ДУХАМ — МОЦНАЯ, СЭРЦАМ — ЧУЛАЯ…

Общество

Ураджэнку Гомельшчыны Вольгу Сяргееўну Белавусаву добра ведае абсалютная большасць Грабёнкі. Яно і не дзіўна. Па-першае, яна жыве тут ужо амаль 40 гадоў. Па-другое, доўгі час працавала выхавальніцай дзіцячага садка, нават яшчэ і на пенсіі дзевяць гадоў. Даўно ўжо выраслі яе колішнія выхаванцы, займелі сваіх дзетак. Але заўсёды з прыемнасцю сустракаюцца з Вольгай Сяргееўнай, вітаюцца, размаўляюць, а то і парады просяць. Як і іх бацькі, якія ўжо (па наяўнасці ўнукаў) — дзядулі і бабулі.tc «Ураджэнку Гомельшчыны Вольгу Сяргееўну Белавусаву добра ведае абсалютная большасць Грабёнкі. Яно і не дзіўна. Па-першае, яна жыве тут ужо амаль 40 гадоў. Па-другое, доўгі час працавала выхавальніцай дзіцячага садка, нават яшчэ і на пенсіі дзевяць гадоў. Даўно ўжо выраслі яе колішнія выхаванцы, займелі сваіх дзетак. Але заўсёды з прыемнасцю сустракаюцца з Вольгай Сяргееўнай, вітаюцца, размаўляюць, а то і парады просяць. Як і іх бацькі, якія ўжо (па наяўнасці ўнукаў) — дзядулі і бабулі.»

Шчырая, адкрытая да людзей, неабыякавая да іх праблем,  у жыцці яна зведала і жудасныя нягоды, і незаменныя страты.tc «Шчырая, адкрытая да людзей, неабыякавая да іх праблем,  у жыцці яна зведала і жудасныя нягоды, і незаменныя страты.»

Вайна… Вогненны яе след ва ўласным лёсе Вольга Сяргееўна не мае сілы забыць і зараз, хаця ўзрост падбіраецца пад дзевяноста ўжо… Як і маленства без матулі…

— Нарадзілася я ў маі, — прыгадвае жанчына. — Калі дакументы згарэлі, узрост узнаўлялі па знешняму выгляду. Запісалі, што я з 1925 года. А я падлічыла, што дзесьці з 1923-га. Ведаеце, як маіх сясцёр звалі? Вера, Надзея, Любоў! Затым ішла Кацярына, а я — пятая з дзяўчат. Мама памерла, калі мне ўсяго паўтара года было, а старэйшай сястры — дзесяць. Тата, Сяргей Іванавіч Гарбар, адзін нас выгадаваў, так болей і не жаніўся. Меў вялікую хату, усё ўмеў рабіць. Добрым быў гаспадаром, яго ўсе паважалі. І мы з дзяцінства былі прывучаны да працы, як тыя мурашкі… Тата пражыў больш за дзевяноста гадоў…

Да вайны Вольга Сяргееўна скончыла восем класаў. І тое ўжо ў восьмы даводзілася кіламетраў за дзесяць хадзіць. А ў вайну якіх толькі жахаў ні нацярпелася!

— Калі ў вёску наязджалі немцы і паліцаі, мы ўцякалі і хаваліся ў лесе, — прыгадвае Вольга Белавусава. — А тады бацькі нас, дзяцей, накіроўвалі дахаты — бульбы там узяць ці што… І вось аднойчы мы прыйшлі, а паліцай за нас — і на калгасны двор. Зачапіў там бароны і павёў на дарогу, па якой немцы ездзілі на Азарычы. Маўляў, барануйце. А мы ж не ведалі, што гэта для таго, каб міны ўзарваліся… Ідзём, раты паразяўлялі, дарогу барануем… А паліцай — воддаль, па лесе. Пасля наперадзе штосьці выбухнула… Хтосьці падарваўся ўжо… І нас адпусцілі…

Вочы Вольгі Сяргееўны напаўняюцца слязьмі, голас дрыжыць, калі яна распавядае, што фактычна ўся сям’я прайшла праз Азарыцкі канцэнтрацыйны лагер. Засталіся там адна з сясцёр, братава жонка… А вось пляменнікі выжылі, пасля вайны выхоўваліся ў дзіцячых дамах. Загінулі на фронце браты і амаль усе аднакласнікі. А саму Вольгу разам з іншымі дзяўчатамі немцы праз уколы заразілі тыфам. І яна да гэтага часу не разумее, як засталася жывой — без яды, без лячэння… Вось такую, зусім слабую, з пушком на галаве пасля тыфу замест густых кучаравых валасоў, яе разам з іншымі пагналі на чыгунку і павезлі за мяжу на прымусовую працу.

У Беластоку рабілі дэзінфекцыю, затым — прыпынак у Варшаве. І, нарэшце, лагер у Катавіцах.

— І вось я яшчэ, лічы, год там была, — кажа Вольга Сяргееўна. — Памятаю, гоняць нас да будынка, а там надпіс «Цукер фабрыка». Мы ўзрадаваліся, а давялося… хвасты кляпаць.

— Якія хвасты?!

— Да самалётаў…

Вызвалілі вязняў, па ўспамінах Вольгі Белавусавай, у маі 1945 года. Адразу ж накіравалі на медагляд. Затым усіх апыталі. Анкеты дасылалі на радзіму — маўляў, ці праўда, што тая і адтуль. І толькі калі прыходзіў адказ, колішніх вязняў адпускалі дадому. Дабіраліся, прыгадвае Вольга Сяргееўна, на чым давядзецца. На таварняках, на вуглі. Да Бабруйска, адтуль — пешшу… Яшчэ і дома апыталі, як ды што…

І вось з такой анкетай, кажа Вольга Белавусава, у раёне яна не магла ўладкавацца на працу. А затым у іх вёску прыехала воінская часць, завяла падсобную гаспадарку. Там ужо знайшлася і для яе справа. Працавала сакратаром, касірам. Там жа, у сваёй вёсцы, сустрэлася з будучым мужам. Расіяніна, жыхара Уваскрасенска, прыгажуна Уладзіміра Белавусава накіравалі ў Беларусь на аднаўленне сельскай гаспадаркі. У Кастрычніцкім раёне ён атрымаў пасаду галоўнага заатэхніка. У 1952-ім Вольга і Уладзімір стварылі сям’ю.

Менавіта там, у падсобнай гаспадарцы, Вольга Сяргееўна ўпершыню паспрабавала сябе ў ролі выхавальніцы дзетак. Атрымалася, спадабалася.

Услед за мужам яна пераязджала ў Глуск, на Случчыну…. Апошні пераезд адбыўся на Чэрвеньшчыну, у Грабёнку, дзе і запыніліся. І вельмі сімвалічна, што першае і апошняе месца жыхарства — сугучныя назвамі. Вёскі — Граб’ё і Грабёнка.

Розныя прафесіі паспрабавала прымераць да сябе Вольга Сяргееўна. І, у рэшце рэшт, зразумела, што яе справа — выхоўваць малых. Завочна атрымала педагагічную адукацыю, скончыўшы дашкольнае аддзяленне Магілёўскага педвучылішча. А ва ўласнай сям’і гадаваліся трое дзяцей — сын Васіль, дочкі Наталля і Алена.

— На працы на мяне не скардзіліся, — зазначае Вольга Белавусава, — а дзеці вельмі любілі. У мяне ў групе іх па сорак было — рознага ўзросту. Ведаеце, дзеці тады іншымі былі. Вось мне трэба куды паехаць — на сход, на методаб’яднанне… З імі нянечка заставалася, і яны яе слухаліся. А былі ж і такія маленькія, якія яшчэ не хадзілі. Дык большыя дапамагалі глядзець меншых. І я спраўлялася з імі. Бацькі мяне паважалі. Я да кожнага свята ранішнікі рабіла. З дзецьмі падарункі бацькам майстравалі. Сваіх выхаванцаў у школу на лінейкі вадзіла, вершыкі вучылі… Некаторыя мамы і цяпер прыгадваюць: «Вы ж маю дачку навучылі гаварыць…» Адну дзяўчынку толькі прывялі, а яна вечарам радасна: «Мама, мяне ўжо Сяргееўна любіць!» Вось як… Сапраўды, дзяцей трэба любіць, старацца зразумець… Яны гэта вельмі адчуваюць. Яшчэ памятаю, як адзін хлопчык, якога перавялі з маёй групы ў іншую, цэлы месяц усё роўна ішоў да мяне. Я пайшла ў адпачынак, і толькі так яго адвучылі…

У 1984-ым у сям’і Вольгі Сяргееўны здарылася трагедыя — у выніку няшчаснага выпадку загінуў муж. Пэўны час, кажа, правяла, як у тумане. Дзеці падтрымлівалі, усё арганізоўвалі. А пасля давялося браць сябе ў рукі. Ні асабістую гаспадарку не кінула, ні працу. Усім гэтым запаўняла пустату. Імкнулася нарабіцца да зморы, каб ужо і сіл не заставалася пра штосьці думаць…

А ў 2000-ым — новая трагедыя. У горадзе Стары Аскол бандыцкая групоўка забіла сына — маміну гордасць, колішняга ваеннага, які служыў на Байкануры. І засталіся ў Вольгі Сяргееўны толькі дочкі ды ўнукі. І тое — не побач. Наталля (па мужу — Салычава, вядомы ў раёне гісторык) жыве ў Чэрвені. Алена, гандлёвы работнік, — у Барысаве.

Канешне ж, прыязджаюць, дапамагаюць. Але Вольга Сяргееўна Белавусава стараецца з усім спраўляцца сама. Калі просіць людзей дапамагчы, заўсёды разлічваецца. Дасылае дырэктар школы Мікалай Барбук вучняў у дапамогу (напрыклад, дровы скласці) — яна іх стараецца адарыць цукеркамі. Сама капае градкі, садзіць-даглядае-прыбірае, робіць хатнія нарыхтоўкі. Па яе ўласных словах — бадзёрыцца… Задаволена, што школа яе не забывае: запрашае на святы, віншуе. Захапляецца чуласцю, уважлівасцю, клапатлівасцю Мікалая Барбука.

Аповед пра Вольгу Сяргееўну Белавусаву будзе няпоўным, калі не ўзгадаць пра яе асабістыя захапленні. А гэта — вязанне, вышыванне, шыццё і… спевы. Такой спявачкай адметнай была, што сам колішні старшыня гаспадаркі Малішэўскі ўшаноўваў букетамі ды руку цалаваў. І ў Чэрвені на сцэне выступала.

— З такімі цяжкасцямі, стратамі мне б плакаць трэба было, — заўважае, — а я — спявала. І мне гэта дапамагала жыць…

Вось такая яна, Вольга Сяргееўна Белавусава: духам — моцная, сэрцам — чулая…

Святлана АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *