«ЦІКАЎЛЮСЯ НАВІНКАМІ, ПЕРАЧЫТВАЮ КЛАСІКУ…»

Общество

Мікола БАРБУК,

дырэктар Грабёнскай школы:

«ЦІКАЎЛЮСЯ НАВІНКАМІ, ПЕРАЧЫТВАЮ КЛАСІКУ…»

Кніга суправаджае мяне ўсё свядомае жыццё. Пачыналася ж знаёмства з ёю з «Буквара» ў першым класе. Добра памятаю сваю першую настаўніцу Зінаіду Сяргееўну Лысую, якая прывіла любоў да роднага слова, да чытання. У сярэдніх і старэйшых класах любоў да роднай літаратуры перадавала  Вера Сямёнаўна Бараноўская. Я ўдзячны ёй і ўсім сваім настаўнікам Кліноцкай школы, асабліва — выкладчыцы рускай мовы і літаратуры Ніне Іванаўне Адамовіч, якая таксама паўплывала на тое, каб кніга зрабілася маёй вернай спадарожніцай у жыцці.

У 1969-ым годзе я стаў студэнтам філалагічнага факультэта БДУ імя У.І.Леніна. Там, апрача паглыбленага вывучэння роднай літаратуры, мы знаёміліся са старажытнай беларускай, рускай, замежнай, сучаснай, літаратурай народаў СССР — украінскай, эстонскай, латышскай і г.д. Многіх выкладчыкаў ужо няма, але ў памяці засталіся іх перакананні ў тым, што кніга для нас — гэта ўсё…

І вось ужо 39-ы навучальны год я сустракаю ў Грабёнскай школе, якая стала сэнсам майго жыцця, якая вывела мяне на шырокі прастор, на жыццёвы абсяг. Я з першага года сваёй працы тут усвядоміў, што павінен перадаваць любоў да кнігі, якую прывілі мне ў Кліноцкай школе, у БДУ, сваім вучням. Вельмі рады, што каля дзясятка маіх выпускнікоў звязалі лёс з прапагандай кнігі. Гэта і выкладчыкі беларускай мовы і літаратуры, і дзіцячыя журналісты… Для іх таксама кніга стала сэнсам жыцця.

Я заўсёды цікавіўся і цікаўлюся навінкамі літаратуры. Шкадую, што апошнім часам на старонках кніг усё часцей выводзяцца адмоўныя бакі нашага жыцця.

А чалавечыя адносіны, чыстае, светлае каханне, любоў да роднай краіны быццам адыходзяць на другі план. Але гэта, мабыць, дыктуе час…

Мы стараемся прывіць сваім выхаванцам любоў да кнігі, і вось якім шляхам. Штогод Грабёнскую школу па запрашэнні наведваюць шматлікія літаратары — пісьменнікі, паэты, якія з’яўляюцца прапагандыстамі нашай роднай мовы і літаратуры. Вось і сёлета першага верасня яны прыехалі да нас. Урок «Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь» прайшоў, як заўсёды, цікава, пазнавальна, запамінальна, на высокім узроўні. Сапраўдныя майстры слова пастараліся данесці ў сваіх выступленнях любоў да роднай краіны, роднай мовы і роднай кнігі.

Што ж датычыцца маёй любімай літаратуры, то сваёй настольнай кнігай я лічу «Палескую хроніку» Івана Мележа. Вельмі часта яе перачытваю — і штораз знаходжу штосьці новае.

З дзіцячых пісьменнікаў мне вельмі блізкая Алена Сямёнаўна Васілевіч. Я асабіста знаёмы з ёю, яе сямейнікамі. Яе сын Валодзя — мой лепшы сябар. Таксама даволі часта пераглядаю яе кнігі. У адным з апавяданняў мы з Валодзем нават сталі яго героямі. Памятаю, што калі былі студэнтамі, дык ездзілі на бульбу ў саўгас «Ляды». Жылі на тэрыторыі Чэрвеньшчыны ў невялікай вёсачцы. І вось там з намі здарыліся прыгоды, якія апісаны ў апавяданні.

Люблю чытаць вершы Ніла Гілевіча. І, канешне, надзвычай блізкая мне тэма Вялікай Айчыннай вайны ў творчасці Васіля Быкава. Гэта — наша класіка, наш нацыянальны гонар…

Фота Святланы АДАМОВІЧ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *