«ПАВЫШЭННЕ ЯКАСЦІ АДУКАЦЫІ — АДНА З ГАЛОЎНЫХ МЭТАЎ”

Общество

Ларыса АСАНОВІЧ, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама:

Вызначаючы асноўныя накірункі новай палітычнай стратэгіі, Прэзідэнт краіны ў сваім Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу абазначыў агульную для ўсёй рэспублікі мэту: забяспечыць магутны імклівы рывок наперад, зрабіўшы стаўку на патрыятызм як рухаючую сілу прагрэсу, а таксама на інтэлект маладых грамадзян. Інтэлект, творчасць, патрыятызм вызначаюць адукацыйныя стратэгіі Чэрвеньшчыны.

Мы павінны разумець, што прыярытэты і запыты грамадства да адукацыі змяніліся.

Сістэма дашкольнай адукацыі з’яўляецца прыярытэтам сучаснай дзяржаўнай палітыкі ў сферы адукацыі. Сетка дашкольных устаноў Чэрвеньшчыны дастаткова разнастайная і дазваляе задаволіць запыты бацькоў і патрэбы дзяцей у адукацыйных паслугах.  Праектная магутнасць устаноў складае 1306 месцаў. Забяспечанасць месцамі ў 2011/2012 навучальным годзе склала 91%, што адпавядае стандарту (не меней за 85%). Аднак вострай праблемай з’яўляецца недахоп месцаў ва ўстановах дашкольнай адукацыі г.п.Смілавічы і в.Заполле, дзе дзіцячыя садкі працуюць з перагрузкай.

Агульная сярэдняя адукацыя з’яўляецца вызначальнай падчас фарміравання ў падрастаючага пакалення гуманістычных ідэалаў, арыенціраў, поглядаў і перакананняў, заснаваных на ідэалогіі беларускай дзяржавы, станаўлення інтэлектуальнага, культурнага і духоўна-маральнага патэнцыялу краіны.

У сістэме агульнай сярэдняй адукацыі ў параўнанні з папярэднім навучальным годам адзначаецца станоўчая дынаміка па наступных пазіцыях:

— ахоп вучняў 1-11 класаў факультатыўнымі заняткамі вырас з 81,3% да 90,6%;

— павялічылася колькасць школьнікаў, якія атрымалі атэстаты асобага ўзору з узнагароджаннем залатым (сярэбраным) медалём, з 8 да 11;

— павялічылася колькасць вучняў, якія здалі экзамены на высокім і дастатковым узроўнях: з 42,9% да 46,2% па завяршэнні навучання і выхавання на другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі, з 65,3% да 65,7% па завяршэнні навучання і выхавання на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі.

Адным з асноўных паказчыкаў якасці адукацыі з’яўляюцца вынікі вучэбнай дзейнасці школьнікаў.  123 вучні (4,9% ад агульнай колькасці вучняў 3-11 класаў) закончылі мінулы навучальны год з адзнакамі «9» і «10». Найбольшая іх колькасць — з СШ №1 г.п.Смілавічы, гімназіі №1 г.Чэрвеня , СШ №2 г.п.Смілавічы.

Алімпіядным рухам у раёне было ахоплена больш за дзве тысячы вучняў. Для ўдзелу ў трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды прайшлі адбор 10 вучняў па 6 прадметах. Трое з іх сталі прызёрамі. Чатыры вучні з гімназіі №1 г.Чэрвеня і СШ №2 г.п.Смілавічы ўдзельнічалі ў дзявятым Міжнародным форуме студэнцкай і вучнёўскай моладзі «Першы крок у навуку-2012». Выніковым стаў удзел вучня 9 класа гімназіі Ільі Славінскага, які атрымаў Дыплом трэцяй ступені Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

У мінулым навучальным годзе аддзел адукацыі правёў вялікую работу па сацыяльнай падтрымцы і матэрыяльнаму стымуляванню адораных і высокаматываваных вучняў, а таксама вынікова працуючых з гэтай катэгорыяй школьнікаў педагогаў.

У адпаведнасці з рашэннем райвыканкама былі прызначаны стыпендыі вучням і выхаванцам — пераможцам абласных, рэспубліканскіх, міжнародных алімпіяд, конкурсаў, канферэнцый і прэміі педагогам, якія ўнеслі асабісты ўклад у развіццё здольнасцей таленавітых вучняў.

Развіццю інтэлектуальных здольнасцяў вучняў садзейнічае арганізацыя ў пазаўрочны час турніраў па інтэлектуальных гульнях, міжрэгіянальнага фестывалю інтэлектуальных гульняў «Ігуменская завея».

Установы дадатковай адукацыі ў мінулым навучальным годзе наведвалі 1405 дзяцей. Выхаванцы гурткоў Цэнтраў дзіцячай творчасці г.Чэрвеня і г.п.Смілавічы бралі актыўны ўдзел у раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсах. Пра выніковасць сведчаць дыпломы розных ступеняў.

Спецыяльнай адукацыяй і карэкцыйна-педагагічнай дапамогай у раёне ахоплена 99,6% дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Сфарміравана сістэма ранняй комплекснай дапамогі дзецям ва ўзросце да трох гадоў.

Сёння грамадзянска-патрыятычнае выхаванне — гэта не адзінкавая акцыя, а складаная задача. Яе вырашэнню садзейнічаюць дзіцячыя і моладзевыя грамадскія арганізацыі. Актыўна ўключана моладзь і ў пошукава-доследную дзейнасць. Сур’ёзная работа ў гэтым накірунку праводзіцца пошукавым атрадам «Факел» (СШ №3 г.Чэрвеня, кіраўнік Ніна Тур), які з’яўляецца кандыдатам у сябры клуба ЮНЕСКА. Своеасаблівы іспыт у гэтым накірунку калектыву ўстановы неабходна будзе вытрымаць у перыяд правядзення рэспубліканскага семінару ў кастрычніку гэтага года.

Грамадзянска-патрыятычны накірунак у рабоце аддзела і ўстаноў адукацыі рэалізоўваўся праз падрыхтоўку і правядзенне мерапрыемстваў па святкаванню 68-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 130-годдзя з дня нараджэння Я.Купалы і Я.Коласа, рэалізацыю мерапрыемстваў, прымеркаваных да Года кнігі, гадавіны стварэння Чэрвеньскага раёна.

Немалаважная роля ў выхаванні грамадзянска-патрыятычных якасцяў вучняў належыць школьным музеям (іх 9), на базе якіх праводзяцца ўрокі мужнасці, тэматычныя інфармацыйныя гадзіны, экскурсіі. Цікавым з’яўляецца вопыт работы ў гэты накірунку наступных устаноў адукацыі: экспазіцыя «Прастора Хаіма Суціна» на базе Цэнтра дзіцячай творчасці г.п.Смілавічы, краязнаўчыя музеі на базе Хутарскай, Лядзенскай, Турэцкай, Раваніцкай школ, СШ №3 г.Чэрвеня, музейны пакой цацкі на базе дашкольнай установы №1 г.Чэрвеня, краязнаўчы музейны пакой на базе дашкольнай установы №1 г.п.Смілавічы. Добры пачатак пакладзены ў стварэнні музея хлеба на базе Запольскай школы.

У цэлым, хочацца адзначыць канструктыўнасць у падыходах адміністрацыі ўстаноў Запольскай, Лядзенскай школ, дашкольнай установы №1 г.п.Смілавічы да эфектыўнага выкарыстання плошчаў будынкаў. Так, да пачатку новага навучальнага года на базе ДУ№1 г.п.Смілавічы пачаў функцыянаваць пакой бяспечнага руху, дзе кожны выхаванец зможа прайсці навучанне правілам дарожнага руху. Музейны пакой па энергазберажэнні пачне сваю працу ў студзені-лютым на базе Лядзенскай школы. Музейны пакой спорту і турызму і музейны пакой развіцця сістэмы адукацыі Чэрвеньшчыны (пад эгідай сяброў прафсаюзнай арганізацыі работнікаў адукацыі і навукі) будуць створаны да сакавіка 2013 года  — на базе Запольскай школы і  СШ №4 г.Чэрвеня (адпаведна).

Рашэнне выхаваўчых задач магчыма толькі пры цесным узаемадзеянні сям’і і школы. У раёне працуюць бацькоўскія ўніверсітэты, сем’і запрашаюцца да ўдзелу ў арганізацыі і правядзенні выхаваўчых мерапрыемстваў, бацькоўскіх сходаў. Асноўным накірункам работы ўстаноў адукацыі з бацькамі з’яўляецца фарміраванне ў іх псіхолага-педагагічнай культуры адносінаў з дзецьмі.

У новым навучальным годзе неабходна працягнуць работу па грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню, максімальна выкарыстоўваючы патэнцыял дзіцячых і моладзевых грамадскіх аб’яднанняў, работу школьных музеяў; разнастаіць формы правядзення арганізаванага адпачынку, прадугледзець укараненне новых накірункаў гуртковай работы з мэтай прыцягнення вучняў першых і выпускных класаў, рацыянальна спланаваць правядзенне шостага школьнага дня, наладзіць дзейсныя ўзаеміны з соцыумам.

Задачы, якія стаяць перад намі, складаныя і адказныя. Кожны настаўнік, выхавальнік павінен прадугледзець, з дапамогай якіх сродкаў, метадаў і прыёмаў прывіць падлетку, маладому чалавеку пачуццё патрыятызму. Галоўныя мэты сёння — павышэнне якасці адукацыі, абнаўленне яе зместу на аснове сучасных навуковых ведаў, рост эфектыўнасці работы навучальных устаноў і кожнага педагога.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *