ГОСЦІ ПАЕХАЛІ — УРАЖАННІ ЗАСТАЛІСЯ…

Общество

Нам хочацца падзяліцца ўражаннямі аб сустрэчы з творчымі людзьмі, якія завіталі ў школу па запрашэнні настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Валянціны Уладзіміраўны Сценько. Спявачка Беларускай дзяржаўнай філармоніі Таццяна Грыневіч-Матафонава і паэт Міхась Скобла цікава і змястоўна ў песенна-паэтычнай форме распавялі вучням школы пра нашу Радзіму, пра славутых пісьменнікаў-юбіляраў, пра тое, што дае нам гонар звацца беларусамі. Праз музыку і песні мы спасцігалі мінулае і сённяшняе, прымалі ўдзел у конкурсах і паэтычных віктарынах. І мелі падарункі ад гасцей за правільныя адказы. Твары прысутных свяціліся радасцю і ўсмешкамі. Мы ўсе былі ў адной камандзе, усе сталі пераможцамі, бо судакрануліся з прыгожым, размаўлялі на роднай мове, папаўнялі скарбы сваіх душ, уздымаліся на вышыні Паэзіі і Музыкі.

Такія сустрэчы патрэбны сённяшнім падлеткам. Яны даюць веды, абуджаюць пачуцці, робяць уплыў на свядомасць. Нам ёсць чым ганарыцца, да чаго імкнуцца, што памятаць і шанаваць. Жывыя людзі пішуць гісторыю, будуюць штодзённасць, ствараюць будучыню. А роднае слова яднае нас і робіць неўміручымі…

Госці паехалі, уражанні засталіся… Дзякуй за сустрэчу, за хвіліны Творчасці і Адкрыцця!

 

Валянціна СЦЕНЬКО,

настаўніца беларускай і рускай мовы і літаратуры,

Ганна СВІРЫДОВІЧ,

вучаніца 8 класа СШ №3 г.Чэрвеня

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *