НАРОДНАЯ МУЗЫКА І ТАНЦЫ Ў ПОБЫЦЕ НАШЫХ ПРОДКАЎ

Общество

У канцы 19 пачатку 20 стагоддзя, як і раней, пераважную большасць насельніцтва Чэрвеньшчыны (Ігуменшчыны) складалі сяляне, якія пасля адмены прыгоннага права сталі больш адчуваць чалавечую годнасць і з’яўляліся асноўнымі выканаўцамі народнай музыкі і танцаў. Нягледзячы на гаспадарчыя клопаты і турботы, важнейшыя падзеі ў жыцці (нараджэнне дзіцяці, шлюб) сяляне адзначалі ўрачыста. Гэтак жа праводзілі святы: Каляды, Вялікдзень, Купалле, Дажынкі. Сярод сельскай моладзі былі вельмі папулярныя вечарынкі (ігрышчы). Амаль ні адна вечарына і ўпамянутае свята не абыходзіліся без народнай музыкі.

Даўней у многіх паселішчах Чэрвеньшчыны былі свае таленавітыя музыкі-самавучкі: гарманісты, цымбалісты, скрыпачы, бубяністы, балалаечнікі. Захапляліся ігрой на драўляных лыжках і трашчотках. Неабходнай прыналежнасцю вечарынак з’яўляўся старадаўні народны музычны інструмент — дуда. У прыпеўках спявалі:

“Без дудачкі, без дуды,

Ходзяць ножкі не туды,

А як дудачку пачуюць,

Самі ножкі танцуюць.”

Музыка, асабліва гарманіст, карыстаўся вялікай пашанай. Аб павазе да яго сведчаць вось гэтыя напоўненыя пяшчотай прыпеўкі:

“Рассыпся гарох,

На чатыры кучкі.

А ў нашага гарманіста

Залатыя ручкі.”

***

“Гарманіст-гарманіст,

Румяныя шчочкі,

Праз цябе, гарманіст,

Я не спала ночкі”…

Спявалі пра музыкаў і прыпеўкі гумарыстычныга, кплівага зместу, як, напрыклад, вось гэтыя:

“А музыка без языка

Каля печы трэцца:

— Дзевачкі, паненачкі,

Пусціце пагрэцца!”

***

“Гармонь новы,

Крышка сцёрта,

Гарманіст пахож

На чорта”.

Ні адны вячоркі, вяселлі і іншыя ўрачыстасці на Чэрвеньшчыне не абыходзіліся без танцаў. Тут былі свае завадзілы, якія вызначаліся артыстызмам, спрытам, прыроджанымі здольнасцямі і ўмельствам. Танцы суправаджаліся звычайна прысяданнямі, прыхлопваннямі, прытопваннямі ў такт музыкі, прыпеўкамі і песнямі, якія выконваліся хорам і ў сольным варыянце. Пры гэтым нярэдка спаборнічалі ў танцавальным майстэрстве. Народныя музыка і танцы былі для нашых продкаў своеасаблівам элексірам маладосці, які разганяў сум. У віхрах карагодаў і танцаў забываліся штодзённыя клопаты і цяжкасці жыцця. Асабліваю любоўю сярод сельскіх жыхароў Чэрвеньшчыны карысталася “Полька”. Выконвалася яна з дзівоснай вясялосцю, спрытам і часам суправаджалася прыпеўкамі. Як вось гэтай:

“Ой, ты полечка-трасуха,

Да чаго ж ты давяла:

Я апошнюю кароўку

На базары прадала”.

Полька змянялася заліхвастай “Лявоніхай” з яе жартоўнымі і задзірыстымі прыпеўкамі:

“А Лявон Лявоніху палюбіў,

Лявонісе чаравічкі купіў.

А Лявоніха дужа ласкавая,

Чаравічкамі палясківала…”

Вельмі любіла вясковая моладзь Чэрвеньшчыны танец “Сустэп” з яго напевамі:

“А чаго ж ты, лысы,

З голай галавою?

— Патаму, што дзеўкі

Аблілі вадою.

А чаму ж ты, лысы,

Без валос астаўся?

— Мяне маці біла,

А я вырываўся…”

У сялянскім асяроддзі быў у пашане народны танец “Нарэчанька”, які таксама суправаджаўся песняй. Пад час свят і народных гулянняў у нашых мясцінах танцавалі з падпяваннем народны танец “Юрачка”. Не абыходзіліся даўней вечарынкі і без заліхвастага танца “Сямёнаўна”, якую выконвалі пад азартную прыпеўку. Душа маладзела, а ногі самі пускаліся ў скокі, калі музыкі ігралі заліхвацкую “Барыню” з бадзёрым прыпевам. Шмат весялосці ўносіў танец “Яблычка”. Вялікай папулярнасцю карысталіся танцы “Мяцеліца”, “Кадрылля”, “Вальс”, “Крыжачок”, “Падыспань”, “Кракавяк”.

Народныя танцы і музыка весялілі людзей, узнімалі настрой, з’яўляліся неад’емнай і адметнай з’явай побыту нашых продкаў.

Ганна ДУЛЕБА,

ураджэнка Чэрвеньшчыны,

кандыдат гістарычных навук, этнограф



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *