УСХОДНІЯ АДЗІНАБОРСТВЫ: ЦЯПЕР І Ў ЧЭРВЕНІ

Спорт

З 1 верасня ў чацвёртай гарадской школе пачаў працаваць спартыўны клуб па тайландскаму боксу і кікбоксінгу «Святагор», які з’яўляецца філіялам знакамітага мінскага клуба «Кік Файтэр».Кіраўнік клуба, заслужаны трэнер РБ, старшы трэнер зборнай Беларусі па тайландскаму боксу і кікбоксінгу Яўген Дабратворскі запрасіў на сустрэчу з вучнямі знакамітых спартсменаў — трохразовую чэмпіёнку свету і Еўропы па кікбоксінгу ў раздзеле «сольная кампазіцыя» Дар’ю Машара, чэмпіёнку свету сярод прафесіяналаў па тайландскаму боксу Кацярыну Вандар’еву і чатырохразовага чэмпіёна свету сярод прафесіяналаў па тайландскаму боксу Андрэя Коцура.

Дзецям прадэманстравалі відэафільм пра чэмпіёнаў свету — выхаванцаў клуба «Кік Файтэр», зладзілі паказальныя выступленні гасцей-спартсменаў.

Увечары ў малой спартыўнай зале школы адбылася першая трэніроўка, на якую прыйшло каля 80 чалавек. Перад ёй Яўген Дабратворскі даў інтэрв’ю «Раённаму весніку».

— Яўген Георгіевіч, чаму для стварэння клуба Вы абралі менавіта Чэрвень?

— Так атрымалася, што набыў тут дом і пераехаў жыць. Каранёў на Чэрвеньшчыне ў мяне няма, проста спадабаліся вашы мясціны…

— Калі і як пачалі развівацца віды спорту, якія Вы прадстаўляеце, менавіта на Беларусі?

— Кікбоксінг з’явіўся на Беларусі ў 1988 годзе. Я тады якраз вярнуўся з войска. Да службы скончыў Інстытут фізічнай культуры па спецыяльнасці «трэнер па боксу» і паступіў у аспірантуру. Пасля войска працягваў вучобу ў аспірантуры, якую сумяшчаў з працай на кафедры бокса і фехтавання інстытута. Калі мы даведаліся пра кікбоксінг, пачалі вывучаць яго, трэніравацца, набралі першыя групы. Неўзабаве з’явіліся вынікі. Першая мая выхаванка Таня Анжэнка ў 1989 годзе выйграла чэмпіянат СССР па кікбоксінгу ў раздзеле «сольная кампазіцыя». У 1992 годзе яна стала чэмпіёнкай Еўропы, у 1993 — прызёрам чэмпіянату свету, а яшчэ праз год выйграла яго.

Таксама ў 1992 годзе я стварыў Беларускую федэрацыю кікбоксінгу, якая аб’яднала шэсць клубаў па гэтаму віду спорту. У 1995 годзе яна была пераўтворана ў Беларускую федэрацыю кікбоксінгу і тайландскага бокса. Тады мы ўпершыню ўзялі ўдзел у чэмпіянаце свету па тайландскаму боксу ў Тайландзе і з 28 краін-удзельніц занялі агульнакаманднае трэцяе месца.

Клуб «Кік Файтэр» быў створаны ў Мінску ў 1992 годзе. За дваццаць гадоў мы падрыхтавалі ў ім 20 чэмпіёнаў свету.

— Чым будуць займацца дзеці ў клубе?

— Тут будзе і муай тай, і ММА (будзем асвойваць з выхаванцамі тэхніку змешаных адзінаборстваў). Муай тай (еўрапейская назва — «тайландскі бокс») -старажытнае баявое мастацтва, якое захавалася ў Тайландзе. Гэта, хутчэй, бокс з выкарыстаннем тэхнікі ног, удараў локцямі і каленямі. Таксама дазваляюцца элементы скруткі і невялікія элементы барацьбы…

На працягу месяца трэніроўкі для ўсіх дзяцей будуць бясплатнымі. За гэты час мы правядзём адбор у аддзяленне Чэрвеньскай СДЮШАР. У тых, хто не пройдзе адбор, будзе магчымасць займацца на платнай аснове і з цягам часу перайсці ў бясплатныя групы СДЮШАР.

Нашы выхаванцы будуць удзельнічаць у раённых, абласных, рэспубліканскіх спаборніцтвах, па выніках якіх працягнем адбор і паступова сфарміруем касцяк клуба. Але пры гэтым тыя, хто на пэўны момант не дасягнуць высокіх вынікаў, змогуць спакойна займацца для сябе, для ўмацавання ўласнага здароўя. Такія людзі ёсць, напрыклад, у нашым мінскім клубе «Кік Файтэр». Бо клуб — гэта своеасаблівая сям’я, у якой у кожнага — пэўныя абавязкі. Хтосьці займаецца дасягненнем тытулаў для клуба, хтосьці аказвае інфармацыйную падтрымку, хтосьці прыгожа малюе і робіць насценгазету. Адным словам, для кожнага ў клубе знаходзіцца занятак. Той, хто прыкіпеў да яго душою, прыходзіць сюды, каб адчуць плячо сябра, падзяліцца радасцямі, праблемамі. Мы разам адзначаем дні нараджэння, святы, ладзім арганізаваныя паездкі на актыўны адпачынак.

— Магчыма, новы цікавы занятак, які Вы прапаноўваеце дзецям, дапаможа пазбавіцца ім ад такой шкоднай звычкі, як шматгадзіннае праседжванне за камп’ютэрам?

— У тых, хто будзе хадзіць у клуб на трэніроўкі, проста не застанецца на гэта часу… Вынік у спорце — гэта не толькі медалі і паясы. Гэта, перш за ўсё, фарміраванне паўнавартаснага чалавека — гарманічна развітага, з высокім інтэлектам, моцнага, валявога. А воля — гэта магчымасць кантраляваць свае шкодныя звычкі  і развіваць лепшыя якасці.

Дарэчы, наконт шкодных звычак… Мы будзем пазбаўляцца ад тых, хто не можа іх перамагчы. Людзям, якія ўжываюць алкаголь, кураць, не месца ў нашым клубе.

— А ці ставіце Вы мэтай тут, у Чэрвені, выхаваць будучых чэмпіёнаў Еўропы, свету?

— Гэта — галоўная мэта. Ва ўсіх ёсць шанц. Самы галоўны талент — працавітасць. Калі трапляецца чалавек з гэтым талентам, то, нават, калі ў яго няма абсалютна ніякіх іншых здольнасцяў, з яго можна зрабіць чэмпіёна.

— Кікбоксінг, тайландскі бокс надзвычай відовішчныя для гледачоў. Ці пабачым мы баі ў Чэрвені?

— У вас ёсць Дом культуры, кінатэатр. Паставілі на сцэне рынг — і можна праводзіць спаборніцтвы. А пабудуюць фізкультурна-аздараўленчы комплекс — тым больш. Гэта вельмі важна, каб бацькі, сябры, пабачылі юных спартсменаў у справе, падтрымалі іх.

— Дарэчы, Яўген Георгіевіч, якая рэакцыя бацькоў на тое, што іх дзеці наведваюць клуб «Святагор»? Калі назіраеш за баямі, то здаецца, што гэты спорт досыць траўманебяспечны…

— Спакойная, нармальная рэакцыя. Некаторыя нават не вераць, што гэта ўсё у Чэрвені будзе.

Што да траўманебяспечнасці. Нашы адзінаборствы займаюць па гэтаму паказчыку толькі 28 месца. (Напрыклад, такія віды спорту, як хакей, футбол і нават мастацкая гімнастыка — нашмат больш траўманебяспечныя). Дасягаецца гэта за кошт тэхнікі абароны, закачвання пэўнай групы мышцаў. Цела становіцца не проста неадчувальным да болю, яно становіцца абароненым.

— У нашай спартыўнай школе ёсць аддзяленне вольнай барацьбы, ці не атрымаецца так, што вы «перацягнеце» дзяцей адтуль?

— Мы нікога не збіраемся перацягваць. Наадварот, разлічваю, што з цягам часу пачнём супрацоўнічаць з барцамі-вольнікамі ў накірунку адзінаборства ММА. Барацьба плюс тайландскі бокс — атрымліваецца супербаец.

 

На здымку — чатырохразовы чэмпіён свету сярод прафесіяналаў па тайландскаму боксу Андрэй Коцур, заслужаны трэнер РБ, старшы трэнер зборнай Беларусі па тайландскаму боксу і кікбоксінгу Яўген Дабратворскі, чэмпіёнка свету сярод прафесіяналаў па тайландскаму боксу Кацярына Вандар’ева і трохразовая чэмпіёнка свету і Еўропы па кікбоксінгу ў раздзеле «сольная кампазіцыя» Дар’я Машара на сустрэчы з вучнямі чацвёртай школы.

 

Ігар АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *