«ЛЯСНАЯ» ПРАФЕСІЯ — АД ТАТЫ Ў СПАДЧЫНУ

Люди и судьбы

Ураджэнка Асіповіччыны, сённяшні памочнік ляснічага Іванаўскага лясніцтва Чэрвеньскага лясгаса Яўгенія Бурак аб сваёй прафесіі марыла з дзяцінства.

Па-першае, асноўную частку свайго жыцця правяла побач з лесам, дзе бавіла, бадай што, увесь свой вольны час. Па-другое, лесніком рабіў яе тата. Таму і паступіла Жэня ў Бабруйскі дзяржаўны лесатэхнічны тэхнікум, дзе набыла спецыяльнасць «тэхнік лясной гаспадаркі». Навучальную ўстанову, на радасць родным, скончыла з чырвоным дыпломам.

Падчас размеркавання выпускніцы прапанавалі тры гарады на выбар, у тым ліку і Чэрвень. Ад каляжанак, якія праходзілі практыку ў лясніцтвах нашага лясгаса, яна чула толькі захопленыя водгукі. Таму і абрала месцам працы Чэрвеньскі лясгас. І не пашкадавала! Хаця напачатку, па яе ўласным прызнанні, вельмі хацела ўладкавацца куды-небудзь бліжэй да дому, да мамы. Але зараз ужо і не хочацца. Прызвычаілася, спадабаўся калектыў, знайшла сваю сімпатыю…

Спачатку Яўгенія Бурак працавала майстрам лесу. А ўжо другі год шчыруе памочнікам ляснічага. Дарэчы, вырашыла атрымаць вышэйшую адукацыю. І зараз вучыцца ў БДТУ, каб набыць спецыяльнасць «інжынер лясной гаспадаркі».

Працы ў сённяшняга памочніка ляснічага заўсёды шмат. І папяровай, і камп’ютарнай… Ды і «жывой» таксама стае. У лесе, з людзьмі — майстрамі лесу ды леснікамі… А калі ляснічы сыходзіць у адпачынак, памочнік бярэ на сябе ўсе яго функцыі, абавязкі. Дапамагаюць ёй у гэтым не толькі веды, але і адказнасць, аптымізм, жыццялюбства, вясёлы характар.

А ўсмешка ў Жэні ну вельмі абаяльная і шчырая! У вачах загараюцца такія агеньчыкі-смяшынкі… І як тут ні ўсміхнуцца ў адказ! Але там, дзе трэба, Яўгенія Бурак можа быць і дастаткова строгай, і патрабавальнай. Зрэшты, пасада таго вымагае. І падчас адводаў у лесе (абмежавання дзялянак), і падчас вучобы падначаленых…

Увогуле, Жэня не супраць папяровай часткі працы. Але, кажа, хацелася б часцей бываць у лесе, на прыродзе, якая палюбілася з дзяцінства. А больш за ўсё ёй падабаюцца… выпадковыя сустрэчы з дзікімі жывёламі! Дзяўчына бачыла ўжо вавёрак, зайцоў, казуляў, ласёў… Аднойчы нават дзікі шлях машыне перабягалі!

Сугучнае любові да прыроды і Жэніна захапленне — вандроўкі па Беларусі. Яна пабыла ўжо ва ўсіх абласных гарадах, Брэсцкай крэпасці, Белавежскай пушчы… Летась, калі ездзіла на злёт маладых спецыялістаў, трапіла ў Нясвіжскі палац…

А яшчэ, як высветлілася, Жэня бярэ актыўны ўдзел у грамадскім жыцці Чэрвеньскага лясгаса. Напрыклад, сёлета ўдзельнічала ў раённым турыстычным злёце. Спаборнічала з іншымі ў некалькіх відах спорту і нават… у перацягванні каната!

У ліпені Яўгенія Бурак у складзе каманды Чэрвеньскага лясгаса ездзіла на летнюю спартакіяду работнікаў лясгасаў Мінскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання. Там яна ўдзельнічала ў шматбор’і «Здароўе». Чэрвеньскія спартсмены-шматборцы заваявалі другое агульнакаманднае месца.

Сапраўды, памочнік ляснічага Іванаўскага лясніцтва Яўгенія Бурак — актывістка, спартсменка і проста прыгажуня!

Святлана АДАМОВІЧ. Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *