НА ПРЫЗЫ ЛЕАНІДА КОРЗУНА

Спорт

На гарадскім стадыёне ў Чэрвені прайшоў другі дзіцячы турнір па футболу на прызы ганаровага грамадзяніна Чэрвеньскага раёна, першага трэнера Чэрвеньскай ДЮСШ па гэтаму віду спорту Леаніда Корзуна. Удзел у спаборніцтвах узялі тры каманды Чэрвеньскай СДЮШАР, дзве — са Смалявічаў, па адной — з Беразіно, Лагойска і Мар’інай Горкі.

Падчас урачыстага адкрыцця турніру начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама Ігар Філічонак распавёў пра Леаніда Корзуна.

Затым Ганаровую грамату райвыканкама за актыўны ўдзел у прапагандзе здаровага ладу жыцця, патрыятычнае выхаванне моладзі і з нагоды 75-гадовага юбілею нашаму шаноўнаму земляку ўручыла намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльнай сферы і ідэалогіі Ала Шахоцька.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў турніру, Леанід Корзун сказаў:

— Мінская вобласць — адна з мацнейшых у рэспубліцы па футболу. У нас ёсць салігорскі «Шахцёр», «Тарпеда-БелАЗ» (Жодзіна) і , нарэшце, барысаўскі БАТЭ, дзякуючы якому мы можам пабачыць у Беларусі лепшых футбалістаў Еўропы. Я шчыра жадаю вам добра вучыцца, настойліва трэніравацца і старацца  з цягам часу патрапіць гуляць у гэтыя каманды…

На першым этапе турніру прайшлі спаборніцтвы ў групах. Выйграўшы ўсе свае матчы, першыя месцы ў іх занялі каманды Мар’інай Горкі і Лагойска. Яны і сустрэліся ў галоўным фінале. Перамогу ў ім святкавалі мар’інагорцы.

Трэцяе месца разыгралі першыя каманды Чэрвеньскай і Смалявіцкай спартыўных школ, якія занялі другія месцы ў сваіх групах. «Бронзу» заваявалі юныя футбалісты са Смалявічаў.

Ігар АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *