БАЦЬКОЎ ПАПЯРЭДЖВАЮЦЬ І ШТРАФУЮЦЬ

Общество

Чарговае пасяджэнне мы пачалі з разгляду пытання аб прызнанні дваіх непаўналетніх дзяцей маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Увогуле, у гэтай сям’і трое дзяцей. Але старэйшы паўналетні ўжо, працуе, а двое — школьнікі. Сям’я знаходзіцца на ўліку даволі доўга. Усе зацікаўленыя структуры працавалі з маці. Былі ўжо і некаторыя паляпшэнні, але да канца выправіць сітуацыю так і не змаглі. Жанчына не працуе, злоўжывае спіртным. Дзеці, вядома, дужа церпяць у такой сітуацыі. Таму было прынята рашэнне аб забранні непаўналетніх з сям’і і змяшчэнні іх у сацыяльна-педагагічны цэнтр.

Так атрымалася, што наступнае рашэнне бы ўраўнаважвала папярэдняе: двое дзяцей былі вернуты ў біялагічную сям’ю, з якой таксама шмат працавалі па Дэкрэту №18.

Разгледжаны адміністрацыйныя справы ў адносінах да дарослых, якія неналежным чынам выконваюць свае бацькоўскія абавязкі. Так, у першым выпадку пратакол быў складзены на маці, чыя 12-гадовая дачка ўжывала спіртное ў грамадскім месцы. Абурае і насцярожвае ў гэтай сітуацыі той факт, што дзяўчынка сыходзіла з сям’і і свае кішэнныя грошы траціла на алкаголь, які, да таго ж, хтосьці з дарослых купляў… Улічваючы, што непаўналетняя — са шматдзетнай сям’і і на камісіі разглядаецца ўпершыню, было прынята рашэнне маці не штрафаваць, а папярэдзіць.

У другім выпадку пратакол складзены на маці, чые сыны, васьмі і дзесяці гадоў, здзейснілі пранікненне ў чужое жытло, а пасля яшчэ ўзялі каля крамы чужы веласіпед. За неналежнае выкананне сваіх бацькоўскіх абавязкаў маці павінна заплаціць штраф у памеры дзесяці базавых велічынь, а гэта — адзін мільён беларускіх рублёў.

Ажно тры адміністрацыйныя пратаколы складзены на аднаго непаўналетняга. За самастойна заробленыя грошы ён адрамантаваў стары аўтамабіль і кіраваў ім, не маючы вадзіцельскага пасведчання. У выніку здзейсніў наезд на жалезабетонны плот і пашкодзіў яго. Паколькі гэты непаўналетні дасягнуў узросту, з якога наступае адміністрацыйная адказнасць (яму 17 гадоў), то павінен сам заплаціць штраф у памеры 550 тысяч рублёў.

Падчас пасяджэння камісіі па справах непаўналетніх разгледжана пытанне аб стане злачыннасці і правапарушэнняў сярод непаўналетніх за дзевяць месяцаў гэтага года. Паводле інфармацыі інспекцыі па справах непаўналетніх Чэрвеньскага РАУС, дзецьмі і падлеткамі здзейснена 9 злачынстваў (за аналагічны перыяд мінулага года — 16), 87 адміністрацыйных правапарушэнняў (летась — 107), з іх 29 выпадкаў — гэта распіццё спіртных напояў у грамадскіх месцах (за 9 месяцаў летась — 36).

Дарэчы, нягледзячы на істотнае скарачэнне светлавога дня, на гэтае пасяджэнне камісіі не было прадстаўлена ніводнага пратакола па знаходжанні непаўналетніх на праезнай частцы ў цёмны час сутак без святловяртальных элементаў. Спадзяюся, што гэтае правіла ведаюць ужо ўсе. І не толькі ведаюць, а і захоўваюць, зберагаючы тым самым сваё здароўе і жыццё. Хочацца спадзявацца, што сёлета мы ўбачым мінімальную колькасць пратаколаў за такія правапарушэнні.

Наталля СЦЯЖКО,

намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама




Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *