У СВЯТА БІБЛІЯТЭК — СВЯТА ДЛЯ ЧЫТАЧОЎ

Общество

Дзень бібліятэк супрацоўнікі Чэрвеньскай цэнтральнай зладзілі пад назвай «Сёння ў нашай хаце свята». Распачала яго дырэктар Людміла Войцік. Яна распавяла пра тое, што Дзень бібліятэк — свята дзяржаўнае, пра ролю гэтых устаноў культуры і іх супрацоўнікаў у грамадстве, Год кнігі, уласнае стаўленне да літаратуры, а таксама пазнаёміла прысутных з планам мерапрыемства.

Бібліятэкар Кацярына Дзямахіна падрыхтавала парад кніг пад назвай «Самыя-самыя». Падчас яго ўдзельнікі мерапрыемства атрымалі магчымасць пазнаёміцца з самымі адметнымі бібліятэчнымі кнігамі ў якой-небудзь намінацыі, пабачыць іх, а пасля і пагартаць. Дарэчы, цікава было даведацца, што самай вялікай кнігай тут лічаць «Нацыянальны атлас Беларусі», які ўяўляе сабой комплекснае навукова-даведачнае і картаграфічнае выданне, складаецца з 19 раздзелаў, мае 593 карты. Яго даўжыня — 47, а шырыня — 37 см, аб’ём — 292 старонкі, важыць пад сем кілаграмаў. А вось адна з самых маленькіх кніжак — зборнік песень на словы Янкі Купалы і Якуба Коласа «Спадчына». Яе шырыня — 7, вышыня — 11 сантыметраў, аб’ём — 111 старонак.

Самай дарагой (але — пасля ўсё таго ж атласа) з’яўляецца выданне «Сучасная беларуская скульптура 21 стагоддзе», у якім прадстаўлены каля 100 мастакоў розных пакаленняў. Кошт кнігі — 405.649 рублёў. Як зазначыла Кацярына Дзямахіна, тут ёсць цікавы раздзел — «Помнікі, з якімі звязаны народныя прыкметы», а ў ім — нататкі пра вядомыя помнікі, якія так ці інакш прыносяць удачу людзям.

Самай каштоўнай па змесце аўтар параду кніг палічыла «Беларускую энцыклапедыю» ў 18 тамах, якая выдавалася з 1996 па 2004 год і ўяўляе сабой найбольш поўны ўніверсальны даведнік па ўсіх галінах ведаў, назапашаных чалавецтвам. А яшчэ прысутныя пачулі пра самую старую, самую аб’ёмную, тонкую, дзіўную і самыя чытаемыя кнігі.

Парад кніг дапоўніла Галіна Ніціеўская, якая прыгадала беларускую літаратуру і яе адметных прадстаўнікоў. У прыватнасці, сёлетніх класікаў-юбіляраў Янку Купалу, Якуба Коласа, Максіма Танка. Бібліятэкары і госці пачыталі іх вершы, выказалі свае адносіны да творчасці, паслухалі песні ў выкананні Уладзіміра Мулявіна і яго ансамбля «Песняры» — «Малітва» і «Завушніцы», паўдзельнічалі ў віктарыне і інсцэніроўках паводле «Аўцюкоўскіх жартаў» Уладзіміра Ліпскага ў выкананні самадзейных акцёраў — бібліятэкараў Алены Матвеевай, Тамары Зіміной, Святланы Ждановіч, чытачак Софіі Картавусавай і Зоі Сушкевіч.

С.МІРНАЯ. Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *