Юбілей школы

Общество

Нібы карабель, які адпраўляецца ў далёкае плаванне па краіне ведаў, узвышаецца другая сярэдняя школа другая г.п.Смілавічы. У гэтым годзе яна адзначае свой юбілей — 25 год з дня яе адкрыцця. 25 год — гэта мала і ў той жа час многа, гэта ўжо салідная дата. Але ў пасёлку школу па-ранейшаму называюць новай.

Напэўна, гэта і сапраўды так, таму што тут працуюць настаўнікі, якія куюць веды, выкарыстоўваючы новыя падыходы ў навучанні і выхаванні. Тут працуе зладжаны калектыў аднадумцаў.

Сярэдняя школа №2 — адна з лепшых у раёне. Дзякуючы дасягненням вучняў пры падтрымцы настаўнікаў пра яе ведаюць не толькі ў раёне, вобласці, рэспубліцы, але і за яе межамі. Вучні школы неаднаразова з’яўляліся ўдзельнікамі міжнародных канферэнцый, пераможцамі і прызёрамі міжнародных конкурсаў.

…Гучаць фанфары. На сцэне актавай залы вядучыя адзінаццацікласнікі Анастасія Чарнушэвіч і Дзмітрый Поляк, настаўнікі Наталля Іванаўна Чэрнік і Андрэй Валянцінавіч Суша вітаюць гасцей. Школа адзначае  не толькі Дзень настаўніка, а свята мудрасці, ведаў. У актавай зале мы бачым шчаслівыя твары вучняў, маладых настаўнікаў, настаўнікаў-ветэранаў і былых настаўнікаў, усіх работнікаў школы, гасцей.

Вось яна, сустрэча пакаленняў праз 25 год. Школа — гэта наша жыццё. І ад добрых слоў і пажаданняў на душы ў кожнага з прысутных становіцца цяплей.

Дырэктар школы Вячаслаў Віктаравіч Марціновіч расказвае пра традыцыі, якія перадаюцца  з пакалення ў пакаленне,  і ўручае настаўнікам за добрасумленную працу і дасягнутыя поспехі ў выхаванні падрастаючага пакалення Ганаровыя граматы аддзела адукацыі Чэрвеньскага райвыканкама і граматы ад адміністрацыі школы.

З вялікай цікавасцю слухалі ўсе прысутныя выступленні былога дырэктара школы М.І.Барысенкі, настаўнікаў  Г.Г.Бурак, В.І.Паўлючэнка, А.А.Пічуха, Б.А.Душко, Г.В.Мукавозчык, Т.М.Кабранавай, С.Н.Новікавай і іншых.

Час не стаіць на месцы, ён няспынна рухаецца наперад. Восень змяняе лета, вясна зіму. Пакідаюць нас блізкія, родныя, сябры. Хвілінай маўчання ўшаноўваюць памяць пра тых, з каго пачыналася школа і каго ўжо няма побач.

А жыццё працягваецца. 2012 навучальны год для нашай школы — гэта не толькі 25-гадовы юбілей, але і юбілей вопыту і майстэрства. Колькі радасці перамог і слёз няўдач, колькі сустрэч і расставанняў тут перажыта.

На нашым свяце прысутнічаюць ганаровыя госці, а таксама нашы шэфы, якіх сёння называюць спонсарамі.

Настаўнікаў, вучняў, гасцей вітае старшыня Смілавіцкага пассавета Ірына Пятроўна Марціновіч.

Затым слова бярэ ад імя нашага старэйшага сябра Смілавіцкага аграрнага сельскагаспадарчага каледжа Тамара Канстанцінаўна Сень.

Бурнымі апладысментамі сустрэлі прысутныя выступленне дырэктара Чэрвеньскай ПМС Аляксандра Мікалаевіча Шыфрына і яго намесніка Мікалая Мікалаевіча Абрамовіча. Усе госці прыйшлі з падарункамі.

Для настаўнікаў і гасцей спявалі не толькі вучні школы, але і маладыя настаўнікі.

Свята не бывае без сюрпрызаў. Быў ён і для нас, калі на сцэну выйшлі выпускнікі нашай школы, сённяшнія студэнты інстытута сучасных ведаў імя Шырокага Арцём Дзятко і Дзмітрый Маркевіч. Песні ў іх выкананні доўга гучалі і радавалі нас.

Людміла Драпеза,

настаўнік беларускай мовы і літаратуры СШ №2 г.п.Смілавічы

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *