТКІ НАМ ПАДАРАВАЛІ, ДОЎГА ЖЫЦЬ УСІМ ПАЖАДАЛІ…

Общество

Прыемнай неспадзяванкай адзначыўся для нас сёлета пярэдадзень Дня пажылых людзей. Да нас прыехалі ўдзельнікі фальклорнага калектыву «Далінушка» з Горкаўскага сельскага Дома фальклору. Ды такія ўсе прыгожыя, у нацыянальных строях… Як хораша зайграў на баяне Андрэй Каленік! Усіх нас павіншавалі з надыходзячым святам, пажадалі здароўя, даўгалецця і ўручылі букеты кветак. Ох, і павесялілі нас госці, калі прапанавалі яшчэ перад канцэртам зладзіць… чэмпіянат Печышча па скачках у даўжыню! Тут ужо мы забыліся і на свае гады (а камусьці пад 90 падбіраецца), і на хваробы (кульбачка — у дапамогу пры скачках)… Не паверыце — памаладзелі гадоў на 20! У выніку тры бабулі занялі першае месца, адна — другое і адна — ганаровае трэцяе. Затым усе разам завялі гутарку пра жыццё-быццё, якую госці аздаблялі песнямі. Ой, і хораша ж спяваюць! А як завялі наша Ларыса Мацеша і мастацкі кіраўнік Горкаўскага сельскага Дома фальклору Галіна Ворнік перабранку на прыпеўкі… Спявалі-прамаўлялі… І, у рэшце рэшт, выйшла нічыя. Затым ізноў гутарылі, фатаграфаваліся на памяць… Шчыра дзякуем нашым гасцям! Яны такое свята душы нам падаравалі… Будзем зноўку чакаць іх прыезду…

 

Ганна КРУГЛІК, Ларыса МАЦЕША, Ганна МАЦЕША, Вольга РУЛЬКЕВІЧ, Галіна ДАРАФЕЙЧЫК, пенсіянеркі, в.Печышча

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *