Маладая, актыўная і прыгожая

Молодежная политика

Яе добра ведаюць  чытачы “Равесніка”. Неаднойчы  прозвішча Яўгеніі было надрукавана на старонках газеты, ды і яна сама раз-пораз з”яўлялася аўтарам матэрыялаў. Для тых, хто з ёю незнаёмы, прадстаўляем: Яўгенія Марозава — першы сакратар Червеньскага РК БРСМ.

Пайшоў трэці год, як Жэня разам са сваім мужам і маленькім сыночкам прыехала  ў Чэрвень. З будучым мужам пазнаёмілася ў Беларускай сельскагаспадарчай Акадэміі ў г.Горкі, дзе яны  разам вучыліся. Дзяўчына скончыла факультэт Міжнародных адносін і атрымала спецыяльнасць эканаміста. Пасля заканчэння вышэйшай установы мужу прапанавалі месца галоўнага эканаміста эксперыментальнай базы «Натальеўск». Разам з ім паехала і Жэня. Маладой сям’і  пашанцавала: ім, маладым работнікам,  адразу выдзелілі кватэру ў в.Любішына. Трэба было, як кажуць,  “абжывацца”. Матэрыяльнай дапамогі вырашылі ні ў каго не прасіць, вырашаць грашовыя праблемы сваімі сіламі. Узялі крэдыт у банку для маладых спецыялістаў.  Яго хапіла, каб зрабіць добры рамонт і купіць мэблю. Цяпер яе радуе ўласны ўтульны дом, сынок, які з кожным днём становіцца ўсё больш самастойным, муж, які дорыць ёй сваю любоў і пяшчоту. А яшчэ —  работа з моладдзю, з якой  адразу склаліся самыя сяброўскія зносіны. Яна ведае амаль кожнага члена БРСМ, разумее іх праблемы, стараецца дапамагчы словам або справай. І моладзь таксама цягнецца да яе. Гэта адчувалася і па тым званкам, якія ўвесь час перарывалі нашу з ёй размову. Хтосьці прасіў парады, іншы — дапамогі або проста “адвесці душу”. І з усімі Жэня была цярплівай, разважлівай, прыязнай і ўважлівай. Ніводнай раздражняльнай ноткі ў голасе, толькі прыемная усмешка на вуснах. Вось такая, як на гэтым фотаздымку.

У Жэні шмат  ідэй па рабоце з маладымі людзьмі, шмат новых цікавых планаў. “Пакуль іх не рэалізую, на новае месца працы ўладкоўвацца не планую“, —  жартуе яна. — А далей — час пакажа”.

Кацярына ШУМКО

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *