ЯГО ДУША АДДАДЗЕНА ДЗЕЦЯМ

Общество

Настаўнік… Многія выпускнікі з удзячнасцю  ўспамінаюць яго як  цудоўнага чалавека, выхавальніка, старэйшага сябра. Ласкавы і добразычлівы, строгі і патрабавальны, ён своечасова заўважыў і развіў  іх здольнасці і схільнасці, дапамог выйсці ў самастойнае жыццё. Гэта намеснік дырэктара сярэдняй школы №2 г.п.Смілавічы па вучэбнай рабоце Адам Міхайлавіч ІЛЬЯСЕВІЧ.

Калі ён сам вучыўся ў Смілавіцкай СШ, яму падабаліся многія прадметы, але перавагу аддаваў матэматыцы.  Хацелася быць настаўнікам. Таму пасля заканчэння Мінскага педінстытута імя М.Горкага вярнуўся на родную Чэрвеньшчыну. А ў гэтым годзе Адам Міхайлавіч адзначае свой юбілей — 35 год працы на ніве асветы. З іх 25 займае пасаду намесніка дырэктара школы па вучэбнай рабоце, сумяшчаючы з працай настаўніка матэматыкі.

Урок… Ён першааснова ўсяго навучальнага працэсу ў школе, невычэрпная жыватворная крыніца, якая дапамагае вучням набірацца сіл, робіць іх моцнымі, разумнымі, сталымі. Якім павінен быць урок сёння і заўтра? Што дапамагае палепшыць работу, зрабіць яе больш радаснай, эфектыўнай? Як зацікавіць дзяцей, запаліць іх нястрымным жаданнем даведацца як мага больш? Якія патрабаванні прад’яўляць да сябе і сваіх калег па працы?  Гэтыя пытанні школьнага жыцця хвалююць Адама Міхайлавіча на працягу ўсяго творчага шляху.

Урок за ўрокам выдатны педагог раскрывае перад сваімі выхаванцамі цудоўны свет ведаў, вучыць іх думаць, далучаючы  да самастойнага творчага пошуку. Яго эрудыцыя, шырыня інтарэсаў, сапраўдная захопленасць прадметам — усё гэта дапамагае станаўленню вучняў, аказвае ўплыў на фарміраванне асобы.

За сваю шматгадовую працу А.М.Ільясевіч узнагароджаны граматамі Міністэрства адукацыі, аблвыканкама, раённага аддзела адукацыі. У 2008 годзе ён атрымаў нагрудны знак Міністэрства адукацыі РБ «Выдатнік адукацыі».

Адам Міхайлавіч — чалавек, якому ўласцівы  высокі абавязак, вялікая адказнасць. Дэвізам яго жыцця сталі такія мудрыя словы: «Хочаш валодаць душамі — аддай ім сваю душу».

З нагоды Дня настаўніка педагогі і вучні школы віншуюць любімага настаўніка і калегу са святам. Моцнага Вам, Адам Міхайлавіч, здароўя і творчых поспехаў у працы!

Людміла ДРАПЕЗА,

настаўніца беларускай мовы і літаратуры СШ№2 г.п.Смілавічы

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *