ГОНАР НАСТАЎНІЦЫ — ВУЧНЁЎСКІЯ ПОСПЕХІ

Общество

Неад’емнымі якасцямі Таццяны Іванаўны ХОМЧЫК, настаўніцы  хіміі гімназіі № 1 імя У.А. Караля, з’яўляюцца прафесіяналізм, пошук новых падыходаў да праграмных тэм. Яна — энергічная, творчая, актыўная. Паўдзельнічаць у конкурсе, алімпіядзе, канферэнцыі, правесці адкрыты ўрок, пазакласнае мерапрыемства — з усім гэтым выдатна спраўляецца.

Яшчэ ў школе Таццяна Іванаўна зразумела, што будзе настаўніцай. На выбар прафесіі паўплывалі былыя выкладчыкі хіміі СШ №3, у якой яна вучылася. Пасля заканчэння хімічнага факультэта БДУ працавала ў Велікапольскай школе, СШ №3, а з 2002 года  — у гімназіі.

Ёю вядзецца мэтанакіраваная работа з адоранымі дзецьмі. Штогод вучні Таццяны Іванаўны ўдзельнічаюць і перамагаюць у раённых, абласных алімпіядах, разнастайных конкурсах. Вялікая ўвага надаецца развіццю даследчых навыкаў вучняў на ўроках і ў пазакласнай дзейнасці. У 2012 годзе вучань 9 класа прымаў удзел у міжнароднай канферэнцыі «Крок у навуку-2012». Прадстаўленая даследчая работа адзначана дыпломам трэцяй ступені. Дарэчы, Таццяна Іванаўна Хомчык — нязменны кіраўнік экалагічнага клуба «Эдэльвейс»

Гэтая настаўніца вядзе пэўную работу па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай і вучэбна-метадычнай базы ў кабінеце хіміі. Там дастаткова дыдактычнага матэрыялу. Ёю створаны поўны камплект вучэбна-метадычных матэрыялаў.

У чым жа сакрэт педагагічнага поспеху Таццяны Іванаўны  Хомчык? Яна ўмее рэальна ацэньваць уласныя сілы, мэтанакіравана ісці наперад і пастаянна самаўдасканальвацца. Гэтыя якасці выхоўвае і ў сваіх вучняў. Не прымушаць і кантраляваць, а накіроўваць і заахвочваць, дапамагаць і стымуляваць — у гэтым яна бачыць шляхі актывізацыі навучання. Планы ўрокаў рыхтуе старанна. Прапануе вялікі аб’ём матэрыялу, але патрабуе, каб усе заданні выконваліся дакладна. Педагог практыкуе выкарыстанне тэхналогій праблемнага, рознаўзроўневага навучання, інтэграваныя ўрокі, нетрадыцыйныя формы заняткаў. Тэхналогія асобасна арыентаванага навучання ўвайшла ў практыку работы настаўніцы. Станоўчымі рысамі яе характару з’яўляюцца мэтанакіраванасць, уменне валодаць сабой, адказнасць.

Пры такім раскладзе вольнага часу застаецца мала, бо на першым месцы — хімія.  Але калі надараюцца вольныя хвіліны, Таццяна Іванаўна любіць чытаць, у тым ліку і кнігі беларускіх пісьменнікаў, адпачываць на дачы ў Клімавым Лозе, разводзіць там кветкі.

Хтосьці з вялікіх сказаў: «Каб у жыцці дабіцца многага, трэба ўсяго дзве рэчы: займацца любімай справай і рабіць гэта з ўсіх сіл». Хочацца пажадаць Таццяне Іванаўне Хомчык, каб у яе заўсёды была яе любімая справа і хапала сіл і здароўя для дасягнення сваіх мараў, як на працы, так і дома.

Галіна ДРАЗДОВА,

намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце

гімназіі №1 імя У.Караля г.Чэрвеня

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *