Сустрэча з Людмілай Валчок

Спорт

Толькі што закончылася Паралімпіяда ў Лондане, а Людмілу, як і заўсёды, з вялікай любоўю і гасціннасцю сустракалі вучні і настаўнікі сярэдняй школы №2 г.п.Смілавічы. У чарговы раз Людміла стала прызёрам. Як яна сама сказала: «Гэты бронзавы медаль для мяне, можна сказаць, даражэйшы, чым залаты. Было вельмі цяжка змагацца з супернікамі, але я для сябе вызначыла, што не здамся. Так і атрымалася».

Кожны раз, сустракаючыся з ёй,  бачым, як сваёй  дабрынёй, аптымізмам, любоўю яна  ўпрыгожвае жыццё.  Людміла — чалавек з вельмі чулай душой. Знаходзячыся побач з ёй, пачынаеш верыць у тое, што на зямлі існуе дабрыня, пачуццё таварыскасці і справядлівасці.

З вялікай цікавасцю слухалі ўсе прысутныя аповед Людмілы пра Англію, пра цудоўны горад Лондан, дзе праводзілася летняя Паралімпіяда. Усім захацелася не толькі сфатаграфавацца з чэмпіёнкай, узяць на памяць аўтограф, але і патрымаць бронзавы медаль. Ізноў кожнага ахапіла пачуццё гонару за сваю Беларусь, за такіх слаўных спартсменаў, як Людміла. Усе пажадалі сваёй зямлячцы далейшых поспехаў на трэніроўках у падрыхтоўцы да зімняй Паралімпіяды ў Сочы.

 

Людміла Драпеза,

настаўніца СШ №2

г.п.Смілавічы

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *