СМАЧНЫЯ АПЕНЬКІ

Общество

З кім са знаёмых ні размаўляю, абавязкова папытаюцца, ці была ў лесе і колькі назбірала грыбоў. Сапраўды, ва ўсю сезон на баравікі, падбярозавікі, лісіцы, масляты… А апенькі зараз многія прыносяць дамоў нават не кошыкамі ды вёдрамі, а мяхамі.

Канешне, такое ціхае паляванне прыносіць радасны настрой і задавальненне. Але вось потым пачыецца ў гаспадыні тлум галавы: як перапрацаваць багаты лясны ўраджай. Самы просты варыянт: тое, што сушыцца — пасушыць, а астатняе — у маразілку. Толькі не заўжды гэта можна зрабіць: ці то маразільнік ужо заняты ягадамі, ці то… Зрэшты, прычыны бываюць рознымі, а выйсце шукаць трэба. Што тычыцца апенек, то бываючы ў сваіх сябровак — цудоўных гаспадынь, ела грыбы такія смачныя — пальчыкі абліжаш. Напрыклад, Марыя з Грабянца нарыхтоўвае іх шмат, а трымае частку ў вялікай каструлі ў халодным месцы. Не ведаю, ці пратрымаюцца несапсаванымі ўсю зіму, але што доўгі час — гарантую. Апенькі ў такім варыянце проста варана-салёныя. Як яна іх гатуе? Абавязкова першую ваду злівае пасля закіпання. Затым зноў варыць не менш гадзіны. Кажа, што грыбы любяць доўгую варку. Соліць у вадзе, каб на смак соль добра адчувалася. Затым ваду злівае, грыбы складвае ў эмаліраваную каструлю. На дно кладзе насенне кропу, лаўровы ліст, чорны і душысты перац гарошкам, часнок, затым гэтымі спецыямі перакладвае слаі грыбоў. Калі на смак солі малавата (яны павінны быць злёгку перасоленыя), то пасыпае ёю апенькі. І ўрэшце зверху накрывае лістом хрэну ці марлей, кладзе цяжар. Вось і ўсё: праз дзён пяць можна і паласавацца.

Вера з Чарнавы частавала апенькамі марынаванымі — таксама вельмі смачныя. А рэцэпт у яе зусім просты. У першай вадзе апенькі варыць хвілін 30-40. Затым ваду злівае і грыбы прамывае. Варыць другі раз не менш 20 хвілін, сыпле солі столькі, каб яна добра адчувалася на смак. Бярэ паўлітровыя слокі загадзя прастэрылізаваныя і на дно кожнага кладзе 2 гваздзічкі, 4 гарошыны душыстага перцу, 1 лаўровы ліст, дабаўляе 1 чайную лыжку 9% воцату. У іх запакоўвае апенькі, закатвае, пераварочвае, ухутвае і ставіць астываць. Захоўвае ў прахалодным месцы.

Мне здаецца, што гэтыя рэцэпты для тых гаспадынь, якія не маюць шмат вольнага часу. А ў тых, у каго ён ёсць, робяць і больш складаныя нарыхтоўкі. Падзяліцеся, калі ласка, сваімі сакрэтамі, шаноўныя спадарыні.

Падрыхтавала Эма Мікульская

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *