МАЛАДЗЕЧНА «ЎЗЯЛІ». НАПЕРАДЗЕ — ЖОДЗІНА

Спорт

Колас» (Чэрвень) — «Забудова-2007» (Маладзечна) — 2:0.

15 верасня. Чэрвень. Гарадскі стадыён. Пераменная воблачнасць. 18 градусаў. 100 гледачоў.

«Колас»: Курыловіч, Аладка, Цэдрык, Мельцар (Канашэвіч, 69), Камісаранка, Шмаянкоў, Сасункевіч (Прытыка, 55), Ліпніцкі, Суша (Чысты, 46), Бурмістронак, Няхай.

Галы: аўтагол (75), Бурмістронак (81).

У атацы - Аляксандр Ліпніцкі

Да сярэдзіны першага тайма ініцыятывай валодалі госці. Затым чэрвеньцы яе перахапілі. У другім тайме гульня ішла на сустрэчных курсах.

У адной з атак футбалісты «Забудовы-2007» мелі рэальны шанц адкрыць лік, але, на шчасце, нашу каманду выратаваў абаронца Віталь Мельцар, які выбіў за бакавую лінію мяч, што каціўся ў пустыя вароты.

Атакі «Коласа» сталі найбольш асэнсаванымі пасля трох замен. На 75-й хвіліне Аляксандр Ліпніцкі прайшоў па праваму флангу і зрабіў мэтанакіраваную перадачу ў штрафную саперніка. Спрабуючы перахапіць яе, адзін з футбалістаў гасцей выпадкова зрэзаў мяч ва ўласныя вароты.

Аўтар гола ў вароты гасцей Алег Бурмістронак

А праз шэсць хвілін, калі пасля ўдару Дзмітрыя Чыстага мяч трапіў у стойку і вярнуўся ў поле, на дабіванні з вострага вугла бліскуча згуляў Алег Бурмістронак. 2:0 — перамога «Коласа».

Дзякуючы ёй, чэрвеньцы перамясціліся з адзінаццатага на дзесяты радок у турнірнай табліцы спаборніцтваў, пры роўнасці ачкоў апярэдзіўшы «Забудову-2007» за кошт перавагі ў сустрэчах паміж сабой.

Наступны матч чэмпіянату «Колас» правядзе ў гэтую нядзелю на выездзе з камандай «Жодзіна-2007». У ім нашы футбалісты маюць намер узяць рэванш за буйное паражэнне ў першым крузе на сваім полі — 2:7.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара

 


 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *