ХТО НЕ БАЧЫЎ, НЯХАЙ ЗАЙЗДРОСЦІЦЬ…

Спорт

Футбол. Чэмпіянат Мінскай вобласці.

1 ліга. 18 тур.

«Колас» (Чэрвень) — «Іслач-2» (Мінскі раён) — 3:2.

1 верасня. Чэрвень. Гарадскі стадыён. Пераменная воблачнасць. 20 градусаў. 200 гледачоў.

«Колас»: Курыловіч, Цэдрык, Аладка, Прытыка, Канашэвіч, Суша (Канцур, 46), Шалабнёў, Ліпніцкі, Сасункевіч (Яблонскі, 46), Хасяневіч, Няхай.

Галы ў «Коласа» — Яблонскі (72 — з пенальці, 78 — з пенальці), Шалабнёў (77).

Папярэднія тры туры склаліся для чэрвеньцаў надзвычай няўдала. Наша каманда пацярпела паражэнні з аднолькавым лікам — 1:3 — ад стаўбцоўскага «Нёмана-Агра» (на выездзе), мар’інагорскай «Зоркі-ЖКГ» (дома) і «Старых Дарог» (на выездзе). Ці скончыцца, нарэшце, для «Коласа» «чорная паласа»?  Адказ на гэтае пытанне павінна была даць справаздачная гульня.

Перадматчавы расклад быў не на карысць чэрвеньцаў: па розных прычынах не здолелі прыняць удзел у сустрэчы адразу некалькі ігракоў асновы — Антон Масько, Віталь Мельцар, Антон Галай, Яўген Камісаранка, Сяргей Качановіч. Праўда, сутыкнуліся з кадравай праблемай і госці: у іх не аказалася футбалістаў для замены.

Тым не менш, менавіта «Іслач-2» выглядала ў першым тайме гульні фаварытам. Прысталічныя ігракі адкрылі лік ужо на 4-й хвіліне матча, а на 29-й — павялічылі яго…

Сітуацыя для «Коласа» здавалася безнадзейнай, але зробленыя ў перапынку замены дапамаглі нашай камандзе годна выйсці з яе. Са з’яўленнем на полі Сяргея Канцура і Яўгена Яблонскага малюнак матча змяніўся карэнным чынам. Дакладныя навясныя перадачы Сяргея на Яўгена раз-пораз напружвалі абаронцаў гасцей. Да атак «Коласа» таксама пачалі актыўна падключацца Максім Шалабнёў і Аляксандр Няхай. Словам, у штрафной пляцоўцы «Іслачы-2» стала горача. У абаронцаў гасцей заставаліся два варыянты: або парушаць правілы супраць нашых нападаючых і атакуючых паўабаронцаў, або даваць ім біць па варотах. І абодва былі выкарыстаны.

Спачатку на газон у штрафной «паклалі» Максіма Шалабнёва, і прызначаны ў вароты прысталічных футбалістаў пенальці рэалізаваў Яўген Яблонскі (на здымку). Потым Максім Шалабнёў параўнаў лік, дакладна прыняўшы перадачу з левага флангу. А наступная атака «Коласа» зноў скончылася прызначэннем 11-метровага: госці з парушэннем правілаў спынілі ў штрафной пляцоўцы Яўгена Яблонскага. Апошні паўтарыў удар з «кропкі» «на біс» і вывеў чэрвеньцаў наперад — 3:2. Адметна, што ўсе тры ўзяцці варот сапернікаў адбыліся на працягу шасці хвілін.

У канцоўцы матча нашым футбалістам давялося пераважна абараняцца. І яны выстаялі, захаваўшы пераможны лік, узяўшы рэванш за гасцявое паражэнне ад «Іслачы-2» у першым туры (0:2) і падараваўшы сапраўднае свята сваім балельшчыкам. А хто не бачыў гэтай надзвычай захапляльнай гульні, няхай зайздросціць!

У гэтую суботу «Колас» сустрэнецца ў Барысаве з мясцовай «ДЮСШ-2».

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара

Вынікі астатніх гульняў 18 тура:

«Аграсервіс» (Слуцк) — «Зорка-ЖКГ» (Мар’іна Горка) — 1:0, «Вілія» (Вілейка) — «ДЮСШ-2″(Барысаў) — 4:2, «Лівадыя-Юні» (Дзяржынск) — «Клецк»- 4:2, «Нёман-Агра» (Стоўбцы) — «Старыя Дарогі» — 5:3, «Забудова-2007» (Маладзечна) — «БСЗ» (Беразіно) — 3:2.

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *